Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радаўніца на Ўсходніх могілках (фота)


Радыё Свабода Многія людзі, што прыйшлі ў Радаўніцу на Ўсходнія могілкі Менску, ушанавалі памяць Васіля Быкава, Генадзя Карпенкі ды іншых вядомых у Беларусі людзей. Асабліва многа кветак і сьвечак зьявілася на магіле Васіля Быкава.

На Ўсходніх могілках Менску сёньня было шматлюдна.

Многія людзі, што прыйшлі адведаць магілы сваіх родных і блізкіх, спыняліся і каля надмагільнага каменя з надпісам “Васіль Быкаў”. Запальвалі сьвечкі, ускладалі кветкі… Што прывяло іх да гэтай магілы?

(Спадарыня: ) “Гэта, відаць, адзіны беларускі пісьменьнік, які адкрыў вобраз вайны і даносіць яго да нашых дзяцей. Яго творчасьць заўсёды будзе разам з намі”.

(Ірына: ) “Я ніколі не абыходжу магілы Васіля Быкава. Каб усе беларусы ведалі, хто такі Быкаў, і як ён жыцьцё аддаваў сваёй зямлі, то яны былі б іншымі. Ня так бы баяліся таго, чаго сёньня баяцца”.

(Тамара: ) “Што пра Быкава можна сказаць? Гэта няшчасны пакутнік за ўсіх нас”.

Мінула амаль тры гады з дня сьмерці Васіля Быкава. Што зрабілі дзеля ўшанаваньня яго памяці ўлады і грамадзкасьць? Гаворыць удава пісьменьніка Ірына Міхайлаўна:

(Быкава: ) “Цяжка мне што-небудзь вам сказаць. Можа, сама ўлада ведае, што яна рабіла. Бычкі гэтыя — можа, скончылі там музэй, ці за тры гады яны там нічога не зрабілі. Наконт грамадзкасьці — самае каштоўнае тое, што выдаецца збор твораў Васіля. Шэсьць тамоў ужо выдалі. А так мне цяжка нешта сказаць. Добра, што яшчэ больш-менш нэўтральныя адносіны такія. Тыповы выпадак, калі пісьменьнік апальны”.

Ірына Міхайлаўна таксама прыгадала, што ў Горадні энтузіясты ніяк ня могуць дабіцца дазволу на адкрыцьцё музэю. Адхілілі й прапанову назваць адну з вуліцаў гораду імем Быкава.

На магілах іншых вядомых беларусаў — пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча, журналіста Ігара Гермянчука ды іншых таксама былі жывыя кветкі.

Каля магілы палітыка і грамадзкага дзеяча Генадзя Карпенкі я сустрэў адстаўнога палкоўніка міліцыі. Разам з жонкай ён прыйшоў ушанаваць памяць чалавека, якога ведаў асабіста:

(Палкоўнік міліцыі: ) “Мы стваралі Партыю народнай згоды. Гэта быў незаменны партыйны і дзяржаўны дзеяч нашай будучай Беларусі. І я сёньня з жонкай спэцыяльна прыйшоў сюды, каб пакланіцца яму”.

Фотарэпартаж


Магіла Васіля Быкава


Магіла Ігара Герменчука


Магіла Генадзя Карпенкі
XS
SM
MD
LG