Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пікеце ў падтрымку Фінькевіча былі затрыманы 8 чалавек (фота)


Альгерд Невяроўскі, Менск Актывісты моладзевых арганізацыяў правялі пікет салідарнасьці з маладафронтаўцам Артурам Фінькевічам. Гэтая акцыя адбылася каля будынку Першамайскага райсуду Менску, дзе сёньня над ім пачаўся працэс. У пікеце ўдзельнічала каля сарака чалавек. Па заканчэньні пікету міліцыянты затрымалі шасьцёх пікетоўцаў і дзьвюх журналістак.

Удзельнікі акцыі расьцягнуліся ланцугом каля будынку суду і спачатку стаялі, заклаўшы рукі за галаву. Пасьля яны разгарнулі партрэты Артура Фінькевіча. Гаворыць удзельнік акцыі Барыс Гарэцкі:

(Гарэцкі: ) “Гэта акцыя салідарнасьці з маладым 21-гадовым хлопцам, якому ўлада жадае даць да 12 гадоў турэмнага зьняволеньня”.

А вось што сказаў яшчэ адзін пікетовец Кірыл Ігнацік:

(Ігнацік: ) “Сёньня мы прыйшлі падтрымаць Артура Фінькевіча, якога нашыя ўлады спрабуюць асудзіць на вельмі вялікі тэрмін. Гэтая акцыя дзеля ягонай падтрымкі — каб людзі ведалі, што ў нашай краіне адбываецца такі суд. Ён несправядлівы, а факты непраўдзівыя. Чалавек за графіці можа атрымаць вельмі вялікі турэмны тэрмін”.

Нейкі час міліцыянты ніяк не рэагавалі на гэтыя дзеяньні, хаця міліцэйская ўправа Першамайскага раёну знаходзіцца побач. Але неўзабаве да пікетоўцаў падышоў намесьнік начальніка раённай управы міліцыі палкоўнік Навіткевіч:

(Навіткевіч: ) “Маладыя людзі, гэты пікет несанкцыянаваны. Даю вам пяць хвілінаў, каб разысьціся. Інакш вы будзеце адміністрацыйна затрыманыя”.

Затрыманьні адбыліся, калі ў судовым паседжаньні абвясьцілі перапынак і пікетоўцы самі пачалі разыходзіцца. Затрымалі Крысьціну Шацікаву, Аляксандра Рэзьнікава, Юр’я Талстога, Аляксея Казуліна, Надзею Батуру, Андрэя Ігнатчыка і дзьвюх журналістак — Тацяну Сьнітко і Натальлю Валакіду. Журналістак неўзабаве адпусьцілі, бо іх не было на кадрах апэратыўнай здымкі. На ўсіх іншых склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Цяпер над імі адбываюцца судовыя працэсы. Пікетоўцам пагражаюць вялікія штрафы й арышты тэрмінам да 15 сутак.

Фотарэпартаж











Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG