Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пэнсіянэрам плацяць роўна столькі, каб яны ня думалі пра палітыку”


Радыё Свабода У адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі, ад 1 траўня на 7% падвысілі працоўныя пэнсіі. Як удакладняецца ў дакумэнце, зроблена гэта “з мэтай павелічэньня ўзроўню матэрыяльнай забясьпечанасьці пэнсіянэраў”. Між тым, у адпаведнасьці з пастановай Савету Міністраў, ад 15 красавіка ўжо падвышаная плата за тэхнічнае абслугоўваньне жылых памяшканьняў, а ад сёньняшняга дня на 6% вырасьлі тарыфы на электраэнэргію, звадкаваны і прыродны газ. Неўзабаве будуць падвышаныя й іншыя камунальныя тарыфы. Як кажуць экспэрты, гэтыя выплаты нашмат перавышаюць дадатак да пэнсіяў.

Як паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, працоўныя пэнсіі будуць пералічаныя індывідуальна, з улікам заробку і працягласьці працоўнага стажу. Паведамляецца, што сярэдні памер працоўнай пэнсіі паводле ўзросту ў траўні складзе прыблізна 260 тысяч рублёў. Разам з тым, у Беларусі падвышаныя кошты фактычна на ўсе камунальныя паслугі: электраэнергію, ваду, ацяпленьне і тэхабслугоўваньне. Апроч таго, ад 1 чэрвеня на 6% падаражэе цеплавая энэргія для падагрэву вады, ад 1 ліпеня на 15% вырасьце плата за халодную ваду і каналізацыю, а ад 1 жніўня на 10% будзе даражэй каштаваць вываз і абясшкоджаньне адкідаў, гэтаксама на 10% падвысіцца плата за карыстаньне ліфтам.

Як лічаць экспэрты, рэальна пэнсіі ніяк не павялічацца, паколькі іх адразу ж зьядуць яшчэ большыя кошты на харчы й камунальныя паслугі. Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, пэнсіі проста падганяюць да росту заробкаў, які гэтаксама залежыць ад цэнаў. Але, як сьведчыць статыстыка, практычна палова пэнсіяў ідзе на аплату паслугаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

(Раманчук: ) “Тое, што пэнсіі растуць толькі на 7%, а інфляцыя ў Беларусі не зьяўляецца паказьнікам рэальнага росту цэнаў, то гэты крок — проста падтрыманьне пэнсіянэраў ня мяжы дапушчальнай беднасьці. У той стадыі, якая не дазволіць ім больш дынамічна ўліцца ў рух “За свабоду”, які фармуецца ў Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж сам факт падвышэньня на пэнсіянэраў уплывае…”

(Раманчук: ) “Калі людзі пасьля 1 траўня першы раз пойдуць плаціць за камунальныя паслугі, яны на сваёй кішэні адчуюць: грошай не хапае, каб напоўніць нават іхны сьціплы спажывецкі кошык харчоў і паслугаў. Тады, я думаю, сытуацыя зь іх палітычнай актыўнасьцю можа зьмяніцца”.

Вясковы пэнсіянэр, у мінулым настаўнік гісторыі Мікола Грак перакананы: пэнсіянэрам даюць грошай роўна столькі, каб яны ня думалі пра палітыку. Паводле Міколы Грака, пэнсіі — той інструмэнт, з дапамогай якога ўлады маніпулююць электаратам.

(Грак: ) “Сёньня ўсе людзі майго пакаленьня і нават маладзейшыя перасталі ўвогуле пра нешта думаць, апроч пэнсіі. Толькі й размоваў, каб далі большую пэнсію, каб жыць без асаблівых праблемаў. Але пра лёс краіны, пра яе незалежнасьць і самастойнасьць малы працэнт людзей думае. Таму, я б сказаў, ня важная справа ў нас ўвогуле. Людзі жывуць, працуюць і ўсё толькі скардзяцца, што мала атрымліваюць”.

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што ад наступнага году сытуацыя з выплатай заробкаў і пэнсіяў можа быць яшчэ больш складанай. Асабліва калі пазыцыя расейскага “Газпрому” ня зьменіцца і кошты на газ для Беларусі вырастуць, як абвешчана, мінімум утрая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG