Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь дзіцячай кавярні “Бусьлік” зрабілі “Аиста”, дзе гандлююць гарэлкай


Юлія Шарова, Менск Пра што піша незалежная беларускай прэса 2 траўня.

У Менску з прыпынкаў грамадзкага транспарту, дзе стаяць камэрцыйныя шапікі, раптоўна зьніклі лядоўні з “Кока-колай”, паведамляе “Белгазета”. Як выяўляецца, гэта было зроблена на загад Менгарвыканкаму: як быццам прадпрымальнікі, гаспадары шапікаў не ўзгаднілі з гарадзкімі ўладамі ўсталяваньне гэтых лядоўняў.

У Ганцавіцкім раёне пяць чалавек трапілі ў рэанімацыю – пасьля п''яных боек. Гэта ўсяго за дзевяць дзён. Звычайна бойкі ўчынялі сваякі, асабліва ў вёсках. Аднак такая сумная крымінальная статыстыка наўрад ці можа быць нечаканасьцю, кажа журналіст газэты “Ганцавіцкі час” Пятро Гузаеўскі. Колькасьць гандлёвых пунктаў, дзе можна свабодна набыць алькагольныя напоі, у рэгіёне занадта вялікая.

(Гузаеўскі: ) “У горадзе Ганцавічы адна ёсьць вулічка, дзе чыгуначны вакзал і аўтавакзал. Там на 300 мэтрах знаходзяцца ажно сем такіх пунктаў, дзе прадаюць сьпірытус, і з гэтых сямі – тры, дзе сьпіртное прадаецца на разьліў. Дзіцячая кавярня была “Бусьлік”, адзіная ў горадзе. Цяпер там зрабілі “Аист” і там цяпер разьліваюць гарэлку”.

Таксама журналісты “Ганцавіцкага часу” высьветлілі, што будзе зь мясцовымі прадпрымальнікамі, калі дзяржава забароніць ім гандляваць імпартным абуткам – праект адпаведнага дакумэнту падрыхтаваў урад. 50 чалавек у адных толькі маленькіх Ганцавічах застануцца бяз працы.

Інтэрнэт-выданьне “Салідарнасьць” (gazetaby.com) публікуе перакладзены артыкул зь літоўскай газэты “Літувас рытас” – “Эмігранты каханьня”. Летам мінулага году амэрыканскага навукоўцу Тэры Боша, які працаваў у Менску, выслалі зь Беларусі. Цяпер ён жыве ў Вільні, аднак у Менску ў яго засталася каханая жанчына, 24-гадовая беларуска Валянціна Ханенка. “Кожную пятніцу на пэроне Віленскага вакзала можна ўбачыць эмацыйную карціну. Выйшаўшы зь цягніка Менск-Вільня Валянціна кідаецца ў абдымкі змучанага смуткам Тэры”, – піша аўтар артыкула Юрата Кілюліенэ. Нягледзячы на вялікую колькасьць перашкодаў, закаханыя плянуюць пажаніцца ў траўні.
XS
SM
MD
LG