Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ланцугу зь бюстгальтараў – прадукцыя беларускай "Мілавіцы"


Радыё Свабода Са 114 тысячаў бюстгальтараў жанчыны Кіпру зрабілі ланцуг даўжынёй 95 кілямэтраў. Мэта акцыі – павышэньне ўвагі жанчын да такой праблемы, як рак малочнай залозы, прафіляктыкі гэтага цяжкага захворваньня, чыя дынаміка з кожным годам расьце.

Арганізатары акцыі – актывісткі ініцыятаваў «Самадапамога пры раку» з Галяндыі, Брытаніі, Кіпру. Паводле кіпрскага тэлеканалу RIK, менавіта жанчыны гэтых краінаў прадставілі найбольшую колькасьць бюстгальтараў для кампаніі. Пры гэтым адзначаецца, што сёлетняя геаграфія бюстгальтараў у ланцугу была надзвычай шырокай – гэта была прадукцыя, вырабленая, напрыклад, на Алясцы, а таксама на беларускай "Мілавіцы", аднак з лэйбай "Трыюмф", гэта значыць, у экспартным выкананьні.

Цяперашні ланцуг другі па ліку. Папярэдні праводзіўся чатыры гады таму ў Сынгапуры, і тады ягоная даўжыня склала 60 кілямэтраў, то бок, была на 35 кілямэтраў меней. У гэтым зьвязку жанчыны Кіпру настойваюць на тым, каб іх зарэгістравалі ў "Кнізе рэкордаў Гінеса".

Паводле арганізатараў, рэкорд стаў магчымым у тым ліку і таму, што заходнія жанчыны маюць у сярэднім большыя памеры бюсту, чым жанчыны ў Азіі, а менавіта ў Сынгапуры, дзе праводзілася папярэдняя акцыя. Хаця, варта адзначыць, што нядаўна вытворцы бюстгальтараў у Кітаі заявілі, што вымушаныя павялічыць памеры сваёй прадукцыі, паколькі за апошнія 10 год бюст сярэдняй кітаянкі павялічыўся у сярэднім на 1 см. Паводле дасьледчыкаў, падобны рост тлумачыцца лепшым харчаваньнем кітаянак і іхнымі актыўнымі заняткамі спортам.
XS
SM
MD
LG