Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька: у Вільні моцна гучала беларуская тэма


Ганна Соўсь, Менск Беларускія ўдзельнікі высока ацэньваюць вынікі Віленскай канфэрэнцыі з удзелам прэзыдэнтаў дзевяці краінаў чарнаморска-балтыйскага рэгіёну й прадстаўнікоў высокага рангу з 20 краінаў сьвету, у часе якой беларускае пытаньне было адным з найгалоўных.

Адзін з удзельнікаў Віленскай канфэрэнцыі лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, падсумоўваючы яе вынікі, адзначае надзвычайную цікаўнасьць усіх удзельнікаў форуму да беларускага пытаньня.

(Лябедзька: ) “Гэты форум адрозьніваецца ад папярэдніх моцным гучаньнем беларускай тэмы. Практычна кожны выступоўца закранаў тэму Беларусі. І былі ня нейкія банальныя дзяжурныя словы. Адчувалася жаданьне міжнароднай супольнасьці й нашых бліжэйшых суседзяў бачыць у геаграфічным цэнтры Эўропы ня нейкую “чорную дзірку”, а эўрапейскі народ, які інтэгруецца ў эўрапейскую эканамічную й палітычную прастору. У кулюарах была таксама праца — сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, з прэзыдэнтамі. І ўжо размовы былі скіраваны ў практычнае рэчышча: якім чынам вырашаць беларускую праблему”.

Беларусь на форуме кіраўнікоў дзяржаваў разам з Анатолем Лябедзькам прадстаўлялі жонкі Аляксандра Казуліна й Аляксандра Мілінкевіча Ірына Казуліна й Іна Кулей, а таксама лідэрка грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем” Ірына Красоўская. Яны паінфармавалі ўдзельнікаў форуму аб сытуацыі ў Беларусі, і мелі шэраг сустрэчаў — зь віцэ-прэзыдэнтам ЗША Рычардам Чэйні, прэзыдэнтамі Ўкраіны, Літвы, Польшчы й Грузіі, кіраўніком замежнай палітыкі Эўразьвязу Хаўерам Салянам. Дарэчы, апошні ў сваім выступе на форуме чарговы раз запатрабаваў вызваленьня Аляксандра Казуліна й Аляксандра Мілінкевіча ды іншых палітычных вязьняў у Беларусі. Такія ж заклікі гучалі практычна ва ўсіх прамовах удзельнікаў форуму. Гаворыць жонка Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей.

(Кулей: ) “Для нас гэта вялікі плюс, што міжнародная супольнасьць ня проста зьвяртае ўвагу на Беларусь. Бо самае галоўнае прагучала менавіта ў словах Дзіка Чэйні, які сказаў: наўпроставая падтрымка й актыўная дыпляматыя. І большасьць краінаў, што прысутнічалі на форуме, прытрымліваецца якраз такой пазыцыі. Падсумаваньне, з аднаго боку, вельмі аптымістычнае. З другога боку, гэта наша адказнасьць: наколькі мы выкарыстаем ужо не аванс нават, а працягнутую партнэрскую руку”.

Адзін з арганізатараў візыту віцэ-прэзыдэнта ЗША Рычарда Чэйні былы амбасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас адзначыў для Радыё Свабода важнасьць далучэньня Беларусі да эўрапейскіх каштоўнасьцяў.

(Паслаўскас: ) “Мы хочам і мы зацікаўлены, каб пашыралася гэтае аб’яднаньне на глебе каштоўнасьцяў. Пашыралася й на тыя краіны, дзе яшчэ, з розных прычын, крыху іншая сытуацыя. Але вельмі цешыць, што з гэтых краінаў, дзе такая сытуацыя, былі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, моладзі”.

Усяго на працягу чатырох дзён Віленскай канфэрэнцыі, у розных ейных сэсіях, узялі ўдзел больш за паўсотні прадстаўнікоў Беларусі. На форуме моладзі выступалі актывісты і ўдзельнікі намётавага гарадку на Кастрычніцкай плошчы, у форуме NGO — прадстаўнікі беларускіх недзяржаўных арганізацый і ў форуме інтэлектуалаў — вядомыя дзеячы культуры, пісьменьнікі, журналісты, палітолягі.

На Віленскай канфэрэнцыі “Агульнае бачаньне дзеля агульнага суседзтва” было абвешчана аб стварэньні Эўрапейскага дэмакратычнага фонду. Краіны-ўдзельніцы форуму выступілі за працяг дапамогі недзяржаўным арганізацыям і грамадзянскай супольнасьці дзеля таго, каб замацаваць і падтрымліваць дэмакратыю й дэмакратычныя каштоўнасьці ў рэгіёне.

Гл.таксама • Віцэ-прэзыдэнт ЗША Д.Чэйні: "У Эўропе няма месца для рэжыму кшталту таго, што існуе ў Беларусі" • Саміт у Вільні завяршыўся стварэньнем Эўрапейскага дэмакратычнага фонду • Віцэ-прэзыдэнту ЗША падаравалі кубак з Акрэсьціна
XS
SM
MD
LG