Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонкі рэпрэсаваных палітыкаў выступілі перад кіраўнікамі краінаў Захаду


Радыё Свабода У Вільні, падчас міжнароднай канфэрэнцыі “Агульнае бачаньне агульнага суседзтва”, у якой бяруць удзел прэзыдэнты шэрагу эўрапейскіх краінаў і віцэ-прэзыдэнт ЗША Рычард Чэйні, выступілі чатыры прадстаўнікі Беларусі — Іна Кулей, Ірына Казуліна, Ірына Красоўская і Анатоль Лябедзька.

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі выступілі падчас абеду перад кіраўнікамі краінаў, якія бралі ўдзел у віленскай сустрэчы. Празь віцэ-прэзыдэнта ЗША Рычарда Чэйні яны перадалі прэзыдэнту ЗША Джорджу Бушу зварот да лідэраў вялікай васьмёркі, дзе заклікаюць паставіць беларускае пытаньне на парадак дня ліпеньскага саміту ў Санкт-Пецярбурзе. Ірына Казуліна ў выступе распавяла пра свайго мужа, які цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.

(Казуліна: ) “Я папрасіла гэтых прэзыдэнтаў, каб яны дапамаглі паставіць пытаньне аб палітычных вязьнях, пра Беларусь і пра вызваленьне майго мужа на парадак дня саміту краінаў вялікай васьмёркі. Апошні ў нашай чацьверцы быў Анатоль Лябедзька, які таксама выдатна выступіў. Ён прэзэнтаваў алавяны кубак, які вынес з турмы на Акрэсьціна. Ён прэзэнтаваў яго Рычарду Чэйні й сказаў, што цяпер з гэткага ж кубка п’юць гарбату ў турмах два лідэры беларускай апазыцыі — Казулін і Мілінкевіч”.

Паводле Ірыны Казулінай, спадар Чэйні наліў у гэты кубак віно.

Іна Кулей, жонка зьняволенага кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча, сказала, што галоўнай тэмай яе выступу была сытуацыя ў Беларусі.

(Кулей: ) “Беларусь у стане рэвалюцыі, і пачалася яна з рэвалюцыі духу. Першы крок па гэтай цьвердзі мы ўжо зрабілі, гэта першы ўдар, і ў нас наперадзе набраньне сілаў для наступнай барацьбы. Мы ўдзячныя міжнароднай супольнасьці за такую ўвагу і падтрымку”.

Спадарыня Кулей мела таксама кароткую сустрэчу зь віцэ-прэзыдэнтам ЗША Рычардам Чэйні.

(Кулей: ) “З Чэйні гэта было канкрэтнае пытаньне пра тое, што ён ведае пра Беларусь, і яны трымаюць руку на пульсе. Канкрэтнае пытаньне і падтрымка Аляксандра Мілінкевіча. І словы пра тое, што аб’яднаны дэмакратычны рух знаходзіцца ў прыярытэце пытаньняў ЗША, і яны са свайго боку будуць заўсёды на цьвёрдай пазыцыі, што трэба падтрымліваць дэмакратыю ў Беларусі”.

Ірына Казуліна кажа, што кіраўнікі краінаў зь вялікай увагай выслухалі выступы прадстаўнікоў Беларусі.

(Казуліна: ) “Пасьля заканчэньня абеду падышлі і Адамкус, Юшчанка, Качыньскі — і размаўлялі з намі. З Саакашвілі мы пазнаёміліся ўчора, ён выказаў вялікую радасьць пры сустрэчы са мной і сказаў, што вельмі ўважліва назіраў за дзеяньнямі майго мужа, і сказаў, што Казулін праявіў сябе як сапраўдны лідэр і вельмі сьмела і моцна правёў гэтую кампанію”.
XS
SM
MD
LG