Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці будзе ліквідаваны Саюз беларускіх пісьменьнікаў?


Радыё Свабода Заўтра ў Вярхоўным Судзе працягнецца разгляд справы Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Працэс ліквідацыі грамадзкай арганізацыі ініцыявала Міністэрства юстыцыі. Кіраўніцтва Саюзу кажа, што гатовае працаваць у любых умовах, незалежна ад таго, якім будзе рашэньне суду.

Прадстаўніца Вярхоўнага Суду Анастасія Цімановіч не бярэцца сьцьвярджаць, што рашэньне адносна Саюзу беларускіх пісьменьнікаў будзе абвешчана менавіта заўтра:

(Цімановіч:) “Што да Саюзу пісьменьнікаў, то заўтра аб 11-й будзе працяг працэсу, а наконт вынясеньня рашэньня мы сказаць нічога ня можам, яно не заплянаванае. Іншымі словамі, не было абвешчана, што рашэньне будзе вынесена менавіта заўтра. Тым больш, што заўтра прадстаўнікі Саюзу пісьменьнікаў зьбіраюцца прывесьці з сабой сьведкаў”.

Саюз беларускіх пісьменьнікаў абвінавацілі ў чатырох парушэньнях, якія могуць пацягнуць ліквідацыю гэтай грамадзкай арганізацыі.

Перадусім, шыльда з гербам “Пагоня” на дзьвярах службовага ўваходу Дому літаратара. Па-другое, тая ж “Пагоня” на членскіх білетах сябраў Саюзу пісьменьнікаў. Па-трэцяе, выкарыстаньне неадпаведных блянкаў “Саюз пісьменьнікаў Беларусі”, бо цяпер так называецца арганізацыя пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца. Яшчэ адно абвінавачаньне — на падставе таго, што летась у кавярні Дому літаратара адбыўся ўстаноўчы зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Аляксандра Казуліна, у камандзе якога працаваў і кіраўнік Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч.

Сам спадар Пашкевіч лічыць, што менавіта гэты факт і стаў падставай для ліквідацыі аб’яднаньня.

(Пашкевіч: ) “Самае злоснае парушэньне заканадаўства, якое нам прыпісваюць — гэта правядзеньне зьезду партыі, да якога мы ніякага дачыненьня ня мелі. Прачытаўшы судовую позву, відаць, што менавіта гэтаму нададзена найбольш увагі. Бо і пячатка, і блянк — усё гэта даўно выпраўлена. Што да шыльды, то гэта, лічу, зусім ужо дзіцячы сад. Такім чынам, ва ўсім астатнім няма дзеля чаго выносіць справу ў Вярхоўны Суд. Але паколькі не атрымалася перацягнуць, пераканаць, перакупіць кіраўніцтва і сябраў саюзу, а тым больш, што ў гэты час аб’ядналіся вакол Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і старэйшыны, і маладыя (маю на ўвазе апошнюю раду, калі мы прынялі 55 новых сябраў), то дзяржава пайшла правераным шляхам: у Міністэрства юстыцыі яшчэ ніводнае грамадзкае аб’яднаньне не выйгравала ў Вярхоўным Судзе справы. Нам, канечне, хацелася б быць першымі, выйграць і ўрэшце пачаць наступ на Мін’юст”.

Першы сакратар Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Анатоль Аўруцін сьцьвярджае, што наваствораны Саюз ня мае да працэсу ліквідацыі канкурэнтаў ніякага дачыненьня.

(Аўруцін: ) “Зразумейце правільна: мы зь імі ня судзімся й судзіцца не зьбіраемся. Але ўжо даўно няма нідзе ў сьвеце выключна аднаго Саюзу пісьменьнікаў. Менавіта з-за таго, што ня могуць сабрацца ўсе аднадумцы пад адным дахам. Кожны робіць штосьці сваё, адметнае, бо гэта — цэлая плянэта з мноствам меркаваньняў. Толькі людзі, блізкія адзін да аднаго паводле перакананьняў, паводле літаратурных поглядаў, зьбіраюцца разам. Так было ў час Пушкіна, у час Някрасава. Зьбіраліся вакол “Современника”, вакол “Отечественных записок”, яшчэ вакол чагосьці. Гэта нармалёвая зьява ў літаратуры, няма тут ніякіх страхаў ці супярэчнасьцяў. Гэта лягічны працэс, і рана ці позна да гэтага мы павінны былі прыйсьці. Мы адна арганізацыя, а яны — зусім іншая”.

У сваю чаргу, Алесь Пашкевіч расказаў, што прапановы зарэгістраваць Саюз беларускіх пісьменьнікаў паступілі з Кіева, Вільні й Масквы. Таму ў любым выпадку ўвосень адбудзецца справаздачна-выбарны зьезд гэтай грамадзкай арганізацыі.
XS
SM
MD
LG