Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Д.Чэйні: "У Эўропе няма месца для рэжыму кшталту таго, што існуе ў Беларусі"</B>


Ганна Соўсь, Вільня Сёньня ў Вільні прайшоў форум кіраўнікоў краінаў у рамках міжнароднай Віленскай кафэрэнцыі-2006 “Агульнае бачаньне дзеля агульнага суседзтва”. Прэзыдэнты дзевяці краінаў Чарнаморскага і Балтыйскага рэгіёну (Украіны, Літвы, Эстоніі, Латвіі, Польшчы, Румыніі, Грузіі, Баўгарыі), віцэ-прэзыдэнт ЗША Дзік Чэйні, прадстаўнікі высокага рангу з 20 краінаў сьвету абмеркавалі перамены, якія адбыліся пасьля пашырэньня НАТО і Эўразьвязу, пэрспэктывы ўмацаваньня дэмакратыі ў рэгіёне і ролю заходняй дэмакратыі ў гэтым працэсе.

Першая сэсія канфэрэнцыі была на тэму “Новыя эўрапейскія дэмакратыі і канцэпцыя адзінай і свабоднай Эўропы: як гэта спалучыць”.

Асноўны выступоўца, віцэ-прэзыдэнт ЗША Рычард Чэйні, адзначыў, што ўдзельнікаў форуму аб''ядноўваюць агульныя ідэалы і памкненьне вызваліць краіны рэгіёну ад няроўнасьці і бар''ераў паміж імі, ад парушэньняў правоў чалавека і замарожаных канфліктаў і распачаць новую эру дэмакратыі.

Дзік Чэйні адзначыў, што “найлепшы сусед, якога можа мець краіна – гэта дэмакратыя, стабільная, мірная і адкрытыя да супрацоўніцтва, заместа падазронасьці і страху”.

(Чэйні: ) “Усе мы абвязаны спрыяць дэмакратычнаму працэсу ў Беларусі. Яе народ пакутваў ад войнаў, перажыў жахлівыя страты. І цяпер апошняя дыктатура ў Эўропе пазбавіла гэтых людзей самых асноўных свабодаў. З намі тут сёньня абаронцы дэмакратыі ў Беларусі, мы вітаем іх на гэтай канфэрэнцыі. Я спадзяваўся сустрэцца сёньня зь лідэрам апазыцыі Аляксандарам Мілінкевічам, але менскі рэжым зьняволіў яго ў турме. Рэжым павінен спыніць гэтую несправядлівасьць і вызваліць сп. Мілінкевіча разам зь іншымі абаронцамі дэмакратыі.

Сьвет ведае, што адбываецца ў Беларусі. Мірныя дэманстрацыі зьбіваюцца, іншадумцы зьнікаюць, дамінуе створаная ўладамі атмасфэра страху. У Эўропе няма месца для рэжыму такога кшталту. Людзі ў Беларусі заслугоўваюць лепшага. Вы маеце права самі вырашаць свой лёс і весьці вашую нацыю да будучыні ў дэмакратычнай супольнасьці”.

Брытанскі міністар у справах Эўропы Аляксандар Дуглас адзначыў сымбалічнасьць таго, што гэтая канфэрэнцыя адбываецца ў 200 кілямэтрах ад Менску."Мы павінны асудзіць Аляксандра Лукашэнку, паколькі ён не разьвівае дэмакратычныя працэсы і павінны вітаць беларускую апазыцыю і выказаць падтрымку людзям, якія стаялі на менскай плошчы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу Хаўер Саляна чарговы раз заклікаў беларускія ўлады вызваліць А.Мілінкевіча, А.Казуліна і ўсіх іншых палітычных вязьняў у Беларусі.

"Мы бачым парасткі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Незадаволеныя людзі выказалі сваю сьмеласьць на плошчы. Эўрапейскі Зьвяз і надалей будзе падтрымліваць імкненьне беларускага народу да дэмакратыі", сказаў Саляна.

Міністар абароны Літвы Гедымінас Кіркілас лічыць, што НАТА павінна падтрымліваць дыялёг зь Беларусьсю. Палітыка зачыненых дзьвярэй выклікае толькі варожасьць беларускага боку.

Канадзкая сэнатарка Рэйнэл Андрэйчак згадала нядаўнюю забарону на ўезд на тэрыторыю Канады для дазапраўкі самалёту зь беларускімі чыноўнікамі. Яна адзначыла, што гэта было рашэньне канадзкага прэзыдэнта, які, як і многія ўсясьветныя лідэры, далучыўся да патрабаваньняў аб вызваленьні палітзьняволеных у Беларусі.

Дзяржсакратар Нарвэгіі Мортэн Вэтланд паўтарыў нядаўні заклік нарвэскіх лідэраў неадкладна вызваліць А.Мілінкевіча. "Мы патрабуем рэформаў у Беларусі", заявіў Мортан Вэтланд.

Выснова, якую зрабіў прыканцы канфэрэнцыі міністар замежных спраў Літвы Антанас Валёніс – Беларусь застаецца ў асноўнай эўрапейскай павестцы дня. А прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус у сваім выступе падкрэсьліў: "Пашырэньне дэмакратыі на ўсход зробіць эўрапейскую супольнасьць больш моцнай. Усе краіны заслугоўваюць дэмакратычныя ўрады".
XS
SM
MD
LG