Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Онлайн-рэпартаж зь першатравеньскай дэманстрацыі апазыцыі


Радыё Свабода 1 траўня дэмакратычныя сілы Беларусі правялі дэманстрацыю пратэсту. Акцыя пачалася аб 11-й гадзіне каля Акадэміі навук і прадоўжылася на плошчы Бангалор. Удзельнікі патрабавалі адмены кантрактнай сыстэмы, адстаўкі А.Лукашэнкі, неадкладнага вызваленьня А.Мілінкевіча, А.Казуліна і іншых лідэраў апазыцыі.

14:00 Онлайн-трансьляцыя завершана. Гл. фотарэпартаж.

13:52 Шушкевіча выклікаюць у суд Па заканчэньні мітынгу Станіславу Шушкевічу перадалі позву ў суд. Яго выклікаюць 3 траўня а 10-й раніцы ў РУУС Першамайскага раёну Менску.

13:46 Мітынг на Бангалор закончыўся. Затрыманы адзін з удзельнікаў першатравеньскай акцыі Па заканчэньні мітынгу на плошчы Бангалор людзі ў цывільным затрымалі аднаго з удзельнікаў акцыі. Яго гвалтам пасадзілі ў машыну і зьвезьлі.

13:35 У акцыі ўдзельнічаюць і прадстаўнікі Расеі У сёньняшняй апазыцыйнай акцыі ў Менску ўдзельнічаюць актывісты расейскай моладзевай арганізацыі “Абарона”. Маскоўскі каардынатар “Абароны” Мікалай Збарашэнка паведаміў Радыё Свабода, што прадстаўнікі арганізацыі прыехалі “падтрымаць беларускі народ у ягонай барацьбе за свабоду”. Ён шкадуе, што Аляксандра Лукашэнку падтрымлівае расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін. “Пуцін — далёка ня ўся Расея”, — падкрэсьліў Мікалай Збарашэнка.

13:26 Мітынгоўцы ўхвалілі дзьве рэзалюцыі Першая — супраць прымусовай кантрактнай сыстэмы, другая патрабуе вызваленьня палітвязьняў і адстаўкі Лукашэнкі.

13:22 Працягваецца мітынг. Мітынгоўцы патрабуюць вызваліць Мілінкевіча і Казуліна. Прамоўцы на мітынгу выказваюць салідарнасьць з палітзьняволенымі. Сын арыштаванага палітыка Вінцука Вячоркі Франак Вячорка заявіў: “Мы не баімся турмы на Акрэсьціна!”

12:44 За першамайскім мітынгам назірае ўсё міліцэйскае начальства Менску. На плошчы Бангалор прысутнікае кіраўнік міліцыі Менску генэрал Куляшоў, тут жа — камандзір палка спэцыяльнага прызначэньня (колішні АМАП) палкоўнік Юры Падабед. Байцы спэцназу трымаюцца на адлегласьці 200 мэтраў ад мітынгоўцаў.

12:38 Удзельнікі мітынгу ў парку Дружбы народаў на Бангалоры падтрымалі прапанову намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Дабравольскага патрабаваць вызваленьня палітвязьняў і распачаць кампанію салідарнасьці "Дзеля свабоды". Спадар Дабравольскі сказаў, што кампанія "Дзеля свабоды" павінна доўжыцца да таго часу, пакуль ня вызваляць усіх палітвязьняў.

12:27 На мітынгу будуць сьпяваць лідэр гурту "NRM" Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч і “Партызанская школа”. Лявон Вольскі сказаў у інтэрвію Радыё Свабода: “Гэта ня выступ на забароненым канцэрце. Я як грамадзянін буду чытаць прысутным свае вершы, пакладзеныя на музыку”.

12:16 Удзельнікі акцыі запісваюцца ў рух “За свабоду!” У парку Дружбы народаў на Бангалоры калёну чакаюць прадстаўнікі Партыі камуністаў беларускай. Яны трымаюць плякаты: “Прымусовы кантракт — удаўка для працоўнага кароду”, “Пэнсіянэры за годную пэнсію”, “Не — платнай мэдыцыне!”, “Свабода. Праўда. Справядлівасьць”. Удзельнікі акцыі запісваюцца ў рух “За свабоду!”

12:08 Палкоўніка Паўлічэнку віталі воклічамі “Ганьба!” Удзельнікі акцыі, якія ўжо сабраліся на плошчы Бангалор, абураныя тым, што на месцы правядзеньня мітынгу зьявіўся палкоўнік Дзьмітры Паўлічэнка. Яго сустрэлі воклічамі “Ганьба!”

11:54 П’яныя маладзёны спрабавалі ўчыніць бойку У раёне ўнівэрсаму “Рыга” некалькі маладых людзей нападпітку спрабавалі арганізаваць бойку з дэманстрантамі. Удзельнікі акцыі адштурхнулі іх у бок. На гэты момант у калёне ідуць прыкладна дзьве тысячы чалавек.

11:44 Каля тысячы чалавек ідуць у кірунку Бангалору; туды ж едзе спэцназ У тысячнай калёне бел-чырвона-белыя сьцягі й транспарант “Свабоду Мікіту Сасіму!” Каля тысячы чалавек працягваюць ісьці па ходніках ад Акадэміі Навук у кірунку Бангалору. Кіроўцы сыгналяць на знак салідарнасьці. Тым часам чатыры машыны толькі што праехалі ўздоўж калёны дэманстрантаў у бок плошчы Бангалор.

11:40 Калёна рушыла па ходніках да плошчы Бангалор. Некалькі соцень чалавек ідуць па ходніках менскай вуліцы Сурганава.

11:34 Іна Кулей, жонка Аляксандра Мілінкевіча, паведаміла Радыё Свабода, што Аляксандра Мілінкевіча, Сяргея Калякіна, Вінцука Вячорку і Аляксандра Бухвостава расьсялілі ў розныя камэры. Пра гэта спадарыня Кулей даведалася сёньня зранку, калі наведала турму на Акрэсьціна. Лідэры апазыцыі адбываюць пакараньні за ўдзел у несанкцыянаваным Чарнобыльскім шляху 26 красавіка.

11:24 Міліцыя папярэджвае людзей; Шушкевіч заклікае ісьці на Бангалёр На пляцоўцы каля Нацыянальнай Акадэміі Навук сабралася ўжо каля 300 чалавек. Праз гучную сувязь міліцыя папярэджвае, што сход недазволены. Прысутных палітыкаў персанальна папярэдзілі пра тое, што іх затрымаюць. Станіслаў Шушкевіч прапануе ўсім удзельнікам акцыі па ходніках ісьці на плошчу Бангалёр.

11:21 Людзей ужо некалькі соцень; Лябедзьку папярэдзіла міліцыя На гэты момант людзей значна паболела, цяпер іх тут некалькі сотняў. Яны прыжджаюць грамадзкім транспартам. Міліцыя папярэдзіла Анатоля Лябедзьку, што збор людзей ля Акадэміі Навук несанкцыянаваны. На пляцоўцы перад Нацыянальнай Акадэміяй навук зьявіліся Іна Кулей, Анатоль Лябедзька, Аляксандар Дабравольскі, Станіслаў Шушкевіч. Міліцыя папярэдзіла спадара Лябедзьку, што акцыя ля Акадэміі Навук несанкцыянаваная. Лідэр Аб''яднанай грамадзянскай партыі патлумачыў, што хуткім часам удзельнікі акцыі пойдуць ў Парк дружбы народаў на плошчы Бангалор.

11:12 Ля Акадэміі Навук сабраліся прыблізна паўсотні чалавек У 11 гадзін каля будынку Нацыянальнай акадэміі навук сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек – прыблізна паўсотні. З палітыкаў тут заўважаны Станіслаў Шушкевіч.

11:07 У цэнтар Менску сьцягнутыя сілы спэцназу. А 9-й раніцы ў цэнтар Менску з боку мікрараёну Ўручча рушыла калёна спецназу: 9 аўтобусаў і 5 машынаў.
XS
SM
MD
LG