Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – агляд беларускага Інтэрнэту 4 траўня


Юлія Шарова, Менск “Начная аБЛОГа” — сёньняшнія весткі зь беларускага сеціва.

На форумах TUT.by ідзе абмеркаваньне тэмы “Ірына Казуліна робіцца новым лідэрам краіны”. Карыстальнік ferdinando45 прапануе аб’ядноўвацца вакол яе. “Моцна зьдзівіла мяне Ірына Казуліна: як лёгка яна прыцягвае людзей, колькі ў ёй энэргіі ды імпэту! Я пераканаўся, наколькі яны з мужам падобныя. І ўявіў сабе, як файна яны дапаўнялі б адзін аднаго ў палітычным жыцьці краіны, калі б Аляксандар Казулін стаў прэзыдэнтам Беларусі! Бо беларускі народ так стаміўся ад адной-адзінай вусатай фізыяноміі на тэлеэкране…”

Блогер lipkovich зьмясьціў у сваім дзёньніку навіну: “Рэпартэры бяз межаў” выставілі ў Парыжы 37 партрэтаў “драпежнікаў” – лідэраў дзяржаваў, уключаных у сьпісах ворагаў свабоды прэсы”. Ёсьць там і партрэт Лукашэнкі. Карыстальнікі, сярод якіх ня толькі беларусы, камэнтуюць навіну: “Сашачка ваш – мэгабізон! Руліць! У нас тут шмат хто хоча бацьку вашага ў нашыя прэзыдэнты. Вось толькі ня трэба мне адказваць – “забірайце”! – піша карыстальнік silkasoft з Расеі. “…маштаб у Сашачкі ня той, што быў у дзядулі Язэпа… вось дзядуля Язэп – сіла… склеіў усё так, што дагэтуль яшчэ трымаецца”, – заўважае ўкраінец karmoy.

“Менш, чым за паўгода згарэў ад вострага лейкозу знаёмы бацькоў… – піша чалец ЖЖ-кам’юніці minsk_by, карыстальнік miafk. – Само задалося пытаньне: "Чарнобылец?". Ня быў нечаканым адказ: "Лiквiдатар." Мы ўшаноўваем памяць тых, хто перамог у Вялiкай Айчыннай. Але цi меншым быў подзьвiг тых, хто ратаваў зямлю ад "мiрнага атаму"? У гады вайны загiнуў кожны чацверты беларус. А колькi нас засталося б, калi б не закрылi ў 1986 людзей сабою, сваiм здароўем i жыццем "лiквiдатары"? Мажлiва, усе папярэднiя войны паказалiся б дзiцячай забаўлянкай, дый не толькi нам, але i ўсяму свету”.

5 траўня спяўняецца год зь дня сьмерці Анатоля Сыса. Напярэдадні зьявіўся сайт, прысьвечаны творчасьці паэта. Аўтар праэкту – Сяргей Шупа. На літаратурным форуме Litara.net пад нікам ancalot ён Сяргей піша: “Неяк усе гэтыя гады адчувалася, што я заўсёды быў да Сыса несправядлівы. Пасьля ўсё неяк хацелася выправіць гэтую сытуацыю, ды ніяк не выходзіла. Аж пакуль не было запозна. Вось цяпер хоць так”. Адрас сайту sys.knihi.com.

У інтэрнэт-дзёньніку bielarusaczka’i разгарнулася дыскусія, чаму ў Беларусі паболее маці-адзіночак. ЖЖ-юзэр zajakot (леташні ўладальнік прэміі “Тытанік байнэту”) выкладае сваё бачаньне праблемы: “Ды тут насамрэч прычына простая як банан. "Маткам-адзіночкам" дзярждапамога на дзіцятка да 3 год удвая большая за дапамогу нармальным маці. Нармальным тысяч сто, адзіночкам больш за 200 – гэта дадаткова 1 800 даляраў за тры гады. Дзяржава фактычна стымулюе рост колькасьці банкартаў. Нашто? Відаць, каб зь іхнага асяродзьдзя, бы з гарніла, выходзіла болей нацыянальных лідэраў”.

Рraletar у сваім ЖЖ-блогу піша: “сёньня падчас рэдагаваньня аднаго файла выпадкова пераключыўся на расейскую і ў выніку замест "моўная" напісалася мощная. Моц нашае мовы адчувае нат’ "вялікі і магучы".

Нікнейм Luft, вядомы аматар каляжаў і неправеранай інфармацыі, у ЖЖ-кам’юніці minsk_by распускае чуткі: “Мілінкевіч набывае “Советскую Белоруссию”. Паводле luft’а, газэта неўзабаве стане закрытым акцыянэрным таварыствам, кантрольны пакет акцыяў якога будзе належаць экс-кандыдату на прэзыдэнта. Luft нават падае цытату з інтэрвію з рэдактарам “Советской Белоруссии” Паўлам Якубовічам. Той тлумачыць сытуацыю: “…цяпер нашае выданьне перажывае няпростыя часы. У перадвыбарчы пэрыяд мы былі вымушаныя выдавацца пашыранымі накладамі, што, несумненна, нанесла шкоду нашаму фінансаваму дабрабыту. Было выдадзена некалькі партыяў нашай газэты з накладам каля мільёну асобнікаў, што прымусіла нам практычна цалкам спустошыць фонды…”

А ЖЖ-аўтар uri_ піша эсэ пра Радаўніцу: “Мёртвых сваякоў, якіх ніколі ня бачыў, заўсёды было лёгка ўяўляць. Яны асацыяваліся з формай помнікаў на могілках, з чорна-белымі фотаздымкамі, зь вясной і позьняй восеньню, блін. Я лёгка ўяўляў іх, як на Радаўніцу яны выходзяць з магілаў. Не шкілеты, ня сінія чалавечкі. Яны сьвяціліся прыгожым залацістым сьвятлом і тусаваліся толькі ў межах агароджаў. Тых мерцьвяроў, якіх ведаў, уявіць такімі цяжка. Толькі празь некаторы час яны пачынаюць сьвяціцца гэткім вось залацістым сьвятлом”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG