Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Шушкевіч ня зьявіцца ў міліцыю


Радыё Свабода Сёньня, згодна з позвай, былы старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч павінен прыйсьці ва ўпраўленьне міліцыі Першамайскага раёну для складаньня пратаколу за нібыта парушэньне грамадзкага парадку ў часе масавага мерапрыемства. Плянавалася, што пасьля гэтага палітыка адвязуць у суд. Але Станіслаў Шушкевіч сёньня ў міліцыю ня прыйдзе.

Міліцыянты ўручылі позву Станіславу Шушкевічу пасьля таго, як скончылася першатравеньская акцыя. Палітык ехаў у машыне, калі яго заблякавалі на дарозе і прымусілі выйсьці. Міліцыянты ўручылі яму позву ў міліцыю Першамайскага раёну. Шушкевічу патлумачылі, што там ён мусіць даць тлумачэньні наконт удзелу ў акцыі 1 траўня.

Нагадаем: больш за тысячу чалавек сабраліся 1 траўня каля Акадэміі Навук. Міліцыянты праз гукаўзмацняльнікі патрабавалі, каб усе разыйшліся. Людзям прапаноўвалі сабрацца ў парку Дружбы народаў. Станіслаў Шушкевіч заклікаў усіх пайсьці туды шэсьцем. Да яго адразу падышлі міліцыянты і папярэдзілі, што ён парушае грамадзкі парадак. Палітык адказаў ім, што мае права хадзіць у сваім горадзе па тых вуліцах, па якіх сам пажадае.

Станіслаў Шушкевіч сёньня ў міліцыю ня прыйдзе, бо ён знаходзіцца ў Вільні. Ён патлумачыў радыё Свабода.

(Шушкевіч: ) “Быў запрошаны Мілінкевіч на нараду высокага ўзроўню, а тут яго пасадзілі ў турму, і мае ўсе калегі казалі мне, што я абавязкова павінен ехаць у Вільню. Я кажу, што мяне запрасілі ў міліцыю, а яны кажуць: “Ну, нічога. Яны пачакаюць. Вы едзьце.” Ну, я і паехаў. Яны мяне накіравалі на канфэрэнцыю. Сёньня з адміністрацыі Адамкуса пацьвердзілі, што запрашаюць мяне на канфэрэнцыю.”

(Карэспандэнтка: ) “Як Вы лічыце, калі б Вы засталіся, то Вас бы пасадзілі?”

(Шушкевіч:) “Я ня ведаю. Можа й пасадзілі, а можа й мільён прысудзілі б зноў плаціць. Скажу ім: няхай зноў з пэнсіі вылічваюць, тады буду 100 гадоў жыць.”

Ад 1994 году Станіслаў Шушкевіч атрымліваў 300 даляраў пэнсіі. Паводле пастановы Вярхоўнага савету ён меў права на дзяржаўнае лецішча, пажыцьцёвае карыстаньне службовым аўтамабілем, мэдычнае абслугоўваньне і 50% зьніжкі на камунальныя паслугі. Аляксандр Лукашэнка адмяніў сваім указам усе ільготы, а пэнсію больш не індэксавалі. Сёньня гэта 2 даляры.

У турме на Акрэсьціна за ўдзел у Чарнобыльскім шляху адбываюць арышты Аляксандар Мілінкевіч, Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Аляксандар Бухвостаў і Зьміцер Дашкевіч. Спачатку палітвязьняў трымалі ў адной камэры, а потым паасобку. Вінцук Вячорка і Сяргей Калякін выйдуць на волю 11 траўня, Аляксандар Мілінкевіч, Аляксандар Бухвостаў і Зьміцер Дашкевіч – 12-га.

Суды і арышты не спыняюцца ад пачатку выбарчай кампаніі. 4 траўня ў Менску будуць судзіць актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Артура Фінькевіча, а ў Баранавічах – актывіста незарэгістраванага руху “Зубар” Мікіту Сасіма. Артура абвінавачваюць у злосным хуліганстве і ў пашкоджаньні дзяржаўнай маёмасьці. Мікіту – ва ўхіленьні ад службы ў войску.
XS
SM
MD
LG