Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Тамаш Грыб


Уладзімер Арлоў, Менск 19.3.1895, в.Паляны (цяпер Астравецкі раён) – 25.1.1938, Прага

Адзін зь ягоных біёграфаў назваў Тамаша Грыба рыцарам беларускай свабоды. І сапраўды Тамаш ня проста шчасьліва адчуў яе жыцьцядайны подых, але быў сярод тых, хто закладаў шлях Беларусі ў будучыню.

Дэлегат Першага Ўсебеларускага зьезду, на які прыяжджае з фронту. Народны сакратар земляробства ў першым беларускім урадзе – Сакратарыяце БНР. Выдавец віленскай газэты “Грамадзянін”, на старонках якой змагаўся супраць манапалізацыі сацыялістычнай ідэі адной партыяй. Стваральнік Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. Вязень польскіх турмаў...

У 1922-м ён зьявіўся на вуліцах Златай Прагі – прыехаў вучыцца, яшчэ не здагадваючыся, што тут яму наканавана застацца да канца сваіх дзён.

У Карлавым унівэрсытэце, дзе беларусы здабывалі асьвету яшчэ з часоў Сярэднявечча, Грыб абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму “Пытаньне народу і нацыі” і стаў у эміграцыйным асяродзьдзі адным зь лідэраў. Адрозна ад шмат каго з нацыянальных дзеячаў ён пасьлядоўна выступаў супроць вяртаньня ў БССР, дзе ўсе вяртанцы чамусьці хутка зьнікалі. “Пакіньце займацца дурніцай”, – ляпідарна адказаў ён на запрашэньне ўзяць у 1926 годзе ўдзел у ладжанай Інбелкультам у Менску акадэмічнай канфэрэнцыі, адкуль, да прыкладу, ужо ня здолеў купіць білет дадому ў Вільню Францішак Аляхновіч.

У апошнія гады свайго кароткага жыцьця Тамаш зблізіўся зь лідэрам расейскіх эсэраў Віктарам Чарновым. Легендарны рэвалюцыянэр прызнаваўся, што менавіта беларус Грыб дапамог яму асэнсаваць ці не найістотнейшую памылку ўсяго расейскага эсэраўскага руху – няздольнасьць убачыць іншыя народы імпэрыі.

Там, у Празе, Тамаш Грыб пісаў: “Я або прыеду ў Менск як вольны грамадзянін, або застануся на ўсё жыцьцё сваё эмігрантам. Можа быць, хто-небудзь найдзе мае каштоўныя рукапісы... Працую для будучых пакаленьняў...”

Аднаго з братоў маёй мамы звалі Тамаш. Можа, калі-небудзь так назавуць майго ўнука – прадстаўніка тых самых будучых пакаленьняў, пра якія марыў Грыб.
XS
SM
MD
LG