Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радаўніца ў Курапатах (фота)


Ганна Соусь, Курапаты На Радаўніцу ва ўрочышча Курапаты, дзе ў 1930—1940-я гады карнікі НКВД расстралялі сотні тысяч чалавек, прыходзяць людзі ўшанаваць памяць сваіх рэпрэсаваных продкаў. Большасьць зь іх ня ведае магілаў сваіх расстраляных родных, і таму яны нясуць кветкі й ставяць сьвечкі да безыменных курапацкіх крыжоў. Урочышча сёньня наведала карэспандэнтка "Свабоды".

Пад''яжджаючы да ўрочышча Курапаты, я хвілін пятнаццаць не магла заехаць на кальцавую дарогу — міліцыянты ўсё перагарадзілі, паколькі па дарозе праяжджаў Аляксандар Лукашэнка.

Картэж прэзыдэнта ля Курапатаў не спыніўся. Але сёньня там было шмат людзей, якія прыйшлі памянуць сваіх рэпрэсаваных продкаў. Спадарыня Іраіда разам з сынам Юр’ем запаліла лямпадку ля курапацкага каменя па сваім забітым бацьку.

(Іраіда: ) “Сумленнага чалавека ня стала. Але такі час быў”.

(Карэспандэнтка: ) “Часта ў Курапаты прыходзіце?”

(Іраіда: ) “Часта ня магу, але на Радаўніцу заўсёды”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці вы маеце зьвесткі, дзе расстралялі бацьку?”

(Юры: ) “У даведцы было напісана, што ў Менску 13 сакавіка 1938 году. Хутчэй за ўсё — тут. Сюды і ходзім. Тут месца ўсенароднай памяці”.


Спадарыня Іраіда запальвае лямпадку ля курапацкага каменя

Беларускі актор і тэлевядучы Юры Жыгамонт прыйшоў сёньня ў Курапаты памянуць свайго дзеда, расстралянага ў Расеі.

(Жыгамонт: ) “Калі я хадзіў у архіў КДБ, то там далі паперы, што ён быў расстраляны ў Горкім, цяпер гэта Ніжні Ноўгарад. Забралі ў 1937-м, а расстралялі ў 1938 годзе. Яго звалі Пётар Мацьвеевіч Жыгамонт”.


Уладзімер Юхо навязвае ручнікі на крыж

Пры канцы 1930-х гадоў сям’я спадара Аляксандра жыла недалёка ад курапацкага лесу ў вёсцы Нялідавічы, і тады яны часта чулі адтуль стрэлы. У 1937 годзе расстралялі бацьку спадара Аляксандра — Станіслава Адамавіча.

(Аляксандар: ) “Мы нават стрэлы чулі, калі тут расстрэльвалі, калі вецярок быў у наш бок. Тут жа дарогу па магілах правялі. А раней тут усё было плотам агароджана, і пасьля вайны таксама”.


Спадар Аляксандар ідзе па крыжовай алеі

Многія людзі прывялі сёньня ў Курапаты сваіх дзяцей, каб распавесьці ім пра гэтае жалобнае месца. Напрыклад, спадар Балбуцкі прыйшоў з сынам:

(Балбуцкі: ) “Мы на нашыя могілкі езьдзілі ўчора. Я — Балбуцкі Іван Мітрафанавіч, працую ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў”.

(Карэспандэнтка: ) “У вас ёсьць рэпрэсаваныя сваякі?”

(Балбуцкі: ) “У нашым родзе такога няма, але ж многа людзей тут іншых. Гэта нашыя людзі”.


Іван Балбуцкі з сынам ля крыжа беларускім археолягам

Актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо сёньня навязваў на курапацкія крыжы вышытыя ручнікі.

(Юхо: ) “Ручнікі, якімі мы ўпрыгожылі курапацкія крыжы, зрабіла маці актывісткі нашай партыі Галіны Апанасевіч. Мой дзед загінуў у ГУЛАГу, і таму для мяне гэтае месца сьвятое. Я і крыж паставіў па дзеду”.


Юры Жыгамонт кладзе фарбаванае яйка ля курапацкага крыжа

Я сыходзіла з Курапатаў, а ва ўрочышча ішлі й ішлі людзі, каб памянуць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

(Спадарыня: ) “Мае магілы далёка, таму я прыходжу сюды”.

(Спадарыня: ) “У нас расстраляных родных няма. Мы прыйшлі проста памянуць…”

(Яе дачка: ) “Аддаць даніну павагі ўсім, хто бязьвінна загінуў”.

(Спадарыня: ) “Мы прыйшлі аддаць даніну павагі ахвярам камуністычнага рэжыму. Адчуваем, што гэта наш доўг перад Беларусьсю, перад гісторыяй, перад дзецьмі”.

***

У месцах масавых рэпрэсіяў па ўсёй Беларусі сёньня ня ладзілася ніякіх адмысловых мерапрыемстваў. Але людзі туды ішлі самі – несьлі кветкі, запальвалі сьвечкі ля памятных крыжоў і згадвалі сваіх рэпрэсаваных продкаў.
XS
SM
MD
LG