Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стала прычынай катастрофы А-320 у Чорным моры?


Валер Каліноўскі, Прага На 5 траўня ў Армэніі і Расеі абвешчаная жалоба па ахвярах авіякатастрофы ў Чорным моры ля берагоў Сочы. Учора ноччу самалёт А-320 армянскай кампаніі “Армавія”, які ляцеў маршрутам Ерэван – Сочы, пры другім заходзе на пасадку ня змог патрапіць у аэрапорт Адлер і разьбіўся ў моры за пяць кілямэтраў ад берагу. Загінула 113 чалавек, 85 з якіх былі грамадзянамі Армэніі, 26 – Расеі, адзін грузін і адзін украінец. Сярод загінуўшых было 6 дзяцей.

Армянскае і расейскае міністэрствы надзвычайных сытуацыяў адразу адкінулі вэрсію тэракту. Учора прычынай катастрофы афіцыйна называлася кепскае надвор’е і слабая бачнасьць, аднак сёньня міністар транспарту Расеі Ігар Левіцін заявіў, што яшчэ рана ўпэўнена казаць аб прычынах трагедыі.

Выратавальнікі ўжо дасталі з мора 53 целы, цягам сёньняшняга дня яны спадзяюцца здабыць і так званыя чорныя скрыні, якія знаходзяцца на глыбіні 400 мэтраў. Пошукам скрыняў займаюцца расейскія і францускія адмыслоўцы.

Тым часам вылучаюцца розныя вэрсіі здарэньня. Аэрапорт Адлер ляжыць паміж морам і гарамі, таму, як кажуць адмыслоўцы, пілётам нялёгка рабіць у ім пасадку і ў добрых умовах надвор’я. Расейская газэта “Коммерсант” найбольш верагоднай прычынай катастрофы лічыць крытычную памылку каманды ў кепскіх умовах надвор’я. А грузінскае і армянскае тэлебачаньне сёньня цытуюць грузінскіх авіядыспэтчараў, якія суправаджалі армянскі самалёт і рэкамэндавалі яму вярнуцца. Гаворыць прэсавы сакратар аб’яднаньня Грузаэранавігацыя Тэа Гадабадзэ:

(Гадабадзэ: ) “На тэрыторыі Грузіі мы ім сказалі, што надвор’е там нялётнае, не для пасадкі, яны павярнуліся і сказалі, што зноў пойдуць на Ерэван”.

Гэтая размова камандзіра самалёта Грыгорыя Грыгарана з грузінскім дыспэтчарам была запісаная на аўдыёстужку:

(Грыгаран: ) “Вяртаемся назад на Ерэван”.

(Дыспэтчэр: ) “Добра, зразумеў вас...”

Пазьней, калі каманда карабля атрымала радыяграму, што лівень спыніўся і ў Сочы зноў лётнае надвор''е, самалёт зноў разьвярнуўся і паляцеў на Сочы, патрапіўшы ў зону адказнасьці расейскіх дыспэтчараў.

Перад пасадкай камандзе самалёта было загадана зрабіць новае кола над морам, якое і стала апошнім.

Камэрцыйны дырэктар “Армавія” Андрэй Агаджанаў заявіў, што каманда самалёта А-320 была высока кваліфікаванай і дасьведчанай, а сам самалёт быў у спраўным тэхнічным стане.
XS
SM
MD
LG