Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе "Белтрансгаз" прададзены расейцам?


Радыё Свабода, Прага Пасьля перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна ў Санкт-Пецярбургу было абвешчана, што Беларусь у абмен на частку “Белтрансгазу” хоча атрымаць доступ да радовішчаў нафты і газу ў Расеі. Пра гэта паведаміў паўнамоцны прадстаўнік прэзыдэнта Беларусі ў Расеі Васіль Даўгалёў. Свой аналіз гэтай ініцыятывы Менску прапануе наш аглядальнік Юры Дракахруст.

(Дракахруст: ) "Прапанова Беларусі абмяняць частку акцыяў “Белтрансгазу” на доступ да радовішчаў расейскіх энэргарэсурсаў не пазбаўленая рацыі як у эканамічным, гэтак і ў палітычным сэнсе. Апошнія падзеі на газавым рынку яшчэ раз паказалі, што ў гэтай сфэры ў пэўным сэнсе "ня ў грошах шчасьце" – куды больш важным зьяўляецца кантроль над зьвеньнямі ланцужку руху газу ад радовішча да спажывальніка.

Цяпер у Эўропе разгарэлася сапраўдная эканамічная вайна вакол брытанскай газаразьмеркавальнай сеткі "Centrica", якую хоча купіць расейскі “Газпром”. "Centrica" – гэта свайго кшталту брытанскі “Белтрансгаз”. Празь ейную сыстэму газ ідзе ў дамы паловы брытанцаў.

Пляны расейскага газавага канцэрну сутыкнуліся з рэзкім супрацівам брытанскага боку. Шмат хто ў Лёндане лічыць, што продаж "Centrica" паставіць Брытанію ў непрымальную залежнасьць ад “Газпрому”. У адказ старшыня “Газпрому” Аляксей Мілер выказаў непрыхаваную пагрозу, што калі эўрапейскія краіны ня пойдуць насустрач пажаданьням расейскага газавага гіганта, “Газпром” можа знайсьці іншых пакупнікоў – ЗША і Кітай.

Аляксандар Лукашэнка хоча прадаваць “Белтрансгаз” ня болей, чым брытанцы – сваю "Centric’у". Але калі пазьбегнуць гэтага немагчыма, афіцыйны Менск у абмен на, так бы мовіць, свой кавалачак сярэдзіны трубы хоча атрымаць кавалачак яе пачатку.

Гэта выгадна эканамічна. Як паказвае досьвед Малдовы, нават продаж сваёй газатранспартнай сыстэмы не страхуе ад росту цэнаў. Прадаць “Белтрансгаз” “Гапрому”, а праз год ці два расейцы скажуць – “За “Белтрансгаз” дзякуй, але ў нас зьмяніліся ўмовы, цаны вам падымаем”. А будуць у Беларусі фактычна свае радовішчы – можна будзе ўсе ж менш залежыць ад такіх сюрпрызаў.

І палітычна гэта Лукашэнку выгадна – на абвінавачваньне ў продажы нацыянальнага скарбу ён зможа сказаць, што проста абмяняў яго на расейскі нацыянальны скарб.

Але, як той казаў, гэта нада добра, каб быць праўдай. Наколькі краіны-спажыўцы ня хочуць прадаваць сваю трубу, настолькі ж “Газпром” ня хоча бачыць на сваіх радовішчах чужых.

Днямі, падчас сустрэчы Ўладзімера Пуціна і Ангелы Мэркель у Томску было падпісанае шматпакутнае пагадненьне, паводле якога да расейскіх газавых радовішчаў атрымаў доступ нямецкі канцэрн "BASF".

Далося гэта немцам зь вялікай цяжкасьцю, хаця Расея эканамічна залежыць ад Нямеччыны значна больш, чым ад Беларусі, а Нямеччына ад Расеі – значна менш, чым Беларусь.

Такім чынам ня выключана, што прапанова Менску будзе проста адхіленая, а “Газпром” будзе працягваць настойваць на продажы “Белтрансгазу”.

Невыпадкова насуперак заявам спадара Даўгалёва прэсавы сакратар “Газпраму” пасьля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна заявіў: “Мы дамовіліся, што да канца красавіка Беларусь сфармулюе свае прапановы, чым будзе аплачваць расейскі газ у наступным годзе. Нам афіцыйна нічога прапанавана не было – ані дакумэнтальна, ані на сустрэчы”, – заявіў прэсавы сакратар “Газпрому”.
XS
SM
MD
LG