Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні забаранілі публічную акцыю інвалідаў


Радыё Свабода Сёньня – Міжнародны дзень абароны правоў інвалідаў. У Беларусі, аднак, ня будзе афіцыйных мерапрыемстваў, а некаторыя грамадзкія ініцыятывы ўвогуле патрапілі пад забарону.

У Горадні сёлета створаная мясцовая суполка Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў. У Міжнародны дзень абароны правоў інвалідаў плянавалася правесьці першую вулічную акцыю. Але, як паведаміў Радыё Свабода заяўнік Антон Сьвёкла, Гарадзенскі гарвыканкам забараніў мерапрыемства.

(Сьвёкла: ) “Чыста па фармальных абставінах адмовілі. Я быў у спадара Антоненкі – мэра гораду. Правесьці якое-небудзь мерапрыемства, збор у памяшканьнях, дзе жывуць калясачнікі, немагчыма. Зьвярталіся дзеля таго, каб людзей гэтых пабачылі на вуліцы. У Гародні ня ведаюць, што ёсьць інваліды-калясачнікі”.

Са словаў Антона Сьвёклы, у абласным цэнтры не выконваецца дзяржаўная праграма “Навакольле без бар’ераў”, паводле якой вакзалы, крамы, аптэкі й іншыя ўстановы павінны быць абсталяваныя нахільнымі дарожкамі для ўезду інвалідаў на сваіх вазках. Так званых пандусаў ў Горадні ня мае нават будынак цэнтру сацыяльных паслугаў. Гутарым з урачом Юліяй Ісакавай.

(Ісакава: ) “Яшчэ году няма, як мы засяліліся. Гэта адбылося ў верасьні 2005 году”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму цудоўны будынак не абсталяваны пандусамі?”.

(Ісакава: ) “Гэта ўсё будзе рабіцца, мы пра гэта размаўлялі. Мы, справа ў тым, што...”.

Сёньня дзяржаўныя органы ня маюць інфармацыі ні пра колькасьць інвалідаў-калясачнікаў, ні пра іхняе працаўладкаваньне, ні аб працягласьці жыцьця. Са слоў старшыні Беларускай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Сяргея Драздоўскага, арганізаваныя пакуль 700 чалавек. “Многія зь іх сёньня прымуць удзел у акцыі салідарнасьці ў Менску на плошчы Бангалор”, – паведамляе суразмоўца.

(Драздоўскі: ) “ Мы вылучаем самыя праблемныя пытаньні: атрыманьне й прыстасаваньне жыльля для інвалідаў-калясачнікаў, забесьпячэньне мэдычнага й санаторна-курортнага лекаваньня. І вельмі востра стаяць пытаньні працаўладкаваньня. А ўвогуле, дзе не крані – усе напрамкі нашага жыцьця зьвязаныя зь вялікімі праблемамі, і на сёньня яны не вырашаюцца. Таму інваліды-калясачнікі, як самая сацыяльна неабароненая частка грамадзтва, мусяць заявіць пра грамадзянскую пазыцыю”.

Старшыня Беларускай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Сяргей Драздоўскі паведаміў Радыё Свабода, што акцыя на плошчы Бангалор адбудзецца сёньня ад 11 да 15-й гадзіны. Паводле ўліку Міністэрства працы й сацыяльнай абароны, у Беларусі цяпер амаль паўмільёна інвалідаў. Экспэрты называюць гэта вынікам нізкага ўзроўню аховы працы, малаэфэктыўнай сыстэмы аховы здароўя, а таксама беднасьці й дрэннай экалёгіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG