Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк: цана на газ у 2007 годзе застанецца на ўзроўні ўнутрырасейскай


Юлія Шарова, Менск Разам з тым старшыня Нацбанку Пётр Пракаповіч сёньня на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што ў плянах на пяцігодку яны прадугледжваюць падвышэньне коштаў на газ да ўсясьветнага ўзроўню. Якія наступствы гэта будзе мець для беларускай банкаўскай і фінансавай сыстэмы?

Паводле Пятра Пракаповіча, спэцыялісты Нацбанку пралічваюць розныя варыянты разьвіцьця падзеяў у зьвязку з магчымым падаражаньнем расейскага газу. Аднак на наступны год ніякіх істотных зьменаў у гэтай галіне яны не прагназуюць.

(Пракаповіч: ) “На сёньняшні дзень у нас адзін варыянт: кошты ў Беларусі будуць дакладна такія, як у Расеі, бо гэта адпавядае саюзнай дамове й нашым дамоўленасьцям. А тыя тэхнічныя пытаньні й праблемы, якія існуюць паміж суб’ектамі гаспадараньня, яны, я мяркую, да канца году будуць вырашаныя”.

На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Санкт-Пецярбурзе расейскі лідэр Ўладзімер Пуцін выказваўся наконт таго, што ўвядзеньне расейскага рубля ў якасьці адзінай валюты значна спрасьціла б разьлікі за газ. Аднак, заяўляе Пётр Пракаповіч, працэсы валютнай інтэграцыі паскарацца ня будуць. Найбольш верагодным тэрмінам пераходу на расейскі рубель па-ранейшаму застаецца 2008 год.

Эканаміст Валеры Дашкевіч лічыць, што кошты на газ для Беларусі з наступнага году ўсё ж узрастуць – гэта будзе прыкладна 80-100 даляраў за тысячу кубамэтраў. На айчынную банкаўскую сыстэму гэта наўпрост не паўплывае, хоць у далейшым можа прывесьці да некаторага зьбядненьня банкаў – праз агульныя эканамічныя праблемы.

(Дашкевіч: ) “Для прадпрыемстваў гэта абернецца зьніжэньнем рэнтабэльнасьці, зьніжэньнем аб’ёму атрыманых прыбыткаў. Насельніцтва стане жыць крыху горш. Улічваючы тое, што ашчаджэньні насельніцтва ў банкаўскую сыстэму стануць меншыя, на рахунках прадпрыемстваў будзе заставацца ўсё меней і меней грошай, гэта адчуе й банкаўская сыстэма, якая згубіць частку сваёй рэсурснай базы. Адпаведна, будзе меней магчымасьцяў крэдытаваць нармальны прыбытковы бізнэс і тое ж самае насельніцтва. Тэмпы прыросту актываў зьменшацца”.

Са словаў эканаміста, у банкаў могуць узьнікнуць і пэўныя праблемы зь вяртаньнем доўгатэрміновых крэдытаў прадпрыемствам, якія выдаюцца цяпер (аб’ём патрабаваньняў банкаў да эканомікі на сёньня перавышае 14 трыльёнаў рублёў). Верагодныя таксама й складанасьці з падтрыманьнем абменнага курсу беларускага рубля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG