Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радаўніца ў Чарнобыльскай зоне


Радыё Свабода Ніколі ў забруджанай радыёнуклідамі Чарнобыльскай зоне не бывае так шмат людзей, як на Радаўніцу, калі праваслаўныя беларусы ушаноўваюць памерлых. Старадаўняя традыцыя цягне сюды – на зямлю продкаў– нават тых, хто бывае ў родных мясьцінах вельмі рэдка.

У вёсцы Барталамееўка Веткаўскага раёну цяпер жыве няшмат людзей. Быў час, калі тут наагул нікога не засталося, паколькі ўсіх жыхароў перасялілі ў Рэчыцкі раён. Аднак зь цягам часу некаторыя сем''і вярнуліся ў Барталамееўку, а пасьля зьявіліся і самасёлы.

У Барталамееўцы шматлюдна толькі раз на год, на Радаўніцу. Тады на могілках можна пачуць такія словы:

(Жанчына: ) "Прашу Госпада Бога даць супакой памерлым маім бацькам. Дай ім Валадарства нябеснае, сьвет белы. Каб на тым сьвеце даў Госпад супакой..."

Бабуля Ганна прыехала ў родную Барталамееўку зь вёскі Холмеч Рэчыцкага раёну, куды яе адсялілі. На Радаўніцу бабуля сустракаецца з былымі знаёмымі, якіх раскідала па Беларусі.

(Бабуля Ганна:) "Прыяжджаем сюды, прыбіраем, вяночкі вешаем на крыжы. А пасьля сядзім, сустракаем знаёмых ды плачам. Пытаемся: "Як жывеш? Як здароўе?". Старая традыцыя – ад дзядоў, ад бабуль нашых. Яечкі кладзем, па чарцы глынем. І ім нальем, няхай і яны п''юць. Гэта ж Радаўніца, усе мёртвыя выйшлі і на нас глядзяць. Толькі мы іх не бачым, а яны нас бачаць".

Вёска Багрымавічы Петрыкаўскага раёну раскінулася на месцы, дзе рака Пціч ўпадае ў Прыпяць. Мясцовасьць гэтая таксама забруджаная радыяцыяй, але людзей зь вёсак не адсялялі. У Вячаслава Герасіменкі, які цяпер жыве ў райцэнтры, тут пахаваная маці:

(Герасіменка: ) "Поўныя могілкі людзей. Я вось гляджу: і зьлева і справа, і вакол. Адусюль прыяжджаюць, нават з Расеі. Я ўжо не кажу пра Менск, Гомель, Мазыр, Петрыкаў. Тут прыбіраюць магілы і дзеці, і ўнукі, і праўнукі, і нявесткі, і ўсе..."

Высокая сьмяротнасьць вымушае пашыраць могілкі, распавядае Вячаслаў Герасіменка:

(Герасіменка: ) "Мы калі пад''ехалі да могілак, дык бацька глянуў ды кажа: "Вось які вялізны гарадок засялілі, тут ужо і месца няма". А паколькі тут побач густы сасновы лес, давядзецца хутка плот адносіць. Хаця людзей засталося ў вёсцы няшмат, але ж і яны паміраюць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG