Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне "Свабоды": беларускія пашпарты


Галіна Жарко, Менск Усе тэрарысты, якія вылецелі з Гамбургу ў ЗША 11 верасьня 2001 году, мелі падробленыя францускія пашпарты. Пасьля тэрарыстычнага нападу 75% амэрыканцаў падтрымалі ідэю біямэтрычнай інфармацыі ў пашпартах. Раней згодных, каб дзяржава зьбірала дадатковую асабістую інфармацыю, было толькі 10%. Пашпартная сыстэма кожнай дзяржавы накіраваная на кантроль і на абарону грамадзянаў.

Мала хто зьвяртае ўвагу на тое, што напісана на другой старонцы беларускага пашпарта. Хоць Валянцін Акудовіч і задэкляраваў некалі: “мяне няма”, – тым ня менш...

(Акудовіч: ) “Мне досыць часта даводзіцца карыстацца дакумэнтамі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці згадаеце, што напісана ў пачатку пашпарта?”

(Акудовіч: ) “Не, я яго ніколі не разглядаў”.

(Карэспандэнт: ) “Там напісана: “уладальнік гэтага пашпарта знаходзіцца пад абаронаю РБ”. Адчуваеце абароненасьць?”

(Акудовіч: ) “Мяне гэта цешыць. Іншая рэч, я разумею, гэта дэкляратыўная, рытарычная формула. У рэальнасьці мая краіна ня надта мяне абараняе. Але хаця б дэкляруе”.

(Карэспандэнт: ) “Грамадзяне ня надта гэта ведаюць...”

(Акудовіч: ) “Гэтак, як яны ніколі ня ведалі Канстытуцыі. Мы не зьвяртаем увагі на ўсе гэтыя гарантыі на паперы, бо ведаем усёй сваёй скурай, усім досьведам, што жыцьцё іншае. Нас ня надта цікавіць, што дзе напісана”.

Па-беларуску, па-расейску і па-ангельску напісана: “пашпарт зьяўляецца ўласнасьцю РБ”.

(Спадарыня: ) “Любы чалавек ганарыцца, што ён грамадзянін сваёй краіны. Гэта кранае інтымныя і грамадзянскія пачуцьці”.

(Карэспандэнт: ) “Адчуваеце абароненасьць?”

(Спадарыня: ) “У мяне не было выпадкаў, каб была неабходнасьць. Калі людзі трапляюць у крызісныя сытуацыі...”

(Карэспандэнт: ) “Відаць, ёсьць звычка спадзявацца на сябе?”

(Спадарыня: ) “Сапраўды, гэта так”.

(Спадар: ) “Толькі на сябе! Я зайшоў на сайт пасольства, і там ледзьве ня першым пунктам умовы, калі вам не дапамогуць”.

(Спадар: ) “Пакуль не апёкся, мне ўсё роўна”.

Страціўшы пашпарт у Польшчы спадар Віктар зьвярнуўся ў консульства, якое выдала часовы дакумэнт.

(Віктар: ) “Такі ліст напапалам складзены. І каляровы чырвона-зялёны герб беларускі. Нешта мяне пацягнула, я паглядзеў на сьвятло. Ведаеш, што прасьвяцілася праз гэты герб? Пагоня. Яны тады яшчэ нарабілі блянкаў. Не выкідаць жа”.

(Акудовіч: ) “У Алеся Разанава скралі пашпарт за мяжой. Адысею было прасьцей вярнуцца ў сваю Ітаку, чым Разанаву ў Беларусь”.

Цікавы прыклад дзяржаўнага клопату аб грамадзянах адбыўся ў адным з гатэляў Горадні. Там пераблыталі пашпарты дзьвюх швэдак, якія спыніліся паасобку. Адна зьехала, не зазірнуўшы, з чужым пашпартам. Другая памылку агледзела. Адміністратарка гатэлю плакала і прасіла прабачэньня. Швэдка адышла, набрала па мабільным тэлефоне нумар стакгольмскай паліцыі і расказала, што зь ёю здарылася. Цягам гадзіны ёй пазванілі і паведамілі, дзе яе дакумэнт.

Слова “пашпарт” паходзіць ад францускіх каранёў – “праход” і “гавань”. Наяўнасьць дакумэнту гарантуе свабоду і бясьпеку перамяшчэньняў. Тым часам беларускі пашпарт...

(Ірына: ) “...абмяжоўвае маю свабоду ўнутры нашай краіны. Пашпарт патрабуюць паўсюды. Калі атрымліваеш нейкую карэспандэнцыю... Без пашпарта як без рук. Цэлы месяц я рабіла штамп на выезд. Цэлы месяц ляжалі грошы на пошце, мне іх не давалі”.

Паводле Ўказу прэзыдэнта бяз пашпарта ня варта хадзіць нават у казыно, бо не атрымаеш і самы дробны выйгрыш.

Быў пэрыяд, калі да савецкіх калгасьнікаў радзіма ставілася, як да прыгонных сялянаў, – ім не давалі пашпартоў. Паводле цяперашніх правілаў, якія рэгулююць парадак уліку і перамяшчэньня насельніцтва, то бок пашпартнай сыстэмы, пашпарты беларусаў належаць абавязковай прапісцы па месцы жыхарства.

(Ірына: ) “Без прапіскі ня ўладкуесься на працу. Ня трапіш у паліклініку, нават ня выдадуць кніжкі ў бібліятэцы... Куды ні сунься, глядзяць прапіску”.

Апроч абавязковага для ўсіх штампу аб прапісцы, жанатым і замужнім ставяць штамп аб рэгістрацыі шлюбу. І запісваюць дзяцей.

(Вітушка: ) “Я, Сяргей Вітушка, а дачка запісана ў пашпарце Паўліна Вітушчанка. Гэта ўнікальны выпадак. Я мусіць адзіны, хто запісаў дачку на такое прозьвішча – Вітушчанка. Паводле старой беларускай традыцыі”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта магчыма толькі ў Літве. У Беларусі, відаць, так бы не запісалі?”

(Вітушка: ) “Так, думаю, у Беларусі так бы не запісалі. А ў Літве прозьвішчы зьмяняюцца якраз па гэтым прынцыпе. Вітушкене – жонка, а Вітушкайтэ – дачка. Літоўцы зараз у Эўропе сутыкаюцца з гэтай праблемай. Такога нідзе няма”.

Беларусы сутыкаюцца зь іншымі праблемамі. У Міністэрстве юстыцыі рыхтуюцца папраўкі ў закон аб парадку выезду, згодна зь якімі плацельшчыкі алімэнтаў ня змогуць выехаць за мяжу бяз згоды таго, хто алімэнты атрымлівае.

Тым часам у літоўцаў ці палякаў на адну вялікую праблему – зь візамі ў 25 краін Эўразьвязу – стала меней. Журналіст Алесь Навіцкі:

(Навіцкі: ) “У польскай сыстэме ёсьць два дакумэнты. “Довуд асабісты” – пасьведчаньне, якое зьяўляецца ўнутраным пашпартам, дзе ёсьць асноўныя зьвесткі пра чалавека. Дакумэнт дае магчымасьць езьдзіць па краінах Эўразьвязу. А замежны пашпарт, каб ехаць у краіны, дзе патрэбная віза”.

З траўня 2005 году беларусы могуць бязь візаў езьдзіць па прасторы Эўразійскай эканамічнай садружнасьці. Апроч Расеі – у Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан.

І па сваёй краіне варта хадзіць з пашпартам. Асабліва палітыкам. Алег Трусаў.

(Трусаў: ) “З пашпартам не расстаюся. Навучаны жыцьцём. Калі бяз пашпарта на вуліцы затрымаюць, пасадзяць у кутузку. Але вось трэба штамп для выезду за мяжу. Гэта парушэньне Канстытуцыі! Апроч таго, тры тыдні мушу хадзіць бяз пашпарта”.

Штамп “Пашпарт прыгодны для шматразовых выездаў ва ўсе краіны сьвету” унікальны.

(Акудовіч: ) “Думаю, на гэтым дробненькім рэкеце дзяржава зарабляе. Цяпер столькі людзей езьдзіць, дык добрая зьбіраецца сума. Проста шкада разьвітацца з гэтымі грашыма, якія задарма з нас зьбіраюць”.

Прынцып прававых дзяржаваў: “Дазволена ўсё, што не забаронена, – выконваецца дакладна наадварот. Дзяржава мае права не выпускаць за мяжу некаторых асобаў. Іх меншасьць. Але выгадна, каб большасьць заплаціла немалыя грошы за тое, што ёй і так належыць. Артыкул 30 Канстытуцыі гарантуе грамадзянам Беларусі свабоду перамяшчэньня.

Канстытуцыйны суд прызнаў гэты штамп антыканстытуцыйным і пастанавіў адмяніць выязныя штампы зь 1 студзеня 2006 году. Урад павінны быў да 31 сьнежня 2005 году стварыць банк інфармацыі на людзей, для якіх выезд абмежаваны. Але потым Канстытуцыйны Суд задаволіў просьбу ўраду перанесьці адмену штампу на нявызначаны тэрмін, бо банк дадзеных на “нявыязных” так і не стварылі.

Затое абвясьцілі, што ў краіне распрацоўваецца сучасная і дарагая сыстэма электронных дакумэнтаў. Пра гэта – наступным разам.
XS
SM
MD
LG