Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віленскай канфэрэнцыі ўдзельнічаюць і дэмакраты зь Беларусі


Радыё Свабода У сталіцы Літвы сёньня пачалася штогадовая Віленская канфэрэнцыя. У ёй удзельнічаюць кіраўнікі шэрагу дзяржаў, прадстаўнікі дэмакратычных колаў Беларусі.

Беларусь на Віленскай канфэрэнцыі прадстаўляюць лідэры й актывісты дэмакратычных сіл – палітычных партый і грамадзкіх арганізацый. Вось што паведаміў Радыё Свабода адзін з удзельнікаў форуму старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “У Вільні вялікая прадстаўнічая дэлегацыя. Тут адначасова некалькі пляцовак, на якіх разгортваюцца падзеі. Напрыклад, падчас працы на панэлі, на якой я ўдзельнічаў, тут і Ірына Казуліна, і Іна Кулей, і Ірына Красоўская, і Андрэй Саньнікаў. На другой панэлі-пляцоўцы прысутнічаюць Бураўкін, Законьнікаў, Лявонаў, Падгол, Алена Данэйка, шэраг іншых асоб. Прыехала вялікая група моладзі, якая выйшла, скажам так, з нашага беларускага “майдана”.

Дарэчы, на пляцоўцы, дзе праходзіў форум моладзі новых дэмакратычных краін Эўропы, сёньня, паводле Анатоля Лябедзькі, была прынята рэзалюцыя, у якой знайшла адлюстраваньне сытуацыя ў Беларусі. Удзельнікі форуму выказалі, у прыватнасьці, салідарнасьць зь беларускай моладзьдзю, якая змагаецца за мірныя перамены й свабоду ў Беларусі. Мяркуецца, што й на іншых пляцоўках Віленскай канфэрэнцыі становішча ў Беларусі будзе абмеркавана і ўвойдзе ў выніковыя дакумэнты форуму. Як зазначыў лідэр АГП, пра падзеі ў Беларусі будуць гаварыць у Вільні й кіраўнікі дзяржаваў:

(Лябедзька: ) “Сярод удзельнікаў Віленскага форуму прэзыдэнт Украіны Юшчанка, прэзыдэнт Малдовы Варонін, прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, таксама Лех Качыньскі – прэзыдэнт Польшчы, натуральна Валдас Адамкус, таксама прэзыдэнт Румыніі Траян Басеску, Арнольд Руйтэль (Эстонія), Віке Фрэйберга – прэзыдэнтка Латвіі, прэзыдэнт Баўгарыі Георгі Пырванаў і іншыя… Усяго каля 20 краін, якія прадстаўлены альбо першымі асобамі, альбо на вельмі высокім узроўні. Яшчэ ў Вільню прыехаў віцэ-прэзыдэнт ЗША Чэйні і таксама будзе прымаць удзел. Ёсьць цікавасьць да беларускага пытаньня і ў нас ёсьць насамрэч шанец зрабіць беларускае пытаньне часткай агульнаэўрапейскага парадку дня”.

Прадстаўнікоў цяперашніх уладаў Беларусі, як падкрэсьліў Анатоль Лябедзька, на Віленскую канфэрэнцыю яе арганізатары не запрашалі.
XS
SM
MD
LG