Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве ствараецца цэнтар з мэтай дамагчыся вызваленьня Аляксандра Казуліна


Уладзімер Глод, Менск Гэта стала магчымым пасьля дамоўленасьцяў, якія падпісалі паміж сабой у Кіеве Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і Сацыял-дэмакратычная партыя Ўкраіны. Лідэр украінскіх сацыял-дэмакратаў Юры Буздуган на сустрэчы з намесьнікам старшыні беларускай партыі Ўладзімерам Нісьцюком заявіў пра салідарнасьць з Аляксандрам Казуліным.

Паводле Ўладзімера Нісьцюка, які сёньня вярнуўся зь Кіева, зьявілася магчымасьць адкрыць за межамі Беларусі некалькі рэгіянальных цэнтраў барацьбы за вызваленьне былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна:

(Нісьцюк: ) "Ёсьць ужо літоўскі цэнтар. Хутка будзе ўкраінскі. Мы спрабуем больш дакладна дамовіцца з аўстрыйскай партыяй – у Вену зьбіраецца Аляксей Кароль. Будзем ствараць расейскі цэнтар. Празь іх будзем вырашаць інфармацыйнае забесьпячэньне кампаніі вызваленьня Казуліна ды іншыя праблемы".

За вызваленьне Аляксандра Казуліна будуць змагацца і сацыял-дэмакраты зь іншых краінаў. Пра гэта там жа, у Кіеве, паведамілі два сустаршыні Партыі эўрапейскіх сацыялістаў – сэнатар Тадэвуш Івіньскі з Польшчы ды кіраўнік камітэту ў міжнародных справах парлямэнту Аўстрыі Пэтар Шыдэр. Уладзімер Нісьцюк вельмі спадзяецца на іх абяцаньні:

(Нісьцюк: ) "Мы дамовіліся, што будзе створаны шырокі фронт, што кіраўнікі ўрадаў у тых эўрапейскіх краінах, дзе сацыял-дэмакраты і сацыялісты цяпер пры ўладзе, кіраўнікі парлямэнтаў, уплывовыя палітычныя асобы будуць зьвяртацца да Аляксандра Лукашэнкі ды іншых кіраўнікоў Беларусі з патрабаваньнем вызваліць Казуліна. І ня толькі Казуліна, а ўсіх палітычных вязьняў, што ёсьць цяпер у Беларусі".

Паводле спадара Нісьцюка, магчыма, што эўрапейскія сацыялісты неўзабаве рэальна дапамогуць некаторым ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Кіраўнікі Партыі эўрапейскіх сацыялістаў атрымалі сьпіс сябраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і актывістаў выбарчай кампаніі Аляксандра Казуліна, якія пацярпелі ад уладаў.

Беларускія і ўкраінскія сацыял-дэмакраты вырашылі супрацоўнічаць ня толькі на ўзроўні цэнтральных партыйных органаў, але і рэгіянальных структураў. Гэта асабліва патрэбна беларусам, якія ўжо пачынаюць рыхтавацца да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, якія, праўдападобна, пройдуць у лютым 2007 году. Суседзі паабяцалі дапамагчы калегам пры падрыхтоўцы выбарчых праграмаў, а таксама прапанавалі разам выпускаць сумесную сацыялістычную газэту.
XS
SM
MD
LG