Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве адкрыўся музэй Рышарда Кукліньскага


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Варшаве ўрачыста адкрыты музэй памяці Рышарда Кукліньскага – палкоўніка войска ПНР, які супрацоўнічаў з амэрыканскай разьведкай і папярэдзіў сьвет пра намер польскіх уладаў увесьці ваеннае становішча – шэраг адмыслоўцаў лічаць Кукліньскага найбольш каштоўным разьведчыкам ЦРУ ва ўсходнім блёку за ўсю гісторыю.

Рышард Кукліньскі працаваў у генэральным штабе войска ПНР, меў доступ да сакрэтных дакумэнтаў Варшаўскай дамовы і ў 1971 годзе, каб наблізіць канец камуністычнага рэжыму, пачаў супрацоўнічаць з Цэнтральным разьведвальным упраўленьнем ЗША. Гэтае супрацоўніцтва цягнулася 10 гадоў.

Напярэдадні ўвядзеньня ваеннага становішча палкоўнік Куклінські, рызыкуючы быць выкрытым, паінфармаваў аб гэтым Вашынгтон. Празь некалькі дзён ЦРУ вывезла яго разам зь сям’ёй у ЗША, дзе польскі афіцэр быў уганараваны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.

Біёграф і сябра Рышарда Куклінськага прафэсар Юзэф Шаняўскі:

(Шаняўскі: ) “У сьнежні 1970 году ў гарадах на Балтыйскім узьбярэжжа ўлады крывава расправіліся з удзельнікамі дэманстрацыяў пратэсту – загінулі дзясяткі людзей. Кукліньскі гэта ведаў, і гэта яго падштурхнула, каб дапамагаць амэрыканцам. Ён ня мог сьцярпець таго, што войска страляе па ўласным народзе”.

Шаняўскі, як і цяперашні міністар абароны Польшчы Радаслаў Сікорскі, які ўрачыста адкрыў музэй у цэнтры Варшавы, лічыць палкоўніка Кукліньскага героем.

У выдадзенай нядаўна кнізе Бэнджаміна Вайсэра “Сакрэтнае жыцьцё”, Рышард Кукліньскі быў названы “найбольш каштоўным разьведчыкам ЦРУ ва ўсходнім блёку за ўсю гісторыю”.

(Валэнса: ) “Тады былі такія часы, калі людзі былі вымушаныя жыць падвойным жыцьцём. Кукліньскі быў амэрыканскім шпіёнам, гэта факт, але ён быў героем свайго часу, вельмі мужным чалавекам”, – кажа былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса.

Між тым шэраг палякаў дагэтуль лічаць палкоўніка Куклінськага здраднікам.

“Гэта была гераічная і адначасна трагічная постаць. Яму давялося выбіраць паміж дзяржавай, якая не была сувэрэннай і народам”, – заявіў у часе адкрыцьця музэю Радаслаў Сікорскі.

Рышард Кукліньскі памёр у 2004 годзе ў ЗША, але быў з урачыстасьцямі пахаваны ў Варшаве на вайсковых могілках на Алеі Заслужаных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG