Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Вось на першамайскую дэманстрацыю пайшлі з лёзунгамі супраць кантрактнай сыстэмы. Правільна! Вось гэта эканамічнае патрабаваньне!"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за чацьвер, 4 траўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Вам патэлефанавала адна спадарыня зь Віцебску, нават адрас не пабаялася ўказаць. Гэта яўная лукашыстка. Яна сказала, што будзе галасаваць за Лукашэнку ўсё жыцьцё. Напэўна, ёй ёсьць за што галасаваць. Мусіць, яе заробак ці пэнсія мільён рублёў. За такую пэнсію, канечне, яна гатова пяткі яму цалаваць. А хай яна зірне з вакна, як іншыя пэнсіянэры калупаюцца ў кантэйнэрах для сьмецьця з надзеяй знайсьці якую-небудзь ежу ці пустую бутэльку, каб потым аднесьці яе ў прыёмны пункт. Хай гэта спадарыня патлумачыць, як можна пражыць на пэнсію 200 тысяч рублёў, калі адна квартплата каштуе амаль столькі ж”.

(Пэнсіянэр, Гомель: ) “Слухаю вашае радыё больш за 50 год. Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт апазыцыі. Абласныя ячэйкі апазыцыі мы ня бачым, яны не працуюць, мы іх толькі на выбарах бачым. Гэта ненармальна. Я лічу, што трэба ісьці да народу на фабрыкі, на заводы і ўсё там тлумачыць. Па-другое, апазыцыі трэба даваць нейкі гарант, нейкі заробак, пэнсію, нейкі мінімум, таму што былая апазыцыя запужала людзей, бо ім не плацілі нічога. Людзі баяцца апазыцыі. Трэцяе. Санкцыі Эўропы сьмехатворныя, яны прыніжаюць Эўропу. Трэба эфэктыўныя санкцыі. Калі яны на нейкія краіны мала ўплываюць, то на Беларусь яны вельмі паўплываюць. Чацьвёртае. Эўропа заігрывае з Расеяй. Трэба неяк паўплываць на Расею, каб яна падтрымлівала дэмакратыю і ў сябе, і ў Беларусі”.

(Спадарыня: ) “Паслухала вашыя перадачы пра пашпарты. Хачу задаць вам пытаньне. Чаму ў грамадзян Беларусі, калі яны прылятаюць у аэрапорт з-за мяжы, вельмі доўга правяраюць пашпарты? Што яны там шукаюць? Нават у кампутары нешта глядзяць. Усе замежнікі пройдуць, а цябе, грамадзяніна Беларусі, усё правяраюць і правяраюць. Гэта незразумела”.

(Уладзіслаў: ) “Расея падтрымала вынікі выбараў у Беларусі, але не падтрымлівае Лукашэнку. Вось парадокс. На маё меркаваньне гэта робіцца таму, што Лукашэнка забівае свой народ. Такім чынам, Расея чакае, калі беларусы загінуць альбо зьедуць, а астатнія забудуцца на тое, што яны беларусы. Мяне зьдзіўляе толькі адно: няўжо расейцы сапраўды вераць, што не пажнуць тое, што пасеялі? Наколькі я ведаю, не існуе прыкладаў, каб адзін народ добраахвотна ўвайшоў у склад іншага, зьмяніўшы пры гэтым гістарычную саманазву. Верагодна, што Расея ўсьведамляе, што гэта немагчыма, і ад бясьсільля робіць хаця б нейкую шкоду, падтрымаўшы Лукашэнку для беларусаў, а не для саміх сябе. Народ, асобныя людзі, змагаюцца за дабро, і калі нехта стаў лепшым, дык ён апынаецца горшым. Расейцы ў гэтым пляне прайгралі. Ім нічога не застаецца, як рабіць зло ўсім навакольным краінам і асабліва былым рэспублікам, таму што расейцы патрыёты, якія ня ёсьць, але патрыёты. А ў нашым народзе шмат здраднікаў, першы зь якіх, Лукашэнка”.

(Спадарыня: ) “У мяне пытаньне да вашага начнога госьця, урача-стаматоляга. Калі на шасьцёрцы сьцёрлася эмаль, і зуб рэагуе на кіслае, то які варыянт лепшы: зрабіць зуб мёртвым, пакінуць так, як ёсьць, ці пралячыць і адзець каронку? Ці, можа, проста змазваць спэцыяльным гелем?”

(Спадар: ) “Пытаньне да спадара Вольскага. У адным з нумароў “Народнай Волі” прачытаў невялікае інтэрвію са Смолавай. Я ня памятаю пытаньне, але яна адказала: “Дык што, можа, на Эўрабачаньне паедзе “Нэйрадзюбель” ці Мілінкевіч?” Пракамэнтуйце, калі ласка, яе выказваньне”.

(Шпанагель, Германія: ) “Запішыце сабе ўсе на лбу: калі вы ня вернеце СССР, вас дзеці, унукі потым ў труне будуць праклінаць! Што такое свабода вы нават ня ведаеце. Гэта дурыць народ, рабочы кляс, і абкрадваюць яго”.

(Анастас Семяновіч: ) “Наконт свабоды друку. Яе практычна на сёньняшні дзень няма. Была “Народная Воля” і “Наша Ніва”, то іх практычна загналі ў падпольле. Для бальшавікоў-лукашыстаў аб’ектыўная інфармацыя непатрэбная, яны здольныя толькі хлусіць. Уключыце тэлебачаньне, радыё – акрамя хлусьні нічога вы не пачуеце. Я, пасьля таго, як яго выбралі, тэлебачаньне і радыё ня слухаю. Вялікае вам дзякуй за вашу аб’ектыўную і своечасовую інфармацыю”.

(Спадар: ) “Я за тое, каб былі альтэрнатыўныя выбары, і каб тыя, хто выходзіць на выбары, мелі тое, што трэба для людзей. Перш за ўсё, трэба вызначыцца, каб партыя была нейкая. Вось як партыя бальшавікоў у падпольлі працавала, але яны перамаглі! Чаму? Таму што яны з праграмай выходзілі, якая была зразумелая для людзей. А вось гэтыя сутычкі нікому непатрэбныя! Трэба, каб салідна сябе паводзілі. Дзеля чаго выводзяць? Вось на першамайскую дэманстрацыю пайшлі з лёзунгамі супраць кантрактнай сыстэмы. Правільна! Вось гэта эканамічнае патрабаваньне! Кажыце пра гэта, прабівайце гэтую справу. Малайцы!”

(Спадар: ) “Апазыцыя выступае, як 5-я калёна, як яны насілі ідэалёгію, эканоміку іншых дзяржаваў. Гэта непрымальна для беларуса! Што нас паны польскія навучаюць, як нам жыць? Ці апазыцыя хоча насадзіць палітыку Амэрыкі. Ня пройдзе гэта, няўжо вы зразумець ня можаце?”

(Уладзімер Навагрудзкі: ) “Аналізуючы працэс выбараў і яго вынікі, выказваньні вашых розных слухачоў, меркаваньне майго асяродзьдзя і г.д., упэўніваюся ў вернасьці сваёй высновы, які зрабіў яшчэ ў сакавіку 2003 году. А менавіта: “стая выбирает сильнейшего, кодла – хитрейшего, академия – умнейшего, а быдло – подобнейшего”.

(Спадар: ) “Я ўжо неяк казаў, што палітычная рэдакцыя Радыё Свабоды “афядуцілася” ў поўным сэнсе гэтага слова. Таму незразумела, што за так званыя інтэлектуалы паехалі на віленскі форум. Вось з гэтым яшчэ прыйдзецца разьбірацца.

Радыё Свабода займаецца нейкім сэпарыраваньнем, нейкі стаіць сэпаратар. Колькі разоў я выказваў сваю думку, але яна не пападае ў эфір. Таму хачу яшчэ раз падкрэсьліць, што ў гэтай выбарчай кампаніі лукашэнкаўскай, лічу, што атрымалі перамогу прэзыдэнт Акадэміі Навук Вайтовіч і Зянон Станіслававіч Пазьняк. Яны перамаглі, калі заявілі, што каб сябе не кампрамэтаваць, ня будуць удзельнічаць у так званых выбарах. Радыё Свабода павінна больш дэмакратычна падыходзіць да званкоў сваіх слухачоў і пераглядзець крытычна некаторыя моманты сваёй працы”.

(Спадар, Смаргонь: ) “Як вядома, Смаргонь у першую сусьветную вайну была эпіцэнтрам усіх падзеяў. Зараз у Смаргоні разглядаецца пытаньне, каб паставіць абэліск. Плянуецца паставіць нейкую піраміду, а зьверху – арла расейскага двухгаловага. Гэта нейкі абсурд! На мой погляд, трэба ставіць ахвярам вайны, а ня нейкай краіне. Тут жа і расіяне, і немцы, ды і з самой Смаргоні засталося 100 чалавек з 14 тысяч. Можа, абмяркуеце гэта”.

(Спадар: ) “У Беларусі зьявіўся чарговы рэвалюцыянэр і лідэр апазыцыі Іна Кулей. Тыдня не праходзіць, каб яна не знаходзілася за мяжой на розных зьездах, форумах і г.д. Скажыце, калі ласка, на якія сродкі жыве гэтая дама, калі яе муж, Аляксандра Мілінкевіч, таксама нідзе не працуе і таксама увесь час знаходзіцца за мяжой? Калі яны жывуць на падачкі Захаду, як яны могуць адлюстроўваць інтарэсы простых беларусаў?”

(Мікола Кот, Барысаўшчына: ) “Хачу абмеркаваць з вамі. Хаця я колькі тэлефаную, вы не перадаеце. Вось вашыя карэспандэнты па вёсках езьдзяць, кажуць, што ўсё так дрэнна, Лукашэнка не дапамагае… Справа ж не ў Лукашэнку. Мы ж жывем у адной рэспубліцы, мы ж можам дапамагчы свайму народу. Трэба там нешта зрабіць, нешта падказаць… А змагацца за гэту ўладу – нешта не разумею. А то нешта там дрэнна, газ падаражае… Гэта ж не Лукашэнку горш будзе, а нам. Таму ня трэба тое самае паўтараць. А то будзе Мілінкевіч, што, газ таньней будзе? Ня будзе! А то нейкія эканамічныя санкцыі, адзін тэлефануе, кажа, каб лес у нас ня бралі. Дык што ўсё спыніць, падарваць эканоміку? Мы ж самі сябе і беспрацоўнымі зробім. Так жа нельга!”

(Шаўчэнка, Наваполацк: ) “Нягледзячы на бадзёрыя заявы лідэраў апазыцыі, супраціў уладзе сышоў амаль "на нет". І справа не ў паражэньні на выбарах, што нельга было прадухіліць, а ў працэсах супраць фальшаваньня, да чаго, як ня дзіўна, каманда Мілінкевіча не рыхтавалася загадзя і ўсебакова. Гэта стала відавочна 19-га сакавіка. Простыя людзі пайшлі далей за лідэра, які абяцаў ісьці да канца. Гэта неяк замоўчваецца і не на карысьць абвешчанаму руху за свабоду. Ударная моц апазыцыі ўсё больш ператвараецца ў “народнічаства”, якое ня мела вынікаў нават у мінулых стагодзьдзя х. Дружына Мілінкевіча фактычна здала больш рашучага харызматычнага Аляксандра Казуліна і сотні сваіх прыхільнікаў, а зараз зноў цягне коўдру на сябе, калі трэба зьбіраць новы форум, рыхтаваць згоду зьяднаньня пашыранай кааліцыі без абмежаваньняў, рыхтаваць акцыі іншага кшталту, нават да грамадзянскага непадпарадкаваньня на выснове канстытуцыйных гарантый. А вось улада ўмела выкарыстоўвае разбэшчанасьць кіраўніцтва апазыцыі, сыстэмна, пасьлядоўна зьнішчае парасткі супраціву, ня грэбуючы кароткатэрміновымі папераджальнымі арыштамі саміх лідэраў апазыцыі. Сумна і прыкра! Але ў апошніх няма рашучасьці, праграмы наступу, новых ідэй і моладзі!”

(Спадар: ) “Патрэбна жыць сучаснасьцю. Арганізаваць працу Радыё Свабода на больш высокім узроўні. Можна ўзяць за аснову Радыё Свабода на расейскай мове. А так ужо амаль два месяцы ідуць перадачы аб выбарах прэзыдэнта. Гэта як па савецкіх праграмах аб Вялікай Айчыннай вайне. Вайна скончылася ў 1945-м, а мы 60 год усё ваюем, параўноўваем жыцьцё з 1940-мі гадамі. З пустымі рукамі супраць зброі ісьці цяжка, ды і народ ня той. Таму патрэбна гэтыя восем гадзін Радыё Свабода на беларускай мове скарыстаць прадуктыўна. А так адну гадзіну інфармацыі трансьлююць восем разоў. Уключыце гістарычныя тэмы, прававыя, пазнавальныя і г.д., каб людзям было цікава і пазнавальна слухаць Радыё Свабода”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG