Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачаўся XIV фэстываль моды і фота “Млын моды”


Альгерд Невяроўскі, Менск 180 калекцыяў мадэляў адзеньня маладых беларускіх дызайнэраў, госьці з мадэльных эўрапейскіх мадэльных школаў – усё гэта сышлося на чатырнаццатым Міжнародным фэсьце “Млын моды”. На паказе першага дня калекцыяў прысутнічаў наш карэспандэнт.

Я знаходжуся ў канцэртнай залі Менскага Палаца культуры прафсаюзаў.

Як на мой дылетанцкі погляд, глядзець асабліва няма на што. Ходзяць па подыюму маладыя дзеўкі ды хлопцы. Публікі поўная заля. На дэфіле мадэлек рэагуюць па-рознаму: хто зь цікавасьцю, хто з абыякавасьцю.

(Дзяўчына: ) “Многія зь іх бы апранула”.

(Дзяўчына: ) “Напэўна, так, бо гэтыя мадэлі адрозьніваюцца ад таго, што можна купіць на рынку”.

(Хлопец: ) “Мужчынскую частку я б не апрануў, а жаночую я на сябе не магу прымераць”.

(Дзяўчына: ) “Я сама дызайнэр, таму, напэўна, так. Адзеньне выдзяляецца. Так ідзеш, горад шэры, а хочацца каб было весела, настрой людзям падымаць. Ты ідзеш, табе пасьміхаюцца і ты пасьміхаесься іншым”.

За фэстам уважліва назіраюць прадстаўнікі эўрапейскіх мадэльных школаў. Яшчэ з большай апантанасьцю за паказам сочыць арганізатар мерапрыемства – беларускі мадэльер Саша Варламаў. Адно вока на сцэну, другое – на ганаровых гасьцей.

Спадар Варламаў не губляе надзеі, што першыя належным чанам ацэняць маладых і таленавітых, і ўрэшце беларускі калекцыі будуць дэманстравацца на подыюмах Эўропы.

Разам з гэтым арганізатар папярэджвае: “Млын моды-2006” у сцэнічным пляне калекцыяў наўрад ці кагосьці ўразіць. Галоўная мэта іншая: вынайсьці ў модзе новыя стылі і плыні.

(Варламаў: ) “Справа ў тым, што сёньня любы дызайнэр майго ўзросту цудоўна разумее, што ён, у прынцыпе, нічога новага не адкрые. Са сваім прафэсіяналізмам ён можа рабіць вельмі добрае адзеньне, але ж мода – гэта тое, што будзе заўтра ці пасьлязаўтра. Даваць магчымасьць праяўляць сілу маладым дызайнэрам – гэта, відаць, і ёсьць разумнае й мудрае рашэньне”.

4 калекцыі, паказаныя на “Млыне моды-2006” паедуць у Маскву. Фэст Сашы Варламава – гэта адначасна паўфінал конкурсу, які ладзіць фундацыя “Расейскі сылюэт”.

Спадар Варламаў працягвае:

(Варламаў: ) “Іншыя калекцыі будуць прэзэнтаваць нашу краіну і ў галерэі Ляфает, і ў Барсэлёне, і ў горадзе Борас, і ў наступным годзе на венскім тыдні высокай моды. У кожнай міжнароднай школы, экспэрта свой уласны погляд. Няма адзінага рашэньня вось гэта модна, а гэта не. Кожная школа, прадстаўніцтва, агенцтва моды выбірае сваё, тое, што ім бліжэй”.

Калекцыі беларускіх дызайнэраў будуць спаборнічаць між сабой ажно тры дні. Скончыцца “Млын моды – 2006” своеасаблівым майстар-клясам – свае калекцыі пакажуць эўрапейскія мадэльеры.
XS
SM
MD
LG