Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Квяткоўская: “Лепш жыць нясыта, але вольна...”


Радыё Свабода Радыё Свабода працягвае расказваць пра прыхільнікаў пераменаў, якія падчас нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў пацярпелі за падтрымку апазыцыйных кандыдатаў і ўдзел у акцыях пратэсту. Марына Квяткоўская – інжынэр-фізык, даўняя аматарка турызму. Актывістка штабу Мілінкевіча, незалежная назіральніца за выбарамі, яна атрымала 10 сутак арышту – суд не ўлічыў нават сур’ёзнага захворваньня вачэй, якое яна якраз лекавала на момант затрыманьня.

Марына кажа, што на плошчу 19 сакавіка ногі прывялі яе самі.

(Квяткоўская: ) “Я працавала ў інцыятыўнай групе Мілінкевіча. Потым я была назіральніцай за выбарамі на 28 участку. А потым... Потым ногі мяне самі прывялі на плошчу. І жыцьцё, папросту больш невыноснае ў нашае краіне.”

Наступным днём яна зь сябрамі вырашыла прывезьці намёты ў лягер, дамовілася з прыватным кіроўцам. Але ўсе подступы да плошчы кантраляваліся, машыну спынілі.

(Квяткоўская: ) “Яны папрасілі выйсьці з машыны і адчыніць багажнік. Кіроўца пачаў спрачацца – маўляў, вы ж не ДАІшнікі, вы ня маеце права ад нас гэта патрабаваць. Тады адзін з СОБРаўцаў проста пачаў яго біць. Я паспрабавала яго спыніць, казала: ён не вінаваты ні ў чым, чаму вы яго б’еце?”

На Акрэсьціна пасьля допыту Марыну амаль што адпусьцілі, але выгляд ейнага пашпарту перашкодзіў ёй выратавацца ад кратаў.

(Квяткоўская: ) “Заставалася літаральна 20 крокаў да свабоды... І тут на нашым шляху трапіўся нейкі палкоўнік. Ён кажа міліцыянту: “А куды гэта ты яе вядзеш?” Той адказвае – маўляў, яе адпускаюць, заўтра а трэцяй гадзіне ёй на Арлоўскую ў суд. Палкоўнік бярэ мой пашпарт, глядзіць... А там візы... Гэта так уразіла яго, ён у твары ажно зьмяніўся і кажа: “Не!!! Прытрымайце яе!!!”

Тое ж хваляваньне ад колькасьці візаў у пашпарце адчуў судзьдзя...

(Квяткоўская: ) “А што гэта ў вас, Марына Ўладзіміраўна, замежнымі візамі ўвесь пашпарт забіты???” Я казала – займаюся турызам, наведваю турыстычныя фэсты... Што пра мяне можна дазнацца ў любым турыстычным клюбе... Бо маё імя вядомае ў турыстычных клюбах... Ён так ухмыльнуўся... Маўляў, няма чаго рабіць...”

Ля Акрэсьціна, сярод ночы, калі Марына вызвалілася, яе чакалі супрацоўнікі лябараторыі, дзе яна працуе. А вось блізкая сяброўка Натальля Лобус няпэўная, што Марыне варта было, як кажуць, умешвацца ў палітыку.

(Лобус: ) “Вельмі мэтанакіраваная, упартая. Гэта мая самая лепшая сяброўка... Я ў яе сумленнасьці, шчырасьці, чысьціні чалавечай сто пяцьдзясят разоў упэўнівалася... Але ж вось тое, што яна ўмяшалася ў тую палітыку... Ня ведаю... Я ні “за”, ні “супраць” – ейная справа. Але ўсё ж, падаецца мне, ня варта было...

Марына Квяткоўская упэўнена, што захады дэманстрантаў на беларускім Майдане – гэта парасткі, якія будуць мець вялікі ураджай.

(Квяткоўская: ) “Не, ня марная была плошча. Ўвесь сьвет дазнаўся пра нас: што ёсьць Беларусь, што ў ёй жывуць людзі, якія жадаюць жыць лепей, жадаюць патрапіць у Эўразьвяз, якія здольныя змагацца за гэта. Як кажуць сябры-украінцы, “лепей жыць у вольнай, але нясытай Украіне, чым у гэбэшнай Беларусі.”
XS
SM
MD
LG