Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды” на плошчы Бангалор


Радыё Свабода Што прывяло людзей на першатравеньскую апазыцыйную акцыю? Апытаньне ўдзельнікаў правёў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Чаму вы бераце ўдзел у акцыі?”

(Спадар Віктар: ) “Я не задаволены цяперашнім кіраваньнем”.

(Спадарыня Людміла: ) “Я не належу ні да якой партыі. Я іду супраць несумленнасьці й несправядлівасьці. Я лічу, што наш урад займаецца махлярствам — гэта й выбары, і перапісваньне Канстытуцыі… Я іду за будучыню сваіх дзяцей”.

(Спадар Кастусь: ) “Паколькі я студэнт, то я прыйшоў больш таму, што гэта дзень салідарнасьці з палітвязьнямі”.

(Спадар Васіль: ) “Найперш — падтрымаць палітвязьняў. Гэта людзі невінаватыя. Калі сядзіш, забыты ўсімі, гэта вельмі цяжка маральна, псыхалягічна… А калі цябе падтрымліваюць на волі, то гэта зусім іншая справа. Сядзіш і ведаеш, што ты робіш добрую справу. Адседка — гэта змаганьне, а ня проста марнаваньне часу”.

(Спадар Зьміцер: ) “21 сакавіка нас арыштавалі. Мне далі дванаццаць сутак, жонцы — пяць. Пасьля гэтага, калі я раней моўчкі пратэставаў, то цяпер я маўчаць ня буду. Буду браць удзел ва ўсіх акцыях”.

(Спадарыня Любоў: ) “Мы зноўку працягваем тэму палітзьняволеных людзей. Мы зьбіраемся рабіць гэта на кожнай акцыі, таму што гэта цяпер наша самая вялікая праблема. Усіх моладзевых лідэраў садзяць, каб зьнішчыць моладзевы супраціў”.

(Спадар Юрась: ) “На сёньняшняй акцыі я хацеў бы засяродзіць увагу, што пасьля папярэдняй акцыі 26 красавіка быў затрыманы абсалютна неабгрунтавана наш лідэр Мілінкевіч, што былі затрыманыя лідэры партыяў. Мы сустрэнем нашых лідэраў і працягнем барацьбу за дэмакратыю і свабоду ў Беларусі”.

(Спадар Алесь: ) “Мы ня толькі памятаем, што нашы лідэры сядзяць у турме, але ўсе ведаюць, што мы цяпер усе знаходзімся пад ціскам кантрактнай сыстэмы. Я сам выкладчык ВНУ і ведаю, што многіх выкладчыкаў стрымлівае выйсьці на вуліцу і сказаць “не” Лукашэнку якраз кантрактная сыстэма”.

(Карэспандэнт: ) “Што вас прывяло на сёньняшнюю акцыю?”

(Спадар Уладзімер: ) “Ганебныя кантракты. Яны не даюць людзям спакойна працаваць. Ад іх вялікія страты беларускаму народу”.

(Спадар Анатоль: ) “Па-першае, гэтая акцыя супраць кантрактнай сыстэмы. Усе рабочыя, службоўцы працуюць па кантрактнай сыстэме, якая, кажуць, нашмат больш жорсткая, чым, напрыклад, у Францыі. І другое — што ў нас апошнім часам стала шмат палітзьняволеных”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Я маці чатырох дзяцей, і я буду датуль з гэтымі людзьмі, пакуль ім патрэбная будзе падтрымка. Як толькі я ўбачыла, што падчас выбараў пачалі хлусіць, то цяпер я буду з тымі людзьмі, што адстойваюць свабоду. Тым больш, што я верніца. А ў слове Божым сказана, што Бог зрабіў нас свабоднымі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG