Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарына Арастовіч: “Я не хацела сядзець!”


Радыё Свабода Галасы і твары плошчы. Радыё Свабода працягвае расказваць пра прыхільнікаў пераменаў, якія пацярпелі ад уладаў падчас нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў.

На плошчу студэнтка другога курсу Беларускага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Дарына Арастовіч хадзіла кожны дзень, а забралі яе напярэдадні разгону намётавага лягеру.

(Дарына Арастовіч: ) “Думала з раніцы прывезьці каву і гарбату, але праспала. Прачнулася, кажу маме: “Так няёмка, што праспала...” А яна мне: “А ну хутчэй на плошчу, цябе там людзі чакаюць, халодныя, галодныя!” Карацей, адправіла мяне хутчэй. Я хадзіла, налівала гарбату, калі да мяне падышлі двое ў цывільным. Сказалі: “Зьбірай рэчы – і за намі!” Тут нас пачаў здымаць нейкі рэпарцёр, людзі закрычалі: “Ганьба!” – і я адбегла да лягеру. А потым трэба было ехаць на вучобу. Мне казалі: шукай рэпарцёра, зь ім цябе не затрымаюць. Але я не знайшла, пайшлі да мэтро разам зь нейкім хлопцам. Падышлі ўжо да падземкі, хлопец ужо радаваўся, расказваў: “Я так баяўся да лягеру падыходзіць, у мяне пяты курс, праца, вось – першы дзень як рашыўся, пастаяў дзесяць хвілін. Ну ўсё, ужо мэтро, ужо не забяруць...” І тут як раз падкраліся ў цывільным, сказалі: “Ціха! У аўтобус!”

Дарына – будучая архітэктарка, апынулася на Акрэсьціна. У судзе нават быў нейкі сьведка, які паказаў, што дзяўчына хуліганіла. Пакуль гэты чалавек распавядаў пра нібыта злачынствы студэнткі, у яго з-пад швэдара вывалілася пляшка віна. Нават судзьдзі, кажа Дарына, стала няёмка. Але дзесяць сутак ёй выпісалі. Праўда, да прыгавору дзяўчына паставілася спакойна.

(Дарына Арастовіч: ) “У мяне брат раней адсядзеў суткі. Тата таксама праз гэта прайшоў. Тата мой – сябра партыі “Народная Грамада”. Бацькі з раньняга дзяцінства пачалі мяне вадзіць з сабой на мітынгі. Розную літаратуру давалі чытаць. Так што потым я пачала хадзіць на гэтыя мерапрыемствы самастойна. Усё гэта на мяне паўплывала...”

Дарына расказвае, што ейная сям’я пацярпела за свае погляды. Калісьці ў маці была вельмі добрая праца, але пасьля таго, як яна ўзяла ўдзел у адным з “Чарнобыльскіх шляхоў” – звольнілі... Потым не адзін год шукала месца, цяпер працуе недзе лябарантам. Бацьку, які меў прафэсійнае захворваньне – траціў голас, паставілі ва ўнівэрсытэце прад выбарам: ці працуеш на поўніцу, ці звольнім! Цяпер вучоба самой Дарыны пад пагрозай. Далі ўжо вымову і папярэдзілі, што ўдзел у намётавым лягеры будуць пастаянна мець на ўвазе. Але аптымізму сям’ю Арастовічаў гэтыя здарэньні не пазбавілі. Расказвае бацька дзяўчыны, спадар Алесь.

(Алесь Арастовіч: ) “Відаць, ад маіх бацькоў пайшла гэтая цяга да свабоды. Сам я стаў сябрам апазыцыйнай партыі. Дачка мая таксама прагне свабоды. Характар у маёй дачкі цудоўны. Яна сапраўдная патрыётка. Вельмі яе люблю. І ганаруся ёй!”

Спадар Арастовіч лічыць, што выхаваў дзяўчыну вельмі добра: яна зь пяці год танцуе ў фальклёрна-харэаграфічным ансамблі “Зорачка”, вучылася ў беларускай школе, ведае, што такое культура, і да чаго трэба ісьці беларусам.

Любоў Арастовіч, маці Дарыны, рассказвае, што адчувала, калі Дарына пазваніла і паведаміла прысуд....

(Любоў Арастовіч: ) “Што я адчувала? Крыўду, прыкрасьць, боль... А калі даведалася, што ёй афіцыйна прыпісвалася – злосьць на ўлады за хлусьню. У мяне вельмі добрая дачка! І я ганаруся, што яна ўдзельнічала ў мерапрыемствах на плошчы. І спадзяюся, што яна так і далей дастойна будзе сябе паводзіць”.

Такое аднадушша ў сям’і Дарына лічыць нормай.

(Дарына Арастовіч: ) “Для мяне гэта звычайна. І мае сябры, і сябры маёй сям’і – усе такія! Я ж таксама не хацела сядзець. Калі мяне асудзілі, датэлефанавалася дадому. Бацька сказаў: ну што ж, добра, адсядзіш... А сустракалі мяне з кветкамі”.
XS
SM
MD
LG