Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Апазыцыянэраў на Беларусі значна болей за дзьве тысячы. Хай Лукашэнка гэта прыме да ведама"


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – 1 траўня. Званок на Свабоду. Кожны дзень вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “На сустрэчы з Уладзімерам Пуціным у Пецярбургу Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь спакойна пражыве бязь некалькіх тысяч апазыцыянэраў. Па-першае, апазыцыянэраў на Беларусі значна болей. Хай Лукашэнка гэта прыме да ведама. А, па-другое, з такім жа посьпехам можна заявіць, што Беларусь цалкам можа абысьціся і без аднаго Лукашэнкі. Ці ён лічыць сябе незамянімым? Незамянімых людзей не бывае, Аляксандар Рыгоравіч. А дзе пры ўладзе "незамянімыя", там тварыцца дыктатура і беззаконьне. Напрыклад, Куба, Паўночная Карэя, Туркмэністан. Гэты сьпіс можна працягнуць”.

(Спадар: ) “Нас ня дзьве тысячы, нас значна больш! А тое, што з “Нашай Нівай” робяць гэта ўвогуле…”

(Спадарыня: ) “Хачу зьвярнуцца да прыхільнікаў Лукашэнкі. Вы ўвесь час сьцьвярджаеце, што апазыцыя ні на што ня годная, толькі крычаць і бунтаваць на вуліцы.

А што ж нам застаецца рабіць, даражэнькія, калі вы пануеце на радыё, на тэлебачаньні і нікога ня хочаце туды дапускаць зь іншымі думкамі.

Лукашэнка на дух не выносіць тых людзей, якія думаюць па-іншаму. Дык вось нам і застаецца толькі выказацца на вуліцы. А мы ня маем доступу на радыё і тэлебачаньні, хаця мы такія самыя падаткаплацельшчыкі, як і вы. І за наш кошт вы хлусіце і несяце хлусьню ў нашай дзяржаве”.

(Спадарыня: ) “Паважаная “Свабода”! Я ведаю, што “Бог видит кого обидеть”. Ён доўга церпіць, але моцна б''е. Улада беззаконіць ад галавы. Бог даў Лукашэнку ўладу на гадзіну, але ён ня змог скарыстацца гэтай уладай на карысьць”.

(Спадарыня: ) “Узьнікае ўсё больш моцная патрэба ў асэнсаваньні прычын і вынікаў катастрофы веку, калі адбыўся выбух на чацьвертым блёку Чарнобыльскай АЭС. Прычына трагедыі ніяк ня зводзяцца да абыякавасьці, баязьлівасьці, непрафэсіянальнасьці кіраўнікоў. Гэтыя прычына караняцца ў самой сыстэме, якая не зьмянілася за 20 гадоў. Сыстэма разважала пра каштоўнасьць чалавека, а рабіла і робіць усё магчымае і немагчымае, каб пазбавіць гэтага чалавека свабоды самавыяўленьня. У гэтым сэнсе цяжар адказнасьці ляжыць на кожным з нас, каму выпала жыць у гэтую эпоху. Вось чаму закліканьне да раскаяньня павінна быць накіраваны перш за ўсё нас да саміх сябе. Думайце аб гэтым, як прыхільнікі ўлады, так і апазыцыя. “Чарнобыльскі шлях” павінен быў аб’яднаць усё грамадзтва, а ня скончыцца арыштам удзельнікаў шэсьця”.

(Аляксандар Галіцкі, в Грыбавец: ) “На нашага “бацьку” вы нічога не кажыце! А Шушкевіча і Кебіча мы больш ня хочам слухаць! Хочаце перадавайце, хочаце не перадавайце. Але я слухаю, і ня дай Бог, вы заўтра не перадасьцё па радыё".

(Віктар Буто: ) “Вельмі дрэнна, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Уладзімеравіч Пуцін жадае, каб Менск і Беларусь працягвалі заставацца найбольш небясьпечнымі тэрыторыямі ў Эўропе для пражываньня грамадзян, якія жадаюць жыць у прававой нармальнай дзяржаве. Гэтаму дапамагае сырая праца, якая праводзіцца апазыцыяй у Беларусі і Расеі, якую ўлады беларускія і расейскія выкарыстоўваюць для запужваньня і ў расправах над мірнымі і неабароненымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, якія выказваюць пратэст. Над тымі, хто пратэстуе, учыняецца сапраўдны генацыд празь міліцэйскіх, пракурорскіх, судовых і іншых дзяржаўных служачых, якімі ўчыняюцца розныя крымінальныя злачынствы. І заўжды караюцца толькі тыя, хто пратэстуе ці незаконна пакараныя ахвяры”.

(Спадарыня: ) “Я так асабліва ў палітыцы не разьбіраюся. Але мяне так абурыла, што пасадзілі вось гэтых вучоных людзей, Мілінкевіча, Казуліна, Калякіна, Вячорку. Гэта абуральна! Чым яны займаюцца! Навукоўцаў, на якіх трымаецца эканоміка яны саджаюць, а вось гэтых жахлівых жыхароў, якія разбураюць чалавечае жыцьцё, падрываюць здароўе – міліцыю не адшукаеш, бо яна занятая такімі вось людзьмі як Казулін, Мілінкевіч, Вячорка. Іх саджаюць, а хуліганаў і бандытаў, якіх ужо такая колькасьць, што баісься выйсьці ў краму, пакінуць кватэру, дык вось на іх няма ўправы! А Мілінкевіча і Казуліна саджаюць разам з гэтай чарнотай, якіх цяжка назваць людзьмі, бо яны разбуральнікі. Дзе нашыя ўлады, куды яны глядзяць, куды глядзіць наш кіраўнік? Як могуць хуліганіць такія людзі як Мілінкевіч і Казулін, калі яны ўсё жыцьцё вучацца! Слова нідзе нельга сказаць супраць нашага кіраўніцтва! Таксама і міліцыя. Сядзіць нейкі міліцыянт у нашым Першамайскім раёне і кажа: “Як вы можаце так размаўляць!” А сам так размаўляе, што шкада няма магнітафону маленькага, каб запісаць, як ён сябе паводзіць. Мне нічога не заставалася рабіць, як яму сказаць: “На цябе выпадкова апранулі мундзір!” Вось толькі тады ён крыху ўціхамірыўся”.

(Спадарыня: ) “Слухаю я “Свабоду. Сапраўды, як адна жанчына сказала, наступілі сталінскія часы. Няма словаў. Ня хочацца ўжо жыць. Арыштавалі Мілінкевіча, Лябедзьку – суцэльныя арышты! У нас для каго турмы пабудавалі? Для таго, хто хоча жыць па справядлівасьці, сумленна хоча жыць, хто хоча мець сувязі з Эўропай, з усім сусьветам, з нармальнымі людзьмі? Ці для іх у нас турмы?

Я ня ведаю, дзе ў нас у Беларусі людзі, якім 40-45. Мне зараз 66 год. Я у 46-48 гадоў хадзіла разносіла ўлёткі. Няўжо зараз нельга такое рабіць? Дзе вось гэты сярэдні ўзрост, куды ён падзеўся? Яны што пахаваліся ўсе па хатах, баяцца? Хаджу зараз па Магілёву – я ня ведаю, дзе і што. Хоць бы нейкую ўлётку куды б наклеілі, куды пайсьці, што зрабіць. Не магу ад гэтага бязьдзеяньня! А мне 66 год! А людзі, якім зараз 35-40, куды схаваліся? Мяне гэта проста абурае!”

“Паслухала інтэрвію Тацяны, якую арыштавалі, наконт таго, хто зь яе факультэту быў на “Чарнобыльскім шляху”. Яна казала, што моладзь баіцца. Мне проста гэта слухаць ня тое, што сьмешна, але я не магу зразумець, што вось гэтыя два словы “моладзь” і “страх” стаяць побач. Ня можа быць у моладзі страху! Я сама была маладая, ніколі не баялася сказаць праўду, не баялася яе адстаяць. Мяне таксама звальнялі з працы.

Паслухала, што кажуць менчукі наконт арышту Мілінкевіча, што заслужыў, тое і атрымаў. Нейкая жанчына зусім ня ведае нічога пра яго, нехта там зусім нічым не цікавіцца. Уся Эўропа чакае, калі ж беларусы уздымуцца на дыбы, гледзячы на гэтыя ўсе непарадкі. А што самі беларусы? – Нічога ня ведаю. Арыштавалі – хай сядзіць. Які абсурд! Гэта нейкія мерцьвякі ходзяць па сталіцы!”

(Аляксандар Галіцкі, в. Грыбавец: ) “Вось слухаю вас усю ноч. Што вы там робіце? Прыедзем з Разані, я на вашае Радыё Свабоду прыеду! Разьбярэмся, з хлопцамі, паганяем вас. Не мянціце языком болей! За “бацьку” галаву адарвем! Зразумелі?”

(Анасановіч, Салігорск: ) “Мне надакучыла слухаць вашае радыё! Вы хлусіце! Колькі ўжо можна казаць хлусьню пра нашага прэзыдэнта? Мы яго выбралі, нам зь ім і жыць! Я ўпэўнены, што ў вас ня хопіць мужнасьці ўключыць гэта ў эфір!”

(Спадар: ) “Хачу падзяліцца інфармацыяй. 26 красавіка ў прыказным парадку ў Доме афіцэраў прайшоў суботнік, у прыказным парадку ўсіх супрацоўнікаў выгналі на працу. Акрамя гэтага гэтым жа прыказам прымусілі людзей у фонд суботніка здаць грошы: з кожнага грамадзянскага 1 000 рублёў, з кожнага вайскоўца – 3 000 рублёў, з кожнага начальніка любога рангу 5 000 рублёў, а членам БРСМ чамусьці па 10 000 рублёў. Мусіць, ня ўсё так добра ў гэтым “Дацкім каралеўстве”, калі рэжым займаецца такімі паборамі”.

(Спадар: ) “Толькі што праслухаў вашую перадачу. Я проста не разумею, як гэта выступае спадар Шушкевіч. Сядзеў у Вярхоўным савеце і толькі ўсё дзякаваў і дзякаваў, нічога болей не рабіў для Беларусі. А цяпер злуецца, што ён не ў руля.

Вы ўсе прададзеныя за амэрыканскія даляры! Вы чужыя пашпарты маеце, вы грамадзяне іншых краінаў! Што вы лезеце сюды ў Беларусь? Выбары прайшлі, народ выказаў сваю думку. Да якога часу будзе зьдзіўляцца ўвесь сьвет? Хто такі Мілінкевіч? Адкуль узяўся? Пасадзілі – правільна зрабілі. Парушыў закон – сядзі. Навошта лез на вуліцы? Сказалі ж яму, дзе мітынг праводзіць, там і павінен праводзіць.”

(Спадар: ) “Прэзыдэнт Рэспублікі павінен размаўляць па-беларуску. Дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь – бел-чырвона-белы. Я галасаваў за Мілінкевіча. Калі-небудзь Беларусь будзе жыць па-сапраўднаму!”

(Юрась Рыжкаў: ) “Пасьля палітычнага звальненьня з гандлёвага дому, зьвярнуўся ва ўправу Фронту, дзе 28 красавіка атрымаў грашовую дапамогу. Хачу падзякаваць тым людзям, якія ахвяравалі свае сродкі тым людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў пад час менскай вясны. Лічу вашыя грошы пазыкаю. Жыве Беларусь!”

(Міхаіл Леках: ) “Слухаю дыскусію, у якой удзельнічаюць Станіслаў Шушкевіч, спадар Залескі, Дракахруст... Прафэсар Шушкевіч абсалютна правы: альтэрнатывы атаму няма. Пытаньне толькі ў тым, што трэба рабіць гэта на сучасным тэхнічным і арганізацыйным узроўні. Глядзіце, Францыя вырабляе 80% электраэнэргіі і цеплавой энэргіі на ядзерных і электрычных станцыях, вялікі адсотак Японія, Штаты плянуюць будаваць і г.д. Мы ня можам ад гэтага адмаўляцца, інакш правы Станіслаў Станіслававіч, будзем на задворках. Прэзыдэнт правы, калі ставіць пытаньне. Пытаньне толькі стаіць у тым, што трэба зрабіць на сучасным узроўні пад жорсткім дзяржаўным кантролем граматных і сумленных экспэртаў, каб не адбылося тое, што адбылося на Чарнобылі. Трэба рабіць, але рабіць граматна, чэсна, добрасумленна!”

(Спадар: ) “Я наконт прапановы Лукашэнкі пабудаваць новую атамную станцыю. Цікава, ці мала яму Чарнобыля? І куды мы будзем дзяваць апрацаванае паліва? У Расею? Дарога нам туды будзе закрытая. А можа ля Браслаўскіх азёраў пабудуем магільнік? А наконт выказваньня Шушкевіча, што станцыя патрэбна. Ён прыводзіў прыклад Францыі. А куды ж Францыя дзявае сваё адпрацаванае паліва? Які б магільнік ня быў, ён усё ж такі небясьпечны”.

(Спадарыня, Гарадзеншчына: ) “Неаднаразова чула, што павысяцца нам пэнсіі. Але ж асноўная частка нашага люду пэнсію атрымоўвае па астаткавым прынцыпе. Чаму нам уладныя структуры ня кажуць, колькі дзяржаўны апарат атрымоўвае заробак, якія яны атрымоўваюць пэнсіі? Дык калі я адпрацавала 30 год, то я атрымоўваю пэнсію ў тры разы меншую, чым работнік падатковай сыстэмы раённага цэнтру. Чаму гэта так? І нам пра гэта ніхто нічога ня кажа.

Калі павысяцца тыя мізэрныя нашы пэнсіі, хай сабе на 7-8%, дык гэта ж мізэр, падачка! А чаму нам ня кажуць нашыя ўлады, што з 1 траўня падвысіцца кошт на электрычнасьць, а далей будуць падвышацца кошты на камунальныя паслугі! Дык калі нам дадуць гэтыя капейкі мізэрныя, адбяруць жа ў два разы болей! Вось які клопат пра нашага простага чалавека! Але ж наш чалавек замбаваны нашымі сродкамі масавай інфармацыі, асабліва нашым тэлебачаньнем, і кажуць: “А мы ж яшчэ жывем някепска, таму што ў нас няма вайны”. Нашы людзі забыліся, што яны людзі, што трэба мець чалавечую годнасьць, што яны павінны думаць пра сваіх дзяцей, унукаў і павінны яны клапаціцца пра ахову сваёй роднай зямлі. Жыве Беларусь!”

(Юры Томскі, пэнсіянэр, Горадня: ) “Паважанае Радыё Свабода! Мне ня вельмі падабаецца Лукашэнка. Але закон ёсьць закон. Калі дазволілі правесьці мітынг ля Акадэміі Навук, навошта правакаваць народ ісьці на Кастрычніцкую плошчу? Я ўважліва слухаю ўсе вашыя перадачы, складаецца такое ўражаньне.”

(Вольга, Баранавічы: ) “Хачу запытацца пра дуэт “Саша і Сірожа”. Чаго яны такога крамольнага танчылі або сьпявалі, што зь іх творчасьць ні на адным канале беларускіх мэдыяў не пазнаёмісься?”

(Спадарыня: ) “Сёньня 1-га траўня ў 11 гадзін я была ля Акадэміі Навук. Потым пайшлі на Бангалор. Лічу гэтую плошчу наагул прыніжэньнем для дэмакратычных сілаў, але ж вельмі хацелася паслухаць Анатоля Лябедзьку, якому не далі выступіць на “Чарнобыльскім шляху”. Лябедзьку, дарэчы, бачылі ля Акадэміі Навук, аднак на Бангалоры яго не было. Відаць, зноў нейкая правакацыя, каб людзі не пачулі праўды.

Адзін з выступоўцаў сказаў, што апазыцыйных лідэраў рассадзілі па асобных камэрах. Вельмі баюся, што гэта першы крок да таго, каб усіх выпусьціць пасьля 15 сутак, а Мілінкевіча – не, а шыць яму, як і Казуліну, розныя прыдуманыя справы, каб толькі сядзеў”.
XS
SM
MD
LG