Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія вынікі сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Санкт-Пецярбурзе?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 3 траўня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Падчас беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў тэма інтэграцыі з Расеяй у кампаніі Лукашэнкі гучала вельмі слаба, была на другім пляне. Яе закраналі толькі тады, калі трэба было паказаць адсутнасьць міжнароднай ізаляцыі Беларусі. У тэлеінтэрвію беларускім тэлеканалам у канцы студзеня Лукашэнка нават няўклюдна спрабаваў дыстанцыявацца ад расейскай падтрымкі. “Тое, што мяне Крэмль падтрымлівае — гэта поўны абсурд”, — заявіў ён. На прэс-канфэрэнцыі пасьля выбараў, 20 сакавіка, кіраўнік дзяржавы нават раззлаваўся на журналіста дзяржаўнай газэты, які ў сваім пытаньні сьцьвердзіў, што нібыта Расея яго падтрымала.

То бок, мы маем пэўнае публічнае дыстанцыяваньне Лукашэнкі ад Расеі. Зь іншага боку, Масква жорстка і адназначна падтрымала вынікі выбараў у Беларусі — насуперак міжнароднай супольнасьці. І трэці момант: вельмі гучныя і неаднаразовыя заявы кіраўніцтва “Газпрому” аб павышэньні цэнаў на газ для Беларусі ў наступным годзе. Вось на такім палітычным фоне адбылася першая сустрэча Лукашэнкі й Пуціна пасьля выбараў. Якое галоўнае пытаньне ці праблема былі на парадку дня сустрэчы ў Санкт-Пецярбурзе?”

(Кірыл Коктыш: ) “Галоўным у гэтай сустрэчы для Лукашэнкі было імкненьне атрымаць адказ на пытаньне, што будзе з газавымі цэнамі. А Пуціну патрэбна было высьветліць, як будзе далей уладкоўвацца сытуацыя ў Беларусі — прычым, у якасьці незалежнай дзяржавы. Але абодва кіраўнікі адказаў на свае пытаньні не атрымалі. Стала відавочна, што будаўніцтва саюзнай дзяржавы не атрымаецца. У Беларусі толькі 6% насельніцтва падтрымлівае ідэю аб’яднаньня ў адну дзяржаву з Расеяй. Для Расеі больш выгадным быў бы статус Беларусі як незалежнай, але саюзнай дзяржавы. Аб’яднаньне ў адну дзяржаву прынесла б Расеі больш праблемаў, чым выгады.

Таму Масква гатовая перагледзець дачыненьні зь Беларусьсю. Дасюль гэтыя дачыненьні разглядаліся як часовыя, пераходныя на шляху да поўнага аб’яднаньня. З гэтага вынікала лёгіка расейскіх датацыяў у беларускую эканоміку, якія павінны былі адбывацца да часу аб’яднаньня. Калі ж цяпер высьвятляецца, што аб’яднаньня ня будзе, то трэба будаваць дачыненьні на новай трывалай глебе. Гэта і павінна было абмяркоўвацца на сустрэчы ў Санкт-Пецярбурзе. Але, здаецца, беларускі бок не асэнсаваў гэтай праблемы, і Пуцін ня змог яе данесьці да Лукашэнкі”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Выглядае, што сустрэча адбылася з ініцыятывы расейскага боку. Пра гэта сьведчыць тая нечаканасьць, зь якой Лукашэнка паляцеў у Санкт-Пецярбург. Пра гэта не паведамлялі прэс-службы абодвух прэзыдэнтаў. На мой погляд, Пуцін запрасіў Лукашэнку на перамовы пад ціскам Захаду. Гэты ціск мацнее, і ён непрыемны для Расеі. Таму Пуцін імкнецца прадэманстраваць Захаду, што ён праводзіць нейкую працу з Лукашэнкам. І менавіта таму першым пытаньнем, якое было публічна ўзьнята Пуціным у пачатку перамоваў, было пытаньне аб дэмакратыі ў Беларусі.

Другое важнае пытаньне для Пуціна — гэта лёс саюзнай дзяржавы. Крыніца з расейскага боку дала інфармацыю, што для Расеі галоўнай праблемай на перамовах было пытаньне аб увядзеньні адзінай валюты. Але, гледзячы на адсутнасьць інфармацыі, зрухаў у гэтым пытаньні не адбылося. А для Беларусі, сапраўды, галоўным пытаньнем быў кошт газу. Але тут Менску не выпадае чакаць нейкіх паслабленьняў. Вынікі перамоваў у беларускіх дзяржаўных мэдыях камэнтуюцца вельмі сьціпла. Таму можна лічыць, што сур''ёзных вынікаў гэтая сустрэча не прынесла”.

(Коктыш: ) “Чаму я сказаў, што пытаньне аб’яднаньня ў адну дзяржаву адыходзіць у мінулае? Пуцін падчас сустрэчы адзначыў: “Спадзяюся, што пасьля таго, як баталіі сьцішацца, усе, хто браў у іх удзел, сканцэнтруюцца на пазытыўных момантах разьвіцьця сваёй уласнай дзяржавы”. То бок Пуцін прызнаў, што аб’яднаньне Беларусі й Расеі ў адну дзяржаву не стаіць на парадку дня. Для Масквы больш прыярытэтныя саюзьніцкія дачыненьні зь незалежнай Беларусьсю. Таму інтэграцыйная рыторыка да канца году згубіць актуальнасьць”.

(Карбалевіч: ) “Вось спадар Фёдараў ужо казаў пра ціск Захаду. Пасьля візыту ў Расею канцлера Нямеччыны спадарыні Мэркель, якая сёлета ўжо двойчы прымала лідэра беларускіх дэмакратычных сілаў Мілінкевіча, і напярэдадні саміту вялікай васьмёркі ў тым жа Санкт-Пецярбурзе, Пуцін вымушаны падняць пытаньне аб дэмакратыі ў Беларусі ці хаця б імітаваць ягонае абмеркаваньне. Напачатку сустрэчы ў прысутнасьці журналістаў Пуцін пацікавіўся магчымасьцю кансалідацыі ўсіх палітычных сілаў Беларусі пасьля выбараў. Асаблівую пікантнасьць гэтаму пытаньню надаў той факт, што ў гэты момант абодва апазыцыйныя экс-кандыдаты ў прэзыдэнты знаходзіліся за кратамі. Але Лукашэнка жорстка адкінуў гэтае пытаньне, заявіў, што гэта ў Расеі ёсьць такая праблема, а ў Беларусі яе няма, бо “за дзейнага прэзыдэнта прагаласавала практычна ўсё насельніцтва”, і толькі 1—2 тысячы малалетак “спрабавалі за грошы штосьці дэстабілізаваць”. Як вы можаце гэта пракамэнтаваць?”

(Коктыш: ) “Я лічу, што гэтыя заявы Пуціна ня ёсьць вынікам заходняга ціску, а ёсьць здаровым рацыянальным жаданьнем пабудаваць дачыненьні зь Беларусьсю на нейкім зразумелым падмурку і ня мець праблемаў ад падтрымкі адыёзнага рэжыму. Расейская падтрымка падчас выбараў была не безумоўнай. Яна была зьвязаная з пэўнымі абавязкамі, якія ўзяў Лукашэнка падчас сустрэчы з Пуціным напярэдадні выбараў. І цяпер прыйшоў час плаціць па рахунках. Цяпер, калі Захад моцна цісьне на Беларусь, Расея можа паставіць Лукашэнку на месца”.

(Фёдараў: ) “Я ўсё ж лічу, што гэта вынік заходняга ціску на Расею. Бо цяпер сама Расея ў сваім стаўленьні да дэмакратыі рушыць у тым жа кірунку, што і Беларусь. І мне здаецца, Пуцін не адчувае маральнага права крытыкаваць Лукашэнку. І ён вымушаны рабіць рэвэранс у бок Захаду напярэдадні саміту вялікай васьмёркі. Насамрэч дэмакратычная Беларусь сёньняшняй Расеі не патрэбная”.

(Карбалевіч: ) “Вельмі цікава разгортваецца спрэчка вакол газавай праблемы. Кіраўніцтва “Газпрому” неаднаразова заяўляла пра павышэньне цэнаў на газ. А прэм’ер Беларусі Сідорскі, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, адзначыў, што ніякіх афіцыйных прапановаў ад расейскай кампаніі мы не атрымалі. Тым ня менш, беларускі бок аб’явіў, што прапанаваў “Газпрому” пяць сумесных праектаў у Беларусі. І вось днямі прадстаўнікі газавай кампаніі заявілі, што не атрымалі адказу зь Менску да канца красавіка, чым і як зьбіраецца плаціць краіна за газ налета. Згадзіцеся, дыялёг даволі дзіўны. Іншы сюжэт гэтай тэмы. Віцэ-прэм’ер Беларусі Даўгалёў на беларускім тэлеканале заявіў, што на перамовах абмяркоўвалася такая схема: Беларусь гатовая аддаць “Газпрому” частку акцыяў “Белтрансгазу” ў абмен на арэнду газавага ці нафтавага радовішча на тэрыторыі Расеі. Як можна пракамэнтаваць дачыненьні дзьвюх краінаў у газавай сфэры на цяперашні момант?”

(Коктыш: ) “Калі я гляджу на гэтую бюракратычную гульню наконт атрыманьня ці неатрыманьня афіцыйных адказаў, то згадваю, што нешта падобнае адбывалася падчас цяжкіх перамоваў паміж Расеяй і Ўкраінай на мяжы мінулага й цяперашняга гадоў. Але гэта не дапамагло Ўкраіне, і спрэчка была вырашаная на ўмовах “Газпрому”. Мне здаецца, што тут будзе той самы вынік. Расейскі бок падкрэсьлівае, што пытаньне наконт цэнаў на газ тэхнічнае, эканамічнае — і Масква ня будзе яго абмяркоўваць на палітычным узроўні. У Расеі ёсьць вельмі важкі аргумэнт, што “Газпром” мае замежных акцыянэраў, і гэта патрабуе камэрцыйнага падыходу да газавых коштаў.

Наконт прапановы абмяняць акцыі “Белтрансгазу” на арэнду газавага ці нафтавага радовішча на тэрыторыі Расеі, то гэта асобная ўгода, гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца асобна ад газавых цэнаў”.

(Фёдараў: ) “Гэтая дыскусія наконт цэнаў на газ нагадвае сапсаваны тэлефон. Беларуская прапанова наконт абмену акцыяў на радовішча — гэта спроба зьбіць цану на газ. Цяжка зразумець, якая выгада Расеі ад гэтай угоды”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, Беларусь і Расея ўступаюць у пэрыяд жорсткага гандлю ва ўсіх спрэчных пытаньнях, і гэта можа спрычыніцца да чарговага крызісу саюзнай інтэграцыі”.
XS
SM
MD
LG