Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Зьмена ўлады ў Беларусі адбудзецца не праз рэвалюцыю і не намаганьнямі апазыцыі”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 3 траўня) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Масавыя пратэсты апазыцыі; супярэчлівыя дачыненьні паміж Беларусьсю і Расеяй; візавыя санкцыі Эўразьвязу адносна некаторых высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў — вось галоўныя тэмы лістоў у сёньняшняй пошце “Свабоды”. Пачну размову з электроннага допісу Анатоля Касько зь Менску:

“Вось і скончылася беларуская рэвалюцыя, толкам нават не пачаўшыся. Колькі людзей прыйшло да Акадэміі навук 1 траўня? Пяцьсот? Тысяча? І з дапамогай такога натоўпу апазыцыя хоча дамагчыся ўлады? Назіраючы за тым, што адбываецца, я ўсё больш пераконваюся, што зьмена ўлады ў Беларусі адбудзецца не праз рэвалюцыю й не намаганьнямі апазыцыі. Можа, гэта будзе змова генэралаў ці міністраў? А можа, Лукашэнка калі-небудзь сам захоча на адпачынак, а на разьвітаньне пажадае пакінуць пасьля сябе дэмакратыю, а таму распачне дэмакратычныя рэформы… Варыянтаў шмат. Акрамя аднаго: рэвалюцыйнага. Рэвалюцыяў у Беларусі ніколі не было. Нават у 1917 годзе, калі да ўлады прыходзілі бальшавікі, у Менску не адбывалася нічога падобнага на падзеі ў Петраградзе”.

Чаму на вуліцы Менску выйшла няшмат людзей 1 траўня? Прычынаў можна назваць шмат, спадар Касько. Тут і шматдзённыя выходныя, і пачатак агародна-дачнага сэзону, і арышты лідэраў апазыцыі, і слабая інфармацыйная падрыхтоўка. Што да рэвалюцыі, то наўрад ці беларусы ў гэтым сэнсе неяк кардынальна адрозьніваюцца ад суседніх народаў — тых жа палякаў, літоўцаў, украінцаў… Але рэвалюцыі, сапраўды, рэдка адбываюцца ва ўмовах эканамічнага росту і жорсткай аўтарытарнай улады.

У пошце “Свабоды” па-ранейшаму багата лістоў на тэму беларуска-расейскіх дачыненьняў. Як яны будуць складвацца пасьля таго, як расейскі “Газпром” істотна падвысіць кошт газу для Беларусі? Вось якімі развагамі на гэты конт дзеліцца ў сваім лісьце Міхаіл Лысевіч зь Ліды:

“Мы апошнія, хто карыстаўся таннымі энэрганосьбітамі, пры гэтым нічога ня робячы дзеля мадэрнізацыі сваёй эканомікі. Чаму? Таму, што само слова “рэформы” ў Беларусі гучыць як лаянка. А галоўнае: наш прэзыдэнт лічыў сябе самым разумным і ніколі не чакаў, што Расея ўсур’ёз адважыцца на такія захады. А можа, чакаў? Чужая душа — загадка. І вось звон прагучаў, распачынаецца апошні акт трагікамэдыі пад назовам “стабільная і шчасьлівая Беларусь”. Да таго ж, ёсьць яшчэ адзін сур’ёзны момант: Расея ніколі не адмаўлялася ад палітыкі захопу чужых земляў любым коштам і любымі сродкамі. А ў Беларусі цяпер склалася такая сытуацыя, што лепш не прыдумаеш: бяры яе голымі рукамі. Тое, што мы цяпер у стане поўнай маральнай дэградацыі — відавочна. Самае галоўнае: мы пакуль не жадаем рашуча шукаць выйсьця, а самі як бы звонку назіраем, што ж з намі стане. Ды нічога добрага. Пацерпім дэфолт па ўсіх пунктах — і зьнікнем”.

Прагноз надта змрочны, спадар Лысевіч. Апошнія падзеі ў Менску засьведчылі, што людзей, якія ўсьведамляюць сур’ёзнасьць пагрозаў, пра якія вы пішаце — нямала. Істотна і тое, што і сама беларуская ўлада рэагуе на захады Масквы зусім ня так, як дзесяць год таму, у сярэдзіне 1990-х. Выказваньні пра каштоўнасьць і непарушнасьць дзяржаўнай незалежнасьці гучаць цяпер з вуснаў беларускіх кіраўнікоў часьцей, чым інтэграцыйныя лёзунгі. Ды і рэальныя дзеяньні сьведчаць пра гэта. Менск ужо каторы год цьвёрда абараняе ўласную грашовую сыстэму, а так званае “саюзнае будаўніцтва” за дзесяцігодзьдзе заведзена ў глыбокі крызіс.

Наш слухач Генадзь Зотаў зь Вялейкі 22 сакавіка адмыслова прыяжджаў у Менск, каб на свае вочы ўбачыць Кастрычніцкую плошчу і абаронцаў намётавага лягеру.

“Выбіраючыся ў дарогу, я апрануў два швэдры — каб адзін потым аддаць тым, хто заставаўся ў намётах нанач. Сакавіцкія ночы сёлета былі па-зімоваму марозныя. Я знаёміўся з гэтай моладзьдзю, са многімі размаўляў. Пераканаўся, што сабраліся разумныя і прыстойныя людзі — зусім не такія, як пра іх казала БТ. Ну, а чым гэта скончылася — усе ведаюць. Сотні людзей былі кінутыя ў турмы. Арышты працягваюцца і цяпер. І міжволі думаеш: якая ж будучыня чакае Рэспубліку Беларусь?”

Тая моладзь, зь якой вы, спадар Зотаў, знаёміліся на Кастрычніцкай плошчы, будучыню сваёй краіны ўяўляе вельмі пэўна і не сумняецца ў ёй. Гэтыя памкненьні да свабоды і справядлівасьці падтрымлівае ўвесь дэмакратычны сьвет. Большасьць краінаў Усходняй Эўропы яшчэ зусім нядаўна была ў падобнай сытуацыі: ва ўмовах аўтарытарных рэжымаў адкрыта выступаць супраць улады там таксама было небясьпечна. Але дзе тыя аўтарытарныя лідэры сёньня? Ці памятаюць юныя грамадзяне ўсходнеэўрапейскіх краінаў імёны Гамулкі, Гонэкера, Жыўкава, Чаўшэску? А яшчэ ж два дзясяткі гадоў таму для грамадзянаў гэтых краінаў яны здаваліся ўсёмагутнымі, а за найменшыя словы крытыкі на іхны адрас людзей кідалі ў турмы.

Алесь Чобат са Скідзелю ў сваім лісьце выказваецца наконт нядаўна ўведзеных Эўразьвязам візавых санкцыяў адносна трох дзясяткаў высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія арганізоўвалі й праводзілі прэзыдэнцкую выбарчую кампанію:

“Што мяне зьдзівіла і адначасова расьсьмяшыла, дык гэта нэрвовая рэакцыя гэтых трыццаці начальнікаў, дапушчаных да Лукашэнкі і адначасова не дапушчаных да Эўропы. Мы, кажуць, эўрапейцаў да сябе таксама не дапусьцім… Заела, замуляла. Напэўна, і сон адабрала. А чаго спалохаліся? Хто вам што зробіць, пакуль бацька жывы-здаровы? Але ж помніць сучка, чыё мяса зьела. Ведаюць яны, што правілы бюракратыі паўсюдныя і неадольныя, як законы фізыкі. Бо калі ёсьць сьпіс, то далей зь ім можа быць што заўгодна. Гэта цяпер нельга толькі ў Эўропу. А заўтра? Што, калі па ўсёй Маскве налепяць плякаты “Их разыскивает милиция”? А потым пойдзе па руках і тут, і там калода фатакартак? І немагчымае стане магчымым, бо любая бюракратыя ведае: няма на сьвеце такога, чаго ня здольная выдумаць іншая бюракратыя…”

Але пры ўсіх гэтых страхах, спадар Чобат, нешта не чуваць было пра выпадкі, калі б ці то судзьдзя, ці высокапастаўлены вэртыкальшчык адмовіўся выконваць загад, які патэнцыйна пагражае яму ўключэньнем у гэты сьпіс неўязных. Увесь мэханізм пакуль што безадмоўна дзейнічае.

Электронны ліст ад Дзьмітрыя Амельчанкі зь Менску — таксама на тэму візавых санкцыяў Эўразьвязу. Слухач піша:

“Зноў апазыцыя паказвае, што дэмакратыя для яе — толькі шыльда, прыгожае слова. Чалавек, які называе сябе лідэрам дэмакратычнага руху, і група ягоных паплечнікаў напісалі данос на сваю суайчыньніцу Паліну Смолаву, і ў гэтым даносе запатрабавалі ўжыць супраць яе санкцыі толькі за тое, што яна мае іншы, чым у іх, пункт гледжаньня і адкрыта выказвае яго. Цытую інфармацыйнае паведамленьне “Хартыі’97”: “Дадатковай нагодай для ўжываньня супраць Смолавай санкцыяў стала палоснае інтэрвію са сьпявачкай у “Белорусской газете” за 17 красавіка. У гэтым матэрыяле артыстка фактычна агітавала за Лукашэнку і ягоную аўтарытарную палітыку”. Вось як! А як жа быць са свабодай слова, свабодай выказваньня ўласнай думкі? Ну, сапраўды, нічым апазыцыя не адрозьніваецца ад тых, з кім змагаецца: яна таксама лічыць, што існуюць дзьве думкі — адна яе, а другая — памылковая. А тых, хто лічыць і выказваецца ня так, як хочуць апазыцыянэры, — Смолава, Ярмоленка і іншыя — тых можна перасьледаваць і караць. І што самае цікавае, ніхто з “дэмакратаў” ніводнага слова не сказаў, палічыўшы дапушчальным замену законнасьці прынцыпам “дэмакратычнай мэтазгоднасьці” (напэўна, у свой час гісторыю КПСС здалі на “выдатна”). …І заўважце, гэта яны яшчэ да ўлады не прыйшлі. Калі прыйдуць, цікава, ці будуць яны саджаць за “памылковыя думкі”?”

Паліна Смолава ў гэтыя дні, спадар Амельчанка, езьдзіць па краінах Балтыі з рэклямным турам і ні зь якімі перашкодамі на дзяржаўных межах не сутыкаецца. Так, ёсьць меркаваньне грамадзкай камісіі, якая займаецца складаньнем сьпісу тых, супраць каго прапануе ўжыць візавыя санкцыі. Сябры камісіі прапануюць уключыць у гэты сьпіс у тым ліку і ўдзельнікаў агітацыйных перадвыбарчых канцэртаў у падтрымку Лукашэнкі. Пакараць іх прапануецца не за іншадумства, спадар Амельчанка, а за тое, што яны сьвядома ўдзельнічалі ў несправядлівай кампаніі. Канцэрты ж наладжваліся за бюджэтныя грошы, іх трансьлявалі дзяржаўныя тэлеканалы. Пры гэтым варта мець на ўвазе, што сярод дэмакратычна настроеных палітыкаў і актывістаў ёсьць нямала і тых, хто не падтрымлівае такіх санкцыяў адносна ангажаваных уладай артыстаў — і такія меркаваньні таксама агучваюцца ў дэмакратычным асяродку.

А цяпер, спадар Амельчанка, згадайце, які лёс напаткаў большасьць тых, хто агітаваў за Казуліна ці Мілінкевіча. Прытым, агітаваў не з прэстыжных сцэнаў, аплачаных зь бюджэту, і не з тэлеэкрану — а проста расклейваў улёткі ці выступаў на мітынгах. Амаль усе яны прайшлі праз арышты і суды, а многія пасьля выбараў страцілі працу.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG