Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі шлях у пасьлявыбарчым палітычным кантэксьце


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 28 красавіка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: журналісты Паўлюк Быкоўскі, Вадзім Казначэеў і падпалкоўнік КДБ у запасе Валер Костка.

(Валер Карбалевіч: ) “Ужо шмат гадоў усе палітычныя суб’екты Беларусі вялікую ўвагу надаюць традыцыйнаму Чарнобыльскаму шляху, які зьяўляецца пэўным індыкатарам суадносінаў сілаў улады і апазыцыі, дэманструе патэнцыяльныя магчымасьці апазыцыі выводзіць людзей на вуліцу. На мяжы 80—90-х гадоў мінулага стагодзьдзя апазыцыя зьбірала на Чарнобыльскі шлях дзясяткі тысяч людзей. А летась увогуле гэтай акцыі ў традыцыйным фармаце фактычна не адбылося. У гэтым годзе Чарнобыльскі шлях адбываўся празь месяц пасьля прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, якая стварыла новы палітычны кантэкст. Якія задачы і мэты ставілі апазыцыя і ўлады ў межах гэтага кантэксту? Што яны хацелі прадэманстраваць і чаго баяліся?”

(Паўлюк Быкоўскі: ) “Калі казаць пра ўладу, то яны імкнуліся замоўчваць гэтую акцыю, а потым ачарніць яе. Арганізатараў акцыі абвінавачвалі ў тым, што яны выкарыстоўваюць тэму Чарнобылю ў палітычных мэтах. Для апазыцыі гэта было важнае выпрабаваньне пасьля выбараў. Мілінкевіч быў абраны адзіным кандыдатам дэмакратычных сілаў і атрымаў мандат толькі на пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў. І цяпер магло ўзьнікнуць ці ўжо ўзьнікла ў некаторых асяродках апазыцыі пытаньне, ці працягваецца гэты мандат. Чарнобыльскі шлях мусіў пацьвердзіць ягоны статус. І калі меркаваць па ўсім, ён пацьвердзіў гэты статус”.

(Валер Костка: ) “Чарнобыльскі шлях праходзіць па інэрцыі, і з кожным годам ён затухаў. Падчас гэтай акцыі апазыцыя паказвала тое, на што яна здольная. Цяперашні Чарнобыльскі шлях быў працягам пасьлявыбарчых акцыяў. Але асаблівых уражаньняў ён ня выклікаў. А ўлада паводзіла сябе як звычайна, імкнулася супрацьдзейнічаць апазыцыйным акцыям”.

(Вадзім Казначэеў: ) Цяперашні Чарнобыльскі шлях выглядаў традыцыйным. Апошнія дзесяць гадоў гэтая акцыя была прысьвечаная ня толькі чарнобыльскім праблемам. З 1996 году апазыцыя казала, што кіраваньне Лукашэнкі — гэта такая ж катастрофа для краіны, як і чарнобыльская аварыя. Кожны год Чарнобыльскі шлях прывязваўся да бягучых палітычных падзеяў. І сёлетняя акцыя ня стала выключэньнем. Яна была прывязаная да прамінулых выбараў.

Што тычыцца задачаў і мэтаў, якія ставілі сабе ўлада і апазыцыя напярэдадні Чарнобыльскага шляху, то пра гэта сказаць складана. У мяне склалася ўражаньне, што самі кіраўнікі ўлады і апазыцыі не маглі б адказаць на такое пытаньне. Бо беларускія суб’екты палітыкі дэманструюць пэўную іррацыянальнасьць”.

(Карбалевіч: ) “Напярэдадні Чарнобыльскага шляху расейскія і беларускія тэлеканалы раскручвалі запіс падслуханых тэлефонных перамоваў паміж грузінскім і літоўскімі палітыкамі, у якіх выказваецца намер забіць Мілінкевіча. Самі “героі” гэтага сюжэту, а таксама беларускія апазыцыянэры лічаць гэтую інфармацыю правакацыяй расейскіх і беларускіх спэцслужбаў. З гэтых перамоваў вынікае, што на акцыі 26 красавіка беларускай апазыцыі даецца апошні шанец паказаць сваю сілу і зьдзейсьніць тое, чаго не ўдалося адразу пасьля выбараў. Як вы пракамэнтуеце гэта?”

(Быкоўскі: ) “На постсавецкай прасторы ў тэлеканалаў няма традыцыі праводзіць журналісцкія расьсьледаваньні й запісваць тэлефонныя перамовы. Гэта ў ЗША і іншых краінах такое адбываецца. Таму гэтыя запісы тэлефонных перамоваў рабілі спэцслужбы. Мэта гэтай акцыі — кінуць камень у апазыцыйны агарод. Цяпер ёсьць пэўныя асабістыя супярэчнасьці й рознае стратэгічнае бачаньне далейшых дзеяньняў паміж Мілінкевічам і Лябедзькам. І гэтая тэлефальшыўка імкнулася калі не сутыкнуць паміж сабою гэтых палітыкаў, то паўплываць на настрой публікі”.

(Костка: ) “Як разьведчык і контраразьведчык я задаю пытаньне: каму гэта выгадна? Гэта выгадна расейскім і беларускім спэцслужбам, а прасьцей кажучы, адной спэцслужбе, якая фактычна не разьядналася. Калі такія фальшыўкі выкідваюцца, то, з аднаго боку, гэта акцыя запалохваньня. А зь іншага боку, гэта сапраўды, спроба пасварыць Мілінкевіча і Лябедзьку. Мілінкевіча цяпер забіць немагчыма, бо гэта будзе апошняя кропля ў ланцужку палітычных зьнікненьняў людзей. Таму ставіцца задача запалохаць яго, прымусіць зьехаць за мяжу і стаць палітычным эмігрантам”.

(Казначэеў: ) “Гэтая навіна з таго ж шэрагу, пра што апавядаў перад выбарамі старшыня КДБ Сухарэнка, калі расказваў, што ў Грузіі арабскія тэрарысты пад кіраўніцтвам амэрыканскіх інструктараў рыхтавалі беларускіх баевікоў, каб тыя дохлымі пацукамі атручвалі водаправод. Гэта звычайны абсурд і бязглузьдзіца. У вядомым фільме Тэнгіза Абуладзэ “Пакаяньне” аднаго чалавека абвінавачвалі ў тым, што ён зьбіраўся прарыць тунэль ад Бамбэю да Лёндану. Менавіта гэтымі словамі пракамэнтаваў сытуацыю Гіві Таргамадзэ, нібы фігурант гэтай “справы”. Мэта гэтай акцыі — найперш застрашыць. Каб быў намер зрабіць зь Мілінкевічам тое, што зрабілі з Захаранкам і Ганчаром, то гэта наўрад ці агучвалася б. Гэта спроба неяк выключыць Мілінкевіча з палітычнай дзейнасьці. Але спроба, канечне, прымітыўная”.

(Костка: ) “Сапраўды, калі вяртацца да таго, што Сухарэнка агучваў перад выбарамі, то ўзьнікае пытаньне — чаму таго тэрарыста, пра якога апавядаў ён, ня судзяць. У яго ж, паводле агучанай інфармацыі, поўны склад злачынства, бо ён, нібыта, рыхтаваў тэракт”.

(Карбалевіч: ) “Чым вы патлумачыце такія брутальныя дзеяньні датычна Анатоля Лябедзькі, якога напярэдадні Чарнобыльскага шляху захапіў КДБ і некалькі гадзін трымаў да заканчэньня апазыцыйнай акцыі? Дарэчы, у тых самых падслуханых тэлефонных перамовах грузінскі палітык менавіта зь Лябедзькам зьвязвае надзею на перамогу беларускай дэмакратыі. Ці ёсьць нейкая сувязь паміж гэтымі падзеямі?”

(Быкоўскі: ) “Напэўна, сувязь прысутнічае. Атрымалася, што Лябедзька ня змог прыняць удзелу ў Чарнобыльскім шляху, дзе ён зьбіраўся выступіць. Ён цяпер адзін з кіраўнікоў палітрады апазыцыйнай кааліцыі, які застаўся на свабодзе пасьля акцыі, а ў яго ёсьць свой праект, сваё бачаньне сытуацыі. І такімі дзеяньнямі яго штурхаюць да канфлікту з кааліцыяй. Я думаю, што Лябедзька досыць дасьведчаны палітык, каб ня трапіць у гэтую пастку. Але іншага тлумачэньня дзеяньняў спэцслужбаў я ня бачу”.

(Костка: ) “Апошні час мяне ўвогуле зьдзіўляе ўсё, што робіць КДБ. То ён займаецца здохлымі пацукамі, то крадзяжом лесу, пра што была нядаўна інфармацыя. Як стары чэкіст, я хачу зазначыць, што гэта ўвогуле ня справа КДБ. Можа, у яго памяняліся функцыі. У мой час такімі справамі мы не займаліся. Мне здаецца, хтосьці зацікаўлены, каб зрабіць з КДБ пудзіла НКВД сталінскага часу. Гэта ўжо не трагедыя, а нейкі фарс.

Відаць, уладзе было патрэбна, каб Лябедзька не зьявіўся на Чарнобыльскі шлях, не выступаў там. Таму яго часова ізалявалі. Але тут парушаныя законы, Канстытуцыя Беларусі. Калі чалавека затрымлівае КДБ, то для гэтага павінны быць вельмі вялікія падставы. Адна рэч, калі чалавека затрымлівае міліцыя, і іншая — калі гэта робіць КДБ. Мэта відавочная: зьбіць тую апазыцыйную хвалю, якую падняла выбарчая кампанія”.

(Казначэеў: ) “Лябедзьку затрымалі, бо ён зьяўляецца харызматычным палітычным лідэрам і патэнцыйна найбольш небясьпечны для рэжыму. Таму яго ізалявалі ад удзелу ў Чарнобыльскім шляху. Другая прычына — звычайнае запалохваньне. Вядома, што Лябедзьку адміністрацыйным шляхам не запалохаеш. Ён праз гэта ўжо праходзіў. Таму вырашылі запалохаць такім чынам. Невыпадкова яму на разьвітаньне былі сказаныя словы, што вы разумны чалавек, і мы спадзяёмся, што зробіце правільныя высновы.

І яшчэ рэмарка з нагоды таго, пра што казаў спадар Костка. Сапраўды, нават у савецкі час КДБ быў структурай, якая працавала больш тонка. А ў дадзеным выпадку стаўка робіцца на грубую сілу і запалохваньне. І хутка чэкісты ў прафэсійных якасьцях ня будуць адрозьнівацца ад спэцназаўцаў”.

(Карбалевіч: ) “Вось спадар Костка казаў, што, магчыма, у КДБ памяняліся функцыі. Мне падаецца, што адной з функцыяў КДБ стала прапаганда. Тут можна згадаць прэс-канфэрэнцыі спадара Сухарэнкі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, аналітычную запіску, якую падрыхтаваў КДБ для дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў падчас прыняцьця паправак у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы ў канцы мінулага году. Тут цікава, што КДБ выпрацоўвае нейкія прапагандысцкія пастуляты і пачынае сам у яго верыць. Так і ў гэтым выпадку. Калі прыняць за вэрсію, што гэтыя падслуханыя тэлефонныя перамовы ёсьць мантажом расейскіх і беларускіх спэцслужбаў, то атрымліваецца, што яны самі змантажавалі, самі ў гэта паверылі й таму паспрабавалі ізаляваць Лябедзьку падчас акцыі як найбольш небясьпечнага палітыка. Тым больш, што напярэдадні Чарнобыльскага шляху выказваньні Лябедзькі былі найбольш радыкальнымі. Ён заклікаў усіх лідэраў партый прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу. Але ідзём далей. Як можна ацаніць сам Чарнобыльскі шлях і ягоныя палітычныя вынікі? Ці апраўдаў ён спадзевы апазыцыі?”

(Быкоўскі: ) “Колькасьць удзельнікаў была значна большая, чым летась. Але яго немагчыма параўнаць з тым, што было на пачатку 1990-х гадоў ці ў 1996 годзе. Заўсёды гэта была вялікая акцыя, у якой удзельнічалі ня толькі прадстаўнікі палітычных партыяў, але і проста людзі, якія раз на год прыходзілі, каб выказаць сваё стаўленьне як да чарнобыльскіх праблемаў, так і да ўлады. То бок, Чарнобыльскі шлях быў шырокім праектам.

Зьвяртаюць на сябе ўвагу некалькі момантаў. Цяпер ніводная партыя не ўзяла на сябе сьмеласьць падаць заяўку на правядзеньне акцыі. Паводле нашага заканадаўства, калі заяўку падае фізычная асоба (а ў дадзеным выпадку гэта спадар Івашкевіч), то ў акцыі можа ўдзельнічаць толькі ня больш за 1 тысячу чалавек. Насамрэч на акцыю прыйшло значна болей, 10—15 тысяч. Былі праблемы з рухам людзей ад Кастрычніцкай плошчы да Акадэміі навук. І ці лічыць мітынгам тое, што адбывалася каля Акадэміі навук? Бо маленькі мітынг на плошчы Бангалор быў позна, выступоўцаў не было чуваць з-за слабай гукаўзмацняльнай апаратуры. На мерапрыемстве каля Акадэміі навук былі артыкуляваныя пляны апазыцыі, а таксама некалькі паралельных праектаў, якія існуюць у апазыцыйным асяродку. Гэта была інфармацыйная нагода, спосаб камунікацыі зь людзьмі, якія падзяляюць апазыцыйныя погляды”.

(Костка: ) “У рух супраціву пайшла новая хваля моладзі. Ідзе зьмена пакаленьняў у апазыцыі. Падаецца, што лідэры апазыцыі не павінны гнацца за колькасьцю на акцыях, а крытычна прааналізаваць тое, што было зроблена за апошнія дзесяць гадоў. Можа, некаму зь лідэраў апазыцыі прыйшоў час сыходзіць у адстаўку, каб не выклікаць расчараваньня, і саступіць месца маладым. Трэба шукаць новыя падыходы да арганізацыйнай і ідэйнай працы, не зацыклівацца на тым, што рабілі раней. Значэньне гэтага Чарнобыльскага шляху ў тым, што было шмат людзей, у тым ліку моладзі. Ягоным вынікам, як і ўсёй палітычнай кампаніі гэтага году, павінна быць аб’яднаньне старых сілаў з новай энэргіяй маладых”.

(Казначэеў: ) “Чарнобыльскі шлях, як і ўся перадвыбарчая кампанія, паказаў, што ў арганізаванай апазыцыі няма дэталёва выпрацаванай стратэгіі, элемэнтарнага пляну дзеяньняў, які прадугледжвае зазіраньне крыху далей, чым на крок наперад. Вынікам прэзыдэнцкай кампаніі быў пляц. Але гэта ня ёсьць заслугай арганізаванай апазыцыі. Гэта была самаарганізацыя. У мяне было шмат магчымасьцяў кантактаваць з гэтай моладзьдзю і на пляцы, і за кратамі пасьля. І гэтыя маладыя людзі нават Мілінкевіча ўспрымалі ня больш за сымбаль. Але цяпер на самаарганізацыю разьлічваць немагчыма. Павінен быць прафэсійны падыход. Калі энтузіязм маладых ня будзе скіраваны ў канкрэтнае рэчышча, то ўсё пойдзе ў пясок”.

(Карбалевіч: ) “Пасьля Чарнобыльскага шляху, які прайшоў мірна, без асаблівых эксцэсаў, адбыліся затрыманьні і суды над лідэрамі апазыцыі. Мы ведаем, што шмат апазыцыйных актывістаў было затрымана напярэдадні 19 сакавіка. Таму што ўлады засьцерагаліся ад, нібыта, рыхтаванай рэвалюцыі. Цяпер гучныя затрыманьні і суды адбыліся пасьля падзеі. Прычым, улады не спыніліся перад затрыманьнем былога кандыдата ў прэзыдэнты Мілінкевіча. І цяпер два былыя кандыдаты ў прэзыдэнты знаходзяцца за кратамі. Чым вы патлумачыце такія дзеяньні ўладаў?

(Быкоўскі: ) “Хачу запярэчыць. У нас наперадзе яшчэ адна акцыя — 1 траўня. І сярод арыштаваных учора ёсьць два заяўнікі гэтай акцыі, Калякін і Бухвостаў. Яны былі запрошаныя для абмеркаваньня гэтай акцыі і затым былі затрыманыя і асуджаныя. Улады хочуць запужаць лідэраў апазыцыі. Вывядзеньне з актыўнай працы на паўмесяца лідэраў партыяў — гэта важны крок.

Я прысутнічаў пры затрыманьні Мілінкевіча. Гэта адбывалася ў нас у рэдакцыі тыднёвіка “Белорусы и рынок”. Яму патэлефанавалі на мабільнік зь міліцыі і прапанавалі прыйсьці ў пастарунак. Ён адмовіўся прыходзіць бяз позвы. Тады міліцыянты прывезьлі позву, але падманулі, сказалі, што выдадуць у машыне, потым яшчэ раз падманулі. Урэшце прывезьлі яго ў РУУС і судзілі. Міліцыянты самі вельмі зьдзівіліся такой колькасьці журналістаў, якія зьявіліся хутка ў райаддзел, на суд. Гэта нонсэнс ці ў дыктатарскім рэжыме, ці ў якім іншым — затрымліваць вядомага палітыка падчас кантакту з журналістамі. Міліцыя зрабіла Мілінкевічу важную інфармацыйную нагоду. Да таго ж цяпер Мілінкевіч за кратамі гарантаваны ад забойства, бо ён пад аховай”.

(Костка: ) “Тут дзейнічае некалькі прычынаў. Найперш, у Беларусі існуе традыцыя затрымліваць і судзіць апазыцыянэраў. І гэта ўжо не выклікае страху. Улада сама ня ведае, што рабіць у гэтым становішчы. Калі ладзіць рэпрэсіі — то ствараць апазыцыі рэкляму. А зь іншага боку, калі не судзіць, то апазыцыя зможа разьвярнуцца. Таму ўлады ідуць традыцыйным шляхам. Калі ўдзельнічаў у арганізацыі мітынгу, выступаў на ім, то трэба пасадзіць за краты”.

(Казначэеў: ) “У мяне няма рацыянальных тлумачэньняў, чаму лідэраў апазыцыі затрымалі й судзілі пасьля Чарнобыльскага шляху. Я не падзяляю меркаваньня спадара Быкоўскага, што іх затрымалі, каб прадухіліць іхны ўдзел у акцыі 1 траўня. Незразумела, чаму іх прысутнасьць там зьяўляецца небясьпекай для ўладаў. Гэтыя рэпрэсіі ідуць у адным агульным рэчышчы палітыкі цяперашніх уладаў, якая пачалася з пачатку прэзыдэнцтва Лукашэнкі і ўвесь час узрастае. І тое, што за кратамі апынуліся былыя кандыдаты ў прэзыдэнты, абсалютна не зьдзіўляе”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, Чарнобыльскі шлях — гэта адна з галоўных акцыяў апазыцыі ў вясновым палітычным сэзоне. Яна атрымалася традыцыйнай, але дзякуючы дзеяньням уладаў набыла гучны палітычны рэзананс”.
XS
SM
MD
LG