Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – агляд беларускага інтэрнэту


Дзьмітры Падбярэскі, Менск “Начная аБЛОГа” —сёньняшнія весткі зь беларускага сеціва. З вамі – Дзьмітры Падбярэскі.

Карыстальнік alena.kiyan на музычным форуме forum.tut.by не стрымалася, каб не падзяліцца ўражаньнямі ад сьпявачкі Паліны Смолавай: “Паглядзела ўчора “Срэбраны грамафон” з Паленам. На ноч нельга такое паказваць — гэтыя ружовыя майткі, зорка на ўсе грудзі. А ўжо як фанаграма міма ішла… І гэта ў Беларусі, дзе ў кожным тралейбусе натоўпы прывабных і адэкватных дзяўчат штодня езьдзяць. За што нам такое багацьце? Можа, назад з “Эўрабачаньня” лепш не пускаць? Самае галоўнае, што з афіцыйнага сайту мяне проста паперлі з усімі маімі камэнтарамі, не ўпісалася ў хор тых, хто славіць”.

ЖЖ суполка minsk_by, карыстальнік d.haos адгукаецца на першатравеньскія падзеі ў Менску: “Дзякуй усім, хто прыйшоў. Была адна маленькая перамога: адбілі вадзіцеля мікрааўтобуса, калі ДАІшнік ужо хацеў сесьці за руль яго аўтобуса і везьці яго ў РУУС. Праўда, потым на Арлоўскай яго яшчэ спынялі, але нібыта не пакаралі нават. Так што нічога не згасла і не спынілася — Жыве Беларусь!”

Там жа, у ЖЖ кам’юніты minsk_by, нехта пад нікам nicolaev робіць сур’ёзную заяву: “Асабіста я ня стаў бы выкарыстоўваць 9 траўня для палітычных акцый. Улада выкарыстоўвае Вялікую Перамогу для свайго піяру. Я не жадаю рабіць гэтак жа. Гэта сьвятое для мяне, напэўна. Я вырас у той краіне, дзе 9 траўня не было днём вялікага пераназваньня вуліц і праспэктаў Менску. У той краіне былі мэмарыялы Брэсцкая крэпасьць-герой, Хатынь, Курган Славы, а не высмактанае з пальца шоў "Лінія Сталіна". І якім бы сьвядомым беларусам я не станавіўся, не прыму ідэю, што 9 траўня — сьвята НКВДэшнікаў і маразматыкаў”.

ЖЖ-карыстальнік maryjka з карысьцю правяла дзень 1 траўня, паглядзеўшы фільм “Гарбатая гара”. І ня ўстрымалася, каб не напісаць пра гэта: “Дзень быў выходны, і сэанс быў ільготны. І таму… мы назіралі ў зале мамаў зь дзецьмі і роту салдат тэрміновай службы на чале з афіцэрам. Перад сэансам мы зяло гігікалі, загадваючы, якой будзе рэакцыя ўсёй гэтай публікі. У адказ заля агаломшыла нас сваёй талерантнасьцю: ніводзін чалавек (цывільны ці вайсковы, зь дзіцём ці без) ня выйшаў. І тады я падумала, што прычына ляжыць па-за кінамастацтвам у чыстай сацыялёгіі: ГГ — ідэальнае гледзіва для прагрэсіўных мам зь дзецьмі, якіх яны хочуць навучыць нармальна ставіцца да дзядзяў, якія любяць дзядзяў. А пра вайскоўцаў я падумала, што беларускі камуфляж — гэта бадай што гэтаксама мужна, як каўбоўскія капелюшы і джынсы зь вялікімі спражкамі ў вобласьці гульфіка, і што вочы ў таго афіцэра такія ж прыгожыя і пяшчотныя, як у пасіўнага каўбоя.

І, нарэшце, абнаўленьне на сайце “Ультравожык” luka.rocks.it: новы твор ад ды-джэя MiKoz – “Інаўгурацыя”.

Дасылайце нам свае водгукі й ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG