Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радаўніца – у сем’ях зьніклых


Радыё Свабода Напярэдадні Радаўніцы Вользе Завадзкай паведамілі, што справу аб зьнікненьні яе сына Зьмітра Завадзкага чарговы раз спынілі. Маці Юр’я Захаранкі сустрэла Радаўніцу ў шпіталі. Пра дзейнасьць арганізацыі “Мы памятаем” на чале з Ірынай Красоўскай цяпер можна даведацца ў Інтэрнэце на адмысловым сайце.

Як правялі Радаўніцу ў сем’ях зьніклых беларускіх апазыцыянэраў, якія навіны ў жыцьці сваякоў зьніклых?

Вольга Завадзкая, маці зьніклага амаль шэсьць гадоў таму апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, звычайна за некалькі дзён да Радаўніцы наведвае Паўночныя могілкі ў Менску, дзе пахаваныя яе бацькі — дзядуля й бабуля Зьмітра Завадзкага. Гэтак сама Вольга Завадзкая зрабіла і цяпер: зьезьдзіла на могілкі, ўсё прыбрала, пасадзіла кветкі. Кветкі на магіле сына яна пасадзіць ня можа, бо дзе магіла — ёй невядома. Сьледзтва па справе аб выкраданьні не завершанае, хаця суд і прызнаў, што сын забіты. Нядаўна Вольга Завадзкая і жонка Зьмітра Сьвятлана атрымалі з пракуратуры Беларусі ліст пра тое, што справа чарговы раз спыненая. Якіх вынікаў дамагліся сьледчыя цяпер, Сьвятлана Завадзкая ня ведае. Яна мяркуе, што сьледзтва толькі імітуе дзейнасьць — у тым ліку выклікаючы на допыты яе суседзяў.

(Завадзкая: ) “Мне вядома, што гэтым разам выклікалі жыхароў нашага дому, у тым ліку суседа, які сядзеў у турме, калі Зьміцер зьнік. У суседа пыталіся, ці ён што ведае. Яго гэта вельмі зьдзіўляла — ён мне пра гэта распавядаў”.

У пракуратуры не камэнтуюць дзеяньняў сьледчых паводле справы Зьмітра Завадзкага. Там толькі пацьвердзілі, што справа зноў прыпыненая. Аднаўлялася расьсьледаваньне ў канцы 2004 году пасьля рэфэрэндуму.

А вось справа зьніклага сем гадоў таму Юр’я Захаранкі спыненая ўжо больш як тры гады таму. Жонка, дзьве дачкі і ўнук экс-міністра ўнутраных справаў цяпер жывуць у Нямеччыне. У Беларусі засталася маці Захаранкі, Ульляна Рыгораўна. Напярэдадні Радаўніцы яна патрапіла ў шпіталь, у жанчыны хворае сэрца. У пасёлку Васілевічы, дзе жыве Ўльляна Захаранка, на могілках пахаваныя сем яе сваякоў. Гэтым разам наведаць родныя магілы не ўдалося. Пра сына Юр’я маці працягвае думаць як пра жывога, яна спадзяецца, што яго пабачыць.

(Захаранка: ) “Дзе ён? Ці ён жывы? Вось мне з Украіны званілі, там варажылі і сказалі, што ён жывы. Толькі жывы. Я ў гэта веру”.

У падобным спыненым стане знаходзіцца і справа зьніклых у 1999 годзе Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Расьсьледаваньне вяла рэспубліканская пракуратура, але сьледчыя не знайшлі вінаватых у выкраданьні палітыкаў і ня высьветлілі лёсаў зьніклых. Зінаіда Ганчар ня верыць у гібель свайго мужа і працягвае яго чакаць. На могілкі ў Радаўніцу яна ня ходзіць, паколькі няма да каго.

У сям’і Красоўскіх іншая сытуацыя. Паводле дачкі зьніклага Анатоля Красоўскага Валерыі, у іхнай сям’і прытрымліваюцца традыцыі наведваць на Радаўніцу магілы сваякоў, і сёньня гэта таксама было зроблена. Валерыя паведаміла навіны пра арганізацыю “Мы памятаем”, у стварэньні якой актыўны ўдзел брала яе маці Ірына Красоўская.

(Красоўская: ) “Цяпер у нас ёсьць свой сайт. Ён называецца ciwr.org. Там уся інфармацыя пра фонд, які стварылі Ірына Красоўская і Сьвятлана Завадзкая. Публікацыі на тэму зьніклых, апошнія навіны. Яшчэ: 16 траўня будзе дзень нараджэньня нашага таты. Яму спаўняецца 54 гады. І гэты дзень нараджэньня супадзе з Днём салідарнасьці”.

***

Нагадаем, Юры Захаранка і Віктар Ганчар з Анатолем Красоўскім былі скрадзеныя невядомымі ў 1999 годзе, такі ж лёс напаткаў Зьмітра Завадзкага ў 2000 годзе. Апазыцыя і шмат хто ў сьвеце лічаць, што гэтых людзей скралі й забілі “беларускія эскадроны сьмерці” — адмысловыя аддзелы спэцслужбаў, якія дзейнічалі на загад палітычнага кіраўніцтва краіны. Улады Беларусі гэтую датычнасьць адмаўляюць. Кіраўніцтва Эўразьвязу забараніла ўезд у краіны Эўропы высокапастаўленым чыноўнікам, якія, магчыма, маюць дачыненьне да зьнікненьняў, — у гэтым сьпісе Віктар Шэйман, Юры Сівакоў, Уладзімер Навумаў, Зьміцер Паўлічэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG