Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы з прозьвішчам Свабода маюць чэскія карані


Іна Студзінская, Менск Свабода – назоў нашай радыё станцыі. Свабода – назоў вёскі. Свабода – рэдкае прозьвішча. Свабодаўцаў па Беларусі расшуквала наша карэспандэнтка.

У Менску знайшлі мы трох чалавек з прозьвішчам Свабода.

Гутару з менчуком Фёдарам Свабодам:

(Карэспандэнтка: ) "У вас вельмі дзіўнае прозьвішча – Свабода. Вы цікавіліся паходжаньнем, адкуль гэта пайшло, сваімі продкамі?

(Свабода: ) "Так, цікавіўся продкамі. Дзед у мяне – чэх, і адтуль прозьвішча".

(Карэспандэнтка: ) "А дзед дагэтуль у Чэхіі жыве?"

(Свабода: ) "Не, ён адтуль прыехаў і жыў у Беларусі ўвесь час".

(Карэспандэнтка: ) "А бабуля ў вас чэшка ці беларуска?"

(Свабода: ) "Беларуска".

(Карэспандэнтка: ) "А ці былі якія-небудзь праблемы ў дзяцінстве, можа, мянушкі якія?"

(Свабода: ) "Не памятаю. Не было складанасьцяў, я думаю".

(Карэспандэнтка: ) "А на працы?"

(Свабода: ) "Таксама няма праблем ніякіх".

Больш за ўсё Свабодаў – у Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласьці, у вёсцы Дудзічы. Мы датэлефанаваліся Але Свабодзе:

(Ала Свабода: ) "У нас ад аднаго Свабоды атрымалася ўжо 3 сям''і, ад бацькі, ад дзеда. А побач на хутары таксама Свабоды жывуць. Я сама нявестка, а ў майго мужыка бацька, як вайна была, прыехаў сюды з Чэхаславакіі. Мы туды і запыты рабілі..."

(Карэспандэнтка: ) "У жыцьці з такім прозьвішчам лёгка? Ці, можа, былі праблемы нейкія?"

(Ала Свабода: ) (сьмяецца) "Наадварот, кажаш, што прозьвішча Свабода, і ўсё свабодна! Усе ўсьміхаюцца, што такое прозьвішча рэдкае. Галоўнае, што запамінаецца прозьвішча".

Тое, што прозьвішча Свабода маюць чэскія карані, пацьвердзіў і лінгвіст Зьміцер Саўка:

(Саўка: ) "Свабода – гэта чэскія. Свобада і Слобада, дарэчы, гэта тое самае этымалягічна".

Вельмі распаўсюджана прозьвішча Свабода ў Чэхіі. Згодна з апошнім перапісам насельніцтва, 25 тысяч мужчын маюць прозьвішча Свобада, 27 тысяч жанчын – Свобадава. У Нямеччыне распаўсюджаныя прозьвішчы Фрай, Фрэй, Фрыман, у Ангельшчыне – Фры і Фрыман, у ЗША – Лібэрман.

Свабоды ў Беларусі ёсьць. А вось людзей з прозьвішчамі Дыктатар, Тыран альбо Правадыр мы не знайшлі.
XS
SM
MD
LG