Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг у Віцебску скончыўся сваркай сябраў ПКБ і КПБ


Радыё Свабода Ля помніка Леніну на плошчы Леніна сабраліся каля трыццаці чалавек. Акцыя была несанкцыянаваная, пра што прысутных папярэдзіў старшыня абласной арганізацыі ПКБ Генадзь Хобатаў. У сваёй прамове ён параўнаў сытуацыю ў Беларусі з рэвалюцыйнай сытуацыяй пачатку мінулага стагодзьдзя, калі пралетарскія “маёўкі” былі ня столькі сьвяточнымі імпрэзамі, колькі элемэнтам барацьбы за свае правы.

(Хобатаў: ) “Гэта быў дзень барацьбы, а не сьвяткаваньня! І тое, што цяпер вакол нас адбываецца, шмат у чым паўтарае нашыя памылкі, нашыя трагедыі за ўсе семдзесят гадоў савецкае ўлады! Здавалася б, рабочыя прыйшлі да ўлады, але ў выніку пралетарыят так і ня вызваліўся”.

Прамова сябра ПКБ і заклікі прадстаўнікоў сацыял-дэмакратычнай партыі ўскласьці кветкі да помніка Леніну на знак пратэсту супраць прымусовай кантрактнай сыстэмы выклікалі хвалю абурэньня прысутных камуністаў іншае плыні — з КПБ.

Пакуль камуністы спрачаліся па ідэйных пытаньнях, на прыступках каля помніка Леніну выступаў старшыня абласной арганізацыі КПБ Юры Гражданінаў, які адначасова ёсьць і сябрам адноўленай КПСС. Ціхі голас пэнсіянэра ў агульным гармідары было чуваць дрэнна, і прысутныя пачалі разыходзіцца.

Міліцыянты, якія праходзілі праз плошчу, чамусьці не цікавіліся тым, што адбываецца пад чырвоным сьцягам, хаця ўдзельнікі палітычных спрэчак сваімі крыкамі прыцягнулі ўвагу мінакоў нават на другім баку вуліцы. Туды скіраваліся сябры сацыял-дэмакратычнай партыі, каб з нагоды міжнароднага сьвята працы раздаць мінакам улёткі й сінія балёнікі з сымболікай Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG