Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра справу Ганчара будуць гаварыць у Найробі


Алесь Дашчынскі, Менск Падчас 114-й асамблеі Міжпарлямэнцкага саюзу ў сталіцы Кеніі Найробі будзе разглядацца справа былога дэпутата Вярхоўнага Савета Віктара Ганчара, які зьнік у верасьні 1999 года.

На асамблею Міжпарлямэнцкага саюзу ў Найробі едзе афіцыйная дэлегацыя пад кіраўніцтвам старшыні Савету рэспублікі Генадзя Навіцкага. Падчас мінулай асамблеі ў Жэнэве сябра дэлегацыі дэпутат Анатоль Салаўёў распавёў, што дэпутаты быццам заклапочаныя лёсам Віктара Ганчара і трымаюць гэтую справу на пастаянным кантролі. Гэтыя заявы зьняпраўдзіла жонка зьніклага палітыка Зінаіда Ганчар і накіравала адмысловы ліст старшыні МПС. На яго адказаў генэральны сакратар гэтай структуры Андэрс Джонсан. Ён піша, што ліст Зінаіды Ганчар будзе прадстаўлены ў камітэт правоў чалавека.

У лісьце спадар Джонсан запэўніў, што Камітэт і МПС будуць і надалей “дамагацца поўнага незалежнага расьсьледаваньня зьнікненьня Віктара Ганчара і настойваць на неабходнасьці маніторынгу сытуацыі парлямэнтам”. Паводле спадара Джонсана, камітэт працягне супрацоўніцтва з Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы. Таксама спадарыня Ганчар будзе праінфармаваная пра вынікі травеньскай сэсіі МПС.

Старшыня камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў заявіў, што гэтым разам дэпутат Салаёў на Асамблею не паедзе, бо захварэў. Аднак справа Віктара Ганчара будзе разглядацца, і адмысловае паседжаньне заплянавана на 9 траўня. Паводле спадара Папова, у сакратарыят МПС ужо накіравана пісьмовая інфармацыя адносна справы Віктара Ганчара.

(Папоў: ) “Што тычыцца Ганчара, то сьледзтва не закрыта, яно працягваецца. Таму мы інфармуем, які стан на дадзены момант. Паводле інфармацыі Генпракуратуры, новых абставінаў, акрамя тых, якія вы ведаеце, калі была інфармацыя, што ў Віцебскай вобласьці знайшлі месца пахаваньня, прэса выяжджала, нічога там не знайшлі. Таму, што тычыцца Беларусі, то тут усё, што магчыма, робіцца, Інтэрпол падключаны. Так што па Ганчару справа ў стадыі расьсьледаваньня знаходзіцца. Пакуль канчатковага рашэньня Генпракуратура не прыняла”.

Праваабаронца Тацяна Равяка задаволеная, што зварот Зінаіды Ганчар не застаўся па-за ўвагай кіраўніцтва МПС:

(Равяка: ) “Хлусьня з боку беларускага парлямэнту на міжнародным узроўні будзе выяўленая. Сапраўднае становішча рэчаў у тым, што беларускі парлямэнт ня толькі ніякім чынам не ўплывае на ход гэтага расьсьледаваньня, ня робіць дэпутацкіх запытаў, але і проста ігнаруе звароты Зінаіды Ганчар”.
XS
SM
MD
LG