Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беліца


Ягор Маёрчык, Беліца, Сеньненскі раён, Віцебшчына Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”. (эфір 1 траўня)

У Сеньненскім раёне Віцебшчыны суседзяць ажно тры Беліцы: Новая Беліца, Старая Беліца і Малая Беліца. Паміж імі — чорныя палі.



За суткі да 78-га дня народзінаў Анастасіі Бандарэвіч яе родная Малая Беліца ледзь не згарэла.

(Бандарэвіч: ) “Людзі з таго канца запалілі траву. Уся вёска магла пагарэць, а так усе крычалі, паратунку шукалі. І пажарнікаў выклікалі, і людзі сваімі сіламі тушылі. Прыходзіла пляменьніца і казала, што ад пачатку яны пабеглі бязь вёдзер. І толькі пасьля вёдры прынесьлі”.

(Карэспандэнт: ) “А знайшлі, хто падпаліў?”

(Бандарэвіч: ) “Ня ведаю. Я сяджу ў хаце і нідзе не бываю”.

(Карэспандэнт: ) “Ці бываюць людзі зь сельсавету? Цікавяцца, чым дапамагчы?”

(Бандарэвіч: ) “Колькі я хварэю, ніводнага разу не пацікавіліся. Як трэба было, каб за Бяляева прагаласавалі, лёталі”.

(Карэспандэнт: ) “А хто такі Бяляеў?”

(Бандарэвіч: ) “Старшыня сельсавету”.

(Карэспандэнт: ) “Пабываў я ў Бельскага...”

(Бандарэвіч: ) “Ён працуе і ўдзень, і ў начы. Працуе, страраецца”.

(Карэспандэнт: ) “За грошы ці за сто грамаў?”

(Бандарэвіч: ) “Не-не, ён гарэлкі ня п’ець. Такое толькі ў рэдкім выпадку бывае. Сама лепей плаціць грошамі, а ён там што з грошамі хоча, тое і робіць”.

46-гадовы Мікалай Бельскі — знакамітасьць раённага маштабу. Паводле адукацыі ён тэхнік-мэханік. У сваіх майстэрнях зьбірае гаспадарчыя машыны ўласнай канструкцыі. Апрацоўвае на іх зямлю сабе ды суседзям.



Спадар Бельскі — шматгадовы (яшчэ ад Савецкага Саюзу) слухач Радыё Свабода, аўтар лістоў, а зь нядаўняга часу штодня тэлефануе на нумар “Свабоды”. Ягоныя выказваньні часам гучаць у праграме “Званкі на Свабоду”.

(Бельскі: ) “Рабіў на саўгас, працаваў у каапэратыве. Пасьля выйшаў з партыі й пайшоў займацца сваёй справай, якую люблю болей за ўсё, — зборка трактароў, камбайнаў, капалкі, сажалкі, пагрузьнікі, самазвалы. Прыкладам, пагрузьнік я пачаў зьбіраць, пасьля таго, як чарговы раз глянуў на кучу гною, якую трэба перакідаць зь месца на месца, а пасьля вывозіць на поле і параструшваць”.



(Карэспандэнт: ) “З чаго вы машыны зьбіраеце?”

(Бельскі: ) “Капаюся ў ламаччы, пакуль не прагоняць. Я раблю тое, на што ёсьць попыт. Асабліва бульбяныя капалкі”.

(Карэспандэнт: ) “А вы толькі сабе робіце, альбо суседзям за грошы дапамагаеце?”

(Бельскі: ) “Нічога асабіста для сябе я ніколі не раблю. Я раблю тое, што можа спартрэбіцца ўсім. Я за два тыдні людзям 100 гектараў сена пакасіў”.

(Карэспандэнт: ) “Калектыўная гаспадарка, якая мае сваю тэхніку, зарабляе ў тым ліку і на апрацоўцы прыватных надзелаў. А тут вы са сваёй тэхнікай... Як яны паглядаюць на тое, што вы кліентаў забіраеце?”

(Бельскі: ) “Коса глядзяць на тых, хто амаль цалкам перавалок да сябе саўгасную тэхніку. А ў мяне ўсё сабранае з ламачча. Пэнсіянэр у нас абрабляе зямлю, пакуль не складзе ластаў. Мы лёгка знаходзім паразуменьне: для іх робіш за мех збожжа, альбо яшчэ за што. Грошай у іх няма. Калі ня я, зробіць сельсагтэхніка, але тады ім прыйдзецца выкласьці вялікую капейчыну. Таму яны глядзяць, каб была эканомія”.

(Карэспандэнт: ) “Як вашая сям’я ставіцца да фэрмэрства?”

(Бельскі: ) “Часам яны злуюцца, бо прыбытак малы. А як што ідзе добра, яны рады, што мэханізавана”.

(Карэспандэнт: ) “Клопат мясцовай улады адчуваецца?”

(Бельскі: ) “Дырэктар гаспадаркі хутчэй адправіць да прыватнікаў. Маўляў, у іх ёсьць трактары, хай яны вам абрабляюць. А для старшыні сельсавету на першым месцы — пафарбаваць платы. Ён павінен быць усюль, а калі ён павінен быць усюль, яго нідзе немагчыма знайсьці. Ён можа займацца сваёй справай, атрымліваць заробак і чакаць пэнсіі. У нас з вадой цяжка. У суседняй вёсцы зрабілі воданапорную вежу. Яны, пэўна, ужо і ня рады, што зрабілі, там няма гаспадара, каб за ёй глядзець. Яна размарожваецца і лопаецца. Старшыня сельсавету яшчэ на сходзе пахваліў: “Во які Бельскі, не пабаяўся залезьці на гэтую вышыню!”

З хаты Мікалая Бельскага я выходжу на падворак, які болей нагадвае мэханічны двор калгасу: тут трактары і машыны, запчасткі да іх.

Ля гары парэзаных, але яшчэ не пасечаных дроваў, спыняю маці Мікалая Бельскага, Эмілію. Яна, два Мікалаевы браты і ён сам — усе адна сям’я.

(Эмілія: ) “Ён яшчэ калі ў школу хадзіў, знайшоў нейкую такую рыгадзюліну. Туды прыстасаваў матор і вадзяное ахаладжэньне. І яны на гэтым доўгім цудзе каталіся па магістралі. Цяга да тэхнікі ў яго зь дзяцінства”.

(Карэспандэнт: ) “А як калгаснае начальства да яго ставіцца — да таго, што ён самастойны?”

(Эмілія: ) “Не чапаюць, бо ён і ім дапамагае. У гэтых гаспадарках такая галота, што грошай няма. Майстэрня не працуе. А ён робіць якасна, не па-калгаснаму”.



(Карэспандэнт: ) “У вёсцы людзі палітыкай цікавяцца?”

(Эмілія: ) “Я ж не зусім такая калгасьніца: працавала сакратаром-машыністкай і працавала добра, шмат чытаю, увесь час слухаю “Свабоду”. Аў людзей нашых нічога няма. Толькі калі паглядзяць па тэлевізары”.

(Карэспандэнт: ) “За каго людзі галасавалі?”

(Эмілія: ) “Толькі за Лукашэнку. Ім нават і слова сказаць нельга”.

Да апазыцыйных поглядаў Бельскіх людзі ставяцца стрымана. Могуць, канечне, паспрачацца пра сымпатыі й антыпатыі да цяпершаняй улады, але ад дапамогі Мікалая не адмаўляюцца.

Малая Беліца сапраўды малая — на адной вуліцы дзясятак жылых хатаў і столькі ж закінутых.

Праз плот адной сядзібы назіраю такую карціну. Сталага веку дзядок корміць курак, а ў гародзе кабета гадоў сарака рыхліць віламі зямлю. На мой закід, маўляў, папрасіце Мікалая Бельскага, і ён за пару хвілінаў узарэ ўсе палеткі, спадарыня адказвае, што ўвесь агарод даўно не засяваюць. Ёй трэба адна толькі градка, каб кінуць у ральлю насеньне шчаўя. Кабета ўсьміхаецца і дадае: для мяне, гараджанкі, пакорпацца ў зямлі — гэта як фіззарадка.

(Спадарыня: ) “Тут ужо засталіся адныя старыя, гаспадаркі ў іх амаль няма. Вымірае Беліца. Толькі што гэты Мікалай Бельскі. Ён самавучка. Толькі ён і можа дапамагчы. Каму што трэба — усё да яго”.

(Карэспандэнт: ) “Мог бы ўжо грошы за гэта браць і добра жыць...”

(Спадарыня: ) “І я тое самае кажу, каб ён жыў у горадзе, шмат бы меў!”

(Карэспандэнт: ) “А чаго ён у горад не перабіраецца?”

(Спадарыня: ) “Ён зямлі адданы”.

Па ўсёй Беліцы агароджы драўляныя і нізенькія — безь перашкодаў можна пабачыць, што робіцца на гародзе і ў двары вяскоўцаў. І толькі сядзіба пэнсіянэра Івана Камінскага мае жалезную браму і вышэйшы за галаву плот.

(Карэспандэнт: ) “Пабачыў, што на вашай браме вісіць шыльда “Тут можна выклікаць міліцыю”. Вы тут за парадкам сочыце?”

(Камінскі: ) “За парадкам я не сачу. У мяне сын у міліцыі працуе. Вось ён і прыляпіў. Тут у нас чалавек адзін не жыве, а ў яго мак рос на гародзе. Ну, нейкія людзі яго рвалі. А нехта выклікаў міліцыю. Іх злавілі. А я цяпер баюся, на мяне падумаюць і хату спаляць”.

(Карэспандэнт: ) “А вы нейкім чынам абараняецеся? Гляджу, у вас плот высокі, брама жалезная...”

(Камінскі: ) “У нас тут цэлыя дзьве сям’і злодзеяў. У закінутых хатах і вокны паздымалі, цэглу крадуць і дошкі цягнуць. А іх цяпер ня надта і садзяць. Адзін чалавек, ён у міліцыі працаваў, ён у мяне скраў адну рэч. У мяне стрэльбы няма, а была “ваздушка”, помпавая стрэльба, якая выглядае як вінтоўка... А ён на мяне прэць... Я кажу: “Яшчэ крок — і я страляю!” А сам-та я і страляць ня ўмею. Ён і пашоў прэч. А пасьля мне патлумачылі, што каб я яго застрэліў, пасадзілі, параніў — плаціў бы пэнсію. Што гэта за закон такі?! Трэба было загадаць легчы яму на зямлю і пайсьці выклікаць міліцыю. Пакуль бы я ў хату пайшоў, ён бы ўскочыў і пабег!”

(Карэспандэнт: ) “Як людзі ставяцца да таго, што робіць Мікалай Бельскі?”

(Камінскі: ) “Нэўтральна. Ён рамантуе тэхніку”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта, можа, добра?”

(Камінскі: ) “Так, бо саўгас дажыўся да таго, што няма майстэрняў і да яго тэхніку ганяюць”.

Я хаджу па вёсцы і шукаю, з кім паразмаўляць. Празь некалькі гадзінаў шукаюць ужо мяне. Абапіраючыся на два кійкі, даганяе Валянціна Барысава. Бабулька мае толькі адну просьбу: паедзьце, кажа, ды навядзіце парадак у сельсавеце!



(Барысава: ) “Ой, столькі крыўды будзе, каб вы толькі ведалі! Усю зіму праседзела бяз радыё. Прашу радыё: і на пошту званілі, і ў Сянно званілі — ніхто не дапамагае! Хай узімку сьнег перашкаджаў... А што перашкаджае цяпер? Сонца?! Па-другое, як вялі дарогу на могілкі, мы прасілі ў старшыні сельсавету, каб да калодзежа прывезьці дзьве машыны пяску. Ён паабяцаў і не прывёз. Каб вы схадзілі ды паглядзелі, які мы п’ем бруд! Да калодзежа немагчыма падысьці. Ці можна так жыць?! Да таго ж я яшчэ калека, у краму схадзіць не магу. Людзей прашу хлеба прынесьці. І тога ж Колю папросіш — ён зробіць, і ягоную маці. Гэта золата, а ня людзі. Яны выручаюць на кожным кроку. Вы там сельсавет крыху паганяйце, каб яны баяліся і нешта рабілі, а то яны там пазажырэлі, шмат атрымліваюць, ім болей нічога ня трэба!”

Пасьля камандзіроўкі ў Сеньненскі раён спадар Бельскі тэлефанаваў на “Свабоду” і прасіў ня ставіць яго ў цэнтар перадачы. Аднак збоку лепш відаць, хто і як выглядае ў навакольным асяродку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG