Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над М.Сасімам адкладзены; тры актывісткі “Зубра” аштрафаваныя


Алег Грузьдзіловіч, Менск На 11 траўня адклалі працэс над актывістам “Зубра” Мікітам Сасімам, якому пагражае тры гады зьняволеньня. У той жа час у Баранавічах асудзілі за распаўсюджваньне ўлётак трох аднадумак Мікіты Сасіма.

4 траўня ў Баранавіцкім судзе пачаўся працэс над вядомым актывістам незарэгістраванай арганізацыі “Зубар” Мікітам Сасімам. Юнака абвінавачваюць ўва ўхіленьні ад вайсковай службы — яму пагражае трохгадовае зьняволеньне. Пра падзеі ў першы дзень працэсу мне распавяла Ніка Лазоўская, якая адмыслова прыехала ў Баранавічы падтрымаць Мікіту Сасіма.

(Лазоўская: ) “У яго вельмі добры настрой — на барацьбу. Ён сказаў нам, што плянуе змагацца далей. Ён патрабаваў даць яму адваката Галіева, які сёньня абараняе Фінькевіча, і таму суд адклалі на 11 траўня, на 10 гадзінаў”.

Нагадаю, Мікіту Сасіма арыштавалі ў сакавіку адразу пасьля апэрацыі на апэндыцыт, і з таго часу актывіст “Зубра” знаходзіцца за кратамі. Ён зьвязвае перасьлед са сваёй палітычнай дзейнасьцю. Вядома, што Мікіта Сасім спрычыніўся да зьяўленьня сымбалю моладзевага супраціву ў Беларусі, гэтак званай джынсавай рэвалюцыі: на адной з апазыцыйных акцыяў юнак узьняў над натоўпам джынсавую кашулю замест адабранага міліцыянтамі бел-чырвона-белага сьцяга.

Сёньня ж у Баранавіцкім судзе аштрафавалі актывістак незарэгістраванай арганізацыі “Зубар” Анастасію Коршун, Кацярыну Дзяткоўскую і Любоў Кучынскую, якія выказвалі салідарнасьць зь Мікітам Сасімам. Любоў Кучынская мяркуе, што суд паставіўся да іх дастаткова лагодна, чаго дзяўчына ня кажа адносна баранавіцкіх міліцыянтаў:

(Кучынская: ) “Нас затрымалі ноччу, калі мы расклейвалі ўлёткі “Свабоду Сасіму!”. Прывезьлі ў міліцыю і склалі пратакол за дробнае хуліганства. Запалохвалі, што сядзем на 15 сутак, мы да гэтага маральна ўжо падрыхтаваліся, але нешта нас уратавала. Магчыма, судзьдзя аказалася сумленная? Ня ведаю. Але не магу не адзначыць, што столькі нецэнзурнай лаянкі, як мы пачулі ў міліцыі, ня ў кожным іншым месцы можна пачуць. Я і на судзе пра гэта казала. Дзякуй богу, нам далі толькі 62 тысячы штрафу кожнай”.

Любові Кучынскай 22 гады, у лютым яе адлічылі зь Віцебскай вэтэрынарнай акадэміі за актыўны ўдзел у апазыцыйных акцыях.
XS
SM
MD
LG