Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск на Віленскую канфэрэнцыю не запрошаны


Радыё Свабода Старшыня Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які ўдзельнічаў у Вільні ў форуме няўрадавых арганізацыяў, чакае ад сёньняшняга паседжаньня на высокім узроўні рэзалюцыі па Беларускім пытаньні.

(Лябедзька: ) "У гэтай канфэрэнцыі бяруць удзел шэраг кіраўнікоў дзяржаваў. Будуць выступы Валдаса Адамкуса, Леха Качыньскага, Міхаіла Саакашвілі, прэзыдэнта Украіны Віктара Юшчанкі, Арнольда Руйтэля, прэзыдэнта Эстоніі, прэзыдэнта Баўгаріі Георгія Пырванава, віцэ-прэзыдэнта ЗША Рычарда Чэйні, Хаўера Саляны, прадстаўніка Эўрапейскага Зьвязу па зьнешняй палітыцы ды іншых. Я думаю, гэта будзе даволі цікавая дыскусія. І будзе выніковая рэзалюцыя на паседжаньні кіраўнікоў дзяржаваў".

Беларускія афіцыйныя асобы на Віленскую канфэрэнцыю не запрошаныя. У межах штогадовай канфэрэнцыі праходзіць некалькі форумаў. Ва ўсіх, акрамя форуму кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў, бяруць удзел прадстаўнікі Беларусі – сябры няўрадавых арганізацыяў, кіраўнікі палітычных партыяў, інтэлігенцыя, моладзь.

У форуме няўрадавых арганізацыяў удзельнічаюць Ірына Красоўская, Андрэй Саньнікаў, Анатоль Лябедзька, Іна Кулей, Ірына Казуліна. У форуме інтэлектуалаў бяруць удзел Аляксандар Фядута, Васіль Лявонаў, Андрэй Суздальцаў, Аляксандар Вайтовіч; цэлая група пісьменьнікаў – Генадзь Бураўкін, Алесь Пашкевіч, Сяргей Законьнікаў, Вольга Іпатава, Яўген Будзінас. У Вільні цяпер знаходзіцца і вялікая група моладзі з Кастрычніцкага пляцу.

Удзельнікі канфэрэнцыі няўрадавых арганізацыяў ў сераду абмеркавалі беларускае пытаньне, удзельнікі моладзевага форуму прынялі рэзалюцыю, у якой гаворыцца: “Людзі Беларусі не павінны быць пакінутыя ў адзіноце”. Мяркуецца, што беларускія ўдзельнікі Віленскай канфэрэнцыі сустрэнуцца з некаторымі кіраўнікамі эўрапейскіх краінаў. Спадар Лябедзька спадзяецца, што беларускае пытаньне будзе ўключана ў парадак дня "вялікай васьмёркі" ў ліпені ў Санкт-Пецярбургу.
XS
SM
MD
LG