Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы й твары плошчы: Aлесь Стральцоў


Радыё Свабода Радыё Свабода працягвае расказваць пра абаронцаў дэмакратыі на Кастрычніцкай плошчы Менску. Адным сярод вялікай колькасьці арыштаваных, аштрафаваных і зьняволеных стаў Алесь Стральцоў.

Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алесь Стральцоў з прэстыжнай працы ў прыватнай кампаніі быў звольнены яшчэ падчас збору подпісаў за Аляксандра Казуліна. Таму на Кастрычніцкай плошчы заставаўся ўсю першую ноч, затым працаваў фотахранікёрам партыі, прыносіў пратэстоўцам лекі, ежу й гарбату. Быў затрыманы 23 сакавіка пасьля таго, як на аўтамабілі прывёз туды рок-музыкаў. 10 сутак арышту за гэта шокам ня сталі, кажа Алесь.

(Стральцоў: ) “Маральна ўсе людзі, якія ішлі на плошчу 19 сакавіка, былі гатовыя да самага горшага. Таму 10 сутак – гэта нішто ў параўнаньні з тым, што рэжым нам пагражаў 15-ю гадамі, пагражаў закатаць нас пад асфальт”.

Калі Алесь адбываў прысуджаны тэрмін на Акрэсьціна, суд завочна прызначыў яму яшчэ сем сутак за ўдзел у падзеях 2 сакавіка, калі быў зьбіты Аляксандр Казулін, а затым адбыўся мітынг з удзелам Аляксандра Мілінкевіча. Тамара Стральцова, у адрозьненьне ад сына, вельмі абураная тым, што зь ім адбылося.

(Стральцова: ) “Ён жа плякат трымаў: “За радзіму, за Беларусь, за цябе!” Чамусьці можна напісаць “За Беларусь!” на кожным слупе. А як трымаць у руках, дык нельга, дык на сем сутак яго”.

У дадатковы тэрмін Алесь абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць пачатку крымінальных справаў у дачыненьні да шэрагу сяброў палітычных партыяў. Паводле яго, усё тое, што адбывалася тымі днямі ў турме ды ў краіне ў цэлым, мела відавочны ўплыў і на ахоўнікаў турмы.

(Стральцоў: ) “На трэція суткі я крыху страціў прытомнасьць, і яны вельмі перапалохаліся. Усё спрабавалі падсунуць мне кубак гарбаты альбо даць дзьве порцыі. Чалавек, які адказвае за нас, ходзіць па калідоры, калідорная, яна звычайна вельмі груба лаецца, але гэтым разам вельмі спачувальна паставілася, сказала, маўляў, дзеткі, вы ж гэтым нічога не дакажаце... Яны вельмі спалохаліся 25 сакавіка. Былі такія цікавыя моманты, калі міліцыянты хадзілі па калідоры, і такія словы ад іх гучалі: нам гамон, жахлівыя справы – гэта я ўжо на літаратурную беларускую мову перакладаю. Упершыню пачуў, як міліцыя ўжывае такія словы, як “Жыве Беларусь”. Я думаю, што яны ў прынцыпе, паважаюць такую пазыцыю”.

Сустракаць Алеся Стральцова з турмы на Акрэсьціна прыйшлі ягоныя сваякі, сябры й паплечнікі па партыі. Адзін зь іх, Мікалай, вызваліўся з Акрэсьціна раней, адбыўшы 10 сутак пасьля арышту ў намётавым лягеры ў ноч на 24 сакавіка. Кажа, што найбольш уразіла пазыцыя дзяржаўнага тэлебачаньня, але ні хлусьня, ні рэпрэсіі яго не напалохалі.

(Мікалай: ) “Мае знаёмцы мне паведамілі, што мяне паказвалі па БТ. І мяне паказвалі ў тым сьвятле, што гэта, маўляў, дзеці, падманутыя апазыцыяй. Дык вось мне сёлета – 30 гадоў. Дык што яны паказваюць насамрэч?! Вярніце ўсіх назад, пастаўце намётавы лягер, дайце яшчэ па 10 сутак, і я ізноў пайду, каб хоць пабачыць тых людзей. Бо там было самае свабоднае месца ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG