Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старэйшыя чальцы Эўразьвязу адчыняюць дзьверы малодшым


Юрась Бушлякоў, Прага Гішпанія, Партугалія, Грэцыя і Фінляндыя адчынілі з панядзелка свае дзьверы для рабочай сілы з краін, прынятых у Эўразьвяз два гады назад. Яшчэ чатыры старэйшыя краіны-ўдзельніцы Эўрапейскага Зьвязу – Францыя, Італія, Бэльгія і Люксэмбург – зьмякчылі абмежаваньні на працу для грамадзянаў маладзейшых чальцоў аб’яднанай Эўропы. Назіральнікі пішуць, што тым самым Эўрапейскі Зьвяз уступіў у новую фазу інтэграцыі.

Абмежаваньні на выкарыстаньне рабочай сілы з новых краін Эўразьвязу ўвялі пры пашырэньні блёку ў 2004-м 12 з тагачасных 15-ці чальцоў Эўрапейскага Зьвязу. Ад увядзеньня абмежаваньняў у 2004-м адмовіліся Вялікая Брытанія, Ірляндыя і Швэцыя, астатнія ж чальцы Эўразьвязу пабаяліся тады наплыву з Усходу таннай рабочай сілы.

Камэнтуючы цяперашнюю адмену абмежаваньняў, гішпанскія ўлады падкрэсьлілі, што хочуць паказаць сьвету адкрытасьць сваёй краіны для іншаземцаў, прадэманстраваць, што Гішпанія – прывабная краіна для працы імігрантаў. Як краіна з дынамічным разьвіцьцём эканомікі Гішпанія мае патрэбу ў замежнай рабочай сіле. На сёньняшні дзень у Гішпаніі жыве і працуе каля 4 мільёнаў як легальных, так і нелегальных імігрантаў – гэта каля 10 працэнтаў 44-мільённага насельніцтва краіны. “International Herald Tribune” цытуе сёньня прадстаўнікоў гішпанскіх уладаў: яны не чакаюць, што адмена абмежаваньняў на працу ў краіне грамадзянаў усходніх чальцоў Эўразьвязу істотна паўплывае на іміграцыю ў Гішпанію.

Аналягічнага меркаваньня прытрымліваюцца і экспэрты, на якіх спасылаецца амэрыканская газэта. На думку экспэртаў, у выніку адкрыцьця новых рынкаў для грамадзянаў новых краін Эўразьвязу не адбудзецца значнага росту колькасьці мігрантаў з усходніх дзяржаваў Эўразьвязу. “Па меры разьвіцьця эканомік новых краін Эўразьвязу, імігранты, якія пакінулі гэтыя краіны, будуць у іх вяртацца. Іміграцыйныя патокі, праўдападобна, павернуцца”, – такое меркаваньне ў інтэрвію “International Herald Tribune” выказаў Рыкард Сандэл, дасьледнік дэмаграфічных праблем з Інстытуту “Royal Elcano” ў Мадрыдзе.

Плянуецца, што абмежаваньні на свабоднае перамяшчэньне рабочай сілы па ўсім Эўразьвязе будуць адмененыя да 2011 году.
XS
SM
MD
LG