Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет бясьпекі выкрывае чарговую змову


Радыё Свабода Савет бясьпекі правярае інфармацыю аб мэтах стварэньня на сродкі Захаду ў Беларусі грамадзка-палітычнага руху. Пра гэта ў чацьвер заявіў намесьнік дзяржаўнага сакратара Савета бясьпекі Юрый Крывашэеў, які выступіў на першым інфармацыйным форуме “СМІ супраць выклікаў і пагрозаў ХХІ стагодзьдзя”. Чым чарговым разам напалоханыя афіцыйныя ўлады?

У многіх выступах на форуме гучалі вельмі трывожныя ноты: "вайна", "тэрарызм", "змова", "рэвалюцыя". Галоўны рэдактар "Советской Белоруссии" Павал Якубовіч сказаў, што "супраць Беларусі вядзецца сапраўдная інфармацыйная вайна", памочнік міністра абароны па ідэалягічнай працы Аляксандар Гура сьцьвярджаў, што "Беларусь стала першай дзяржавай Эўропы, дзе цалкам праваліліся ўсе тэхналёгіі інфармацыйнай вайны". А намесьнік дзяржсакратара Савету бясьпекі Юрый Крывашэеў прызнаўся: “Мы ведаем, што ў Беларусі плянуецца стварыць грамадзка-палітычны рух, функцыянэры якога будуць атрымоўваць 1200 – 1500 эўра штомесяц”.

Былы супрацоўнік службы зьнешняй контрвыведкі Валеры Костка не зьдзівіўся, што спэцслужбы зноў загаварылі пра грошы на чарговую рэвалюцыю. Ён перакананы: тым самым улады прызнаюць, што ў грамадзтве ёсьць шмат незадаволеных, і далёка ня 83% прагаласавалі за цяперашнюю "стабільнасьць". Таму і занепакоеныя.

(Костка: ) “Магчыма, нейкія грошы і ёсьць. І ўвогуле, гэта нармальная зьява ў грамадзтве, што на праваабарончыя арганізацыі выдаткоўваюцца грошы, UNESCO, на праграмы ААН, праграмы TACIS... А тое, што яны кажуць, што хтосьці будзе зарабляць 1200 эўра, то я заўсёды стаўлюся вельмі асьцярожна да таго, што кажа наша прапаганда. Гэта заўсёды на 50% хлусьні як мінімум. Я лічу, што рэвалюцыя павінна адбывацца ўнутранымі сіламі. Рэвалюцыя ў першую чаргу адбываецца ў мазгах людзей”.

Намесьніка дзяржсакратара Савета бясьпекі Юрыя Крывашэева непакояць грошы, на якія гэты рух будзе існаваць. Ён папярэдзіў, што “будзе ўдакладняцца, адкуль паступяць грошы, зь якой мэтай... Крыніцы паступленьня сумаў павінны быць дакладна прааналізаваныя, а таксама дадзеная прававая ацэнка сытуацыі: хто, якім чынам, зь якіх сродкаў аплачваецца гэты праект і галоўнае – дзеля якіх мэтаў ён плянуецца”.

Намесьнік старшыні Аб''яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі спачатку скэптычна выказаўся пра БТ, якое сьцьвярджала, што на Кастрычніцкім пляцы пратэстоўцы атрымлівалі ці то па 20, ці то ўвогуле па 500 даляраў. Што да чарговага нібыта фінансаваньня апазыцыі, спадар Дабравольскі пракамэнтаваў гэта так.

(Дабравольскі: ) “Наконт прафэсійнага ўзроўню. Калі адзін з кіраўнікоў Савета бясьпекі гаворыць такія рэчы, якія проста неверагодныя, абвінавачвае апазыцыю ў такіх рэчах, ну проста сьмешна становіцца. Пра гэтыя грошы – яны ўжо надакучылі ўсім людзям. Гэта ж фантастычныя грошы, з дапамогай якіх можна вырашыць усе праблемы без усялякіх майданаў. Людзі, якія распаўсюджваюць такія плёткі, ужо ня могуць аналізаваць рэальнасьць. Яны кажуць глупства. Каб гэтыя грошы былі, у нас даўно была б ужо іншая ўлада. Вось адзіны просты адказ”.
XS
SM
MD
LG