Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорск: беспрацоўная псыхоляг правяла акцыю пратэсту


Радыё Свабода Сёньня Натальля Бордак, якая падчас выбарчай кампаніі зьбірала галасы за кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча, выйшла зь бел-чырвона-белым сьцягам на цэнтральную плошчу Сьветлагорску. Такім чынам яна вырашыла падтрымаць людзей, якія пацярпелі ад уладаў за сваю актыўную грамадзянскую пазыцыю.

Тэльман Масьлюкоў зь Светлагорску, які таксама актыўна ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча, распавядае пра сёньняшнюю акцыю:

(Масьлюкоў: ) “Натальля выйшла на плошчу зь бел-чырвона-белым сьцягам і транспарантам “Работу — ахвярам рэжыму!” і стаяла там трыццаць хвілінаў. Затым да яе падышлі два міліцыянты. Яны доўга зь ёй размаўлялі, але ніякіх мераў узьдзеяньня не прадпрымалі. Затым яны сышлі. А Натальля яшчэ праз колькі хвілінаў завяршыла сваю акцыю”.

Натальля Бордак падчас выбараў таксама пацярпела. Сьветлагорскі суд аштрафаваў яе на дзьве базавыя велічыні. Судзьдзі палічылі, што жанчына парушыла заканадаўства, калі распаўсюджвала на гарадзкім рынку выбарчую праграму Мілінкевіча.

Раней яна працавала псыхолягам у Сьветлагорскім цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва, дзе займалася рэабілітацыяй інвалідаў праз арт-тэрапію. Але дырэктарка цэнтру спадарыня Васіліхіна прапанавала сваёй падначаленай сысьці з працы, паколькі ёй стала вядома, што на Натальлю завялі адміністрацыйную справу. І спадарыня Бордак напісала адпаведную заяву. З сакавіка яна беспрацоўная. І да гэтага часу ў цэнтры занятасьці ёй прапанавалі толькі адно месца працы, гаворыць актывістка.

(Бордак: ) “Мне прапанавалі адну работу за некалькі кілямэтраў ад гораду ў невялікім мястэчку. Але каб там працаваць, там трэба і жыць. А я гэтага не магу, бо ў мяне малое дзіця, і жыльлё тут”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG