Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: улады апраўдалі выдаўца незалежнай газэты


Радыё Свабода Віцебскія міліцыянты 16 сакавіка ператрэсьлі хату Сяргея Салодкіна і склалі на яго пратакол за выдаваньне і распаўсюд незарэгістраванага бюлетэню “Покліч волі”. Да таго ж яны палічылі, што матэрыялы газэты “шкодзяць дзяржаўнаму ладу і грамадзкаму парадку” — так было запісана ў пратаколе. Рэдактара і выдаўца спадара Салодкіна выклікалі сёньня на адміністрацыйную камісію ў Чыгуначны райвыканкам Віцебску.

Выказаўшы незадавальненьне з прычыны таго, што на пасяджэньне камісіі зьявіліся незалежныя журналісты, адказны сакратар Натальля Сівакова абвінаваціла спадара Салодкіна ў жаданьні “наладзіць шоў з удзелам сваёй асобы”. Але камісія зь пяці чалавек урэшце прызнала, што абвінавачаньні міліцыянтаў у антыдзяржаўным і антыграмадзкім зьмесьце газэты “Покліч волі” не пацьвердзіліся. Таму адміністрацыйную справу камісія вырашыла закрыць.

Сакратар камісіі спадарыня Сівакова паведаміла, што ўсе дакумэнты будуць перададзеныя ў райаддзел міліцыі, каб там мелі магчымасьць перакваліфікаваць абвінавачаньне Сяргея Салодкіна. Падставай для гэтага можа стаць, да прыкладу, колькасьць сканфіскаваных асобнікаў незалежнага выданьня: паводле “Закону аб друку”, наклад незарэгістраванага выданьня ня мусіць перавышаць 300 асобнікаў, а ў спадара Салодкіна забралі больш за тры сотні нумароў. Гэта былі два наклады двух розных нумароў, падлічаныя міліцыянтамі й зафіксаваныя ў пратаколе як адзін.

(Салодкін: ) “16 сакавіка ў маю адсутнасьць яны ўварваліся ў дом, сямёра міліцыянтаў ды сьледчых. Дома была толькі жонка. Яны зайшлі ў пакой і адшукалі яшчэ нераспаўсюджаныя газэты. Там былі два нумары, у якіх перадавіцы прысьвечаныя Мілінкевічу, ды яшчэ з такімі гучнымі назвамі: “Мудрыя абяруць Мілінкевіча”. Астатнія матэрыялы таксама былі на гэтую тэму, пра перадвыбарчую і выбарчую кампаніі”.

Сяргей Салодкін ужо некалькі гадоў выдае за ўласныя сродкі грамадзка-палітычны бюлетэнь, які распаўсюджвае сярод сваіх знаёмых. Ягонай жонцы міліцыянты патлумачылі, што ім нібыта паступіў сыгнал ад суседзяў пра тое, што ў іхнай хаце друкуюць забароненую газэту. Сам спадар Салодкін не выключае, што інтарэс міліцыянтаў быў абумоўлены ягонай палітычнай дзейнасьцю — ён сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі і актывіст ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG