Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тыя, хто выйшаў падтрымаць А.Фінькевіча, самі апынуліся за кратамі (абноўлены)


Радыё Свабода, Менск Моладзевых актывістаў, якія сёньня выйшлі да Першамайскага суду падтрымаць актывіста "Маладога фронту", асудзілі за "несанкцыянаваны" пікет і пакаралі 5-сутачнымі арыштамі. Толькі адна з затрыманых, Крысьціна Шацікава, была пакараная буйным штрафам.

У судзе Першамайскага раёну Менску скончыліся адміністратыўныя працэсы над затрыманымі моладзевымі актывістамі. Усе яны прызнаныя вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце каля суду падчас разгляду крымінальнай справы актывіста незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" Артура Фінькевіча.

Пасьля заканчэньня пікету салідарнасьці з маладафронтаўцам Артурам Фінькевічам былі затрыманыя Крысьціна Шацікава, Надзея Батура, Аляксандар Рэзьнікаў, Юры Талстой, Аляксей Казулін і Андрэй Ігнатчык. У Першамайскім упраўленьні міліцыі на іх склалі пратаколы за ўдзел у “несанкцыянаваным пікеце” і бліжэй да вечара адвезьлі ў суд. Сьведкі-міліцыянты давалі стандартныя паказаньні: стаялі з плякатамі, на папярэджаньні не рэагавалі.

Толькі Крысьціну Шацікаву абвінавацілі ў тым, што яна нібыта размахвала нейкім чырвона-жоўтым сьцягам і выкрыквала антыдзяржаўныя лёзунгі. Крысьціна заявіла, што гэта поўная хлусьня і запатрабавала прагляду апэратыўнай відэаздымкі пікету. Стужку прагледзелі, і ніякага сьцягу ў руках спадарыні Шацікавай не заўважылі. Тым ня менш, судзьдзя Вікторыя Макуха прызнала яе вінаватай і пакарала штрафам у 1 мільён 550 тысячаў рублёў. Крысьціну Шацікаву не арыштавалі толькі таму, што яна маці дваіх малых дзяцей. Пасьля вынясеньня прысуду Крысьціна так пракамэнтавала рашэньне судзьдзі:

(Шацікава: ) “Гэта нават не баязьлівасьць. Гэта нешта такое маленькае, подленькае, бо трымацца за сваё месца коштам гора іншых – гэта брудна”.

Пасьля ліквідацыі намётавага гарадку ў ноч на 24 сакавіка Крысьціну Шацікаву ўжо каралі штрафам у 630 тысячаў рублёў. Іншых затрыманых пікетоўцаў – Надзею Батуру, Аляксандра Рэзьнікава, Юрыя Талстога, Аляксея Казуліна і Анрэя Ігнатчыка судзьдзі Вікторыя Макуха, Натальля Пётух і Ала Яшчанка асудзілі на 5 сутак арышту. Гаворыць Юры Талстой:

(Талстой: ) “Рашэньне абсалютна не прававое. Я лічу, што 5 сутак мне далі ні за што. А далі 5 сутак толькі таму, што трэба было нешта даць”.

Ніхто з асуджаных не шкадуе, што ўзяў удзел у пікеце.

Гл.таксама • Спэцназ затрымаў каля 10 чалавек каля Першамайскага суду (фота) • На пікеце ў падтрымку Фінькевіча былі затрыманы 8 чалавек (фота)
XS
SM
MD
LG