Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла электронная энцыкляпэдыя "Касьцёлы Беларусі"


Радыё Свабода Сёньня ў Менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены адбылася прэзэнтацыя ўнікальнага для Беларусі праекту – кампакт-дыску "Фотаэнцыкляпэдыя "Нашы касьцёлы", вынік чатырохгадовай працы 76-ці фотамастакоў. Энцыкляпэдыя ўтрымлівае інфармацыю пра 874 каталіцкія сьвятыні Беларусі. Гэта ў некалькі разоў больш, чым у любых ранейшых энцыкляпэдычных даведніках. На прэзэнтацыі пабывала карэспандэнтка Свабоды.

У кампакт-дыск увайшлі 874 аб''екты – касьцёлы, кляштары, капліцы, сотні артыкулаў, 4100 фотаздымкаў, і пры гэтым усё з лепшых ракурсаў, з інтэр''ерамі. Увайшло ўсё, за што можа зачапіцца фотакамэра, нават калі гэта толькі падмуркі альбо пагорачак ад былой каплічкі. Толькі асноўныя чатыры аўтары фатаграфіяў – Дзяніс Салаш, Уладзімер Багданаў, Андрэй Дыбоўскі і Канстанцін Шастоўскі – праехалі па Беларусі каля 200 тысяч кілямэтраў... Распавядае адзін з аўтараў праекту Дзяніс Салаш:

(Салаш: ) "Усе ракурсы ёсьць кожнага касьцёлу (прынамсі, стараліся так зрабіць), усе фасады, абсыды, трансфэкты, таксама інтэр''еры, алтары. Другая вялікая частка працы – збор і апрацоўка інфармацыі, раней сабранай папярэднікамі нашымі, якія выдавалі энцыкляпэдыі. Падагульненьне, падсумаваньне, высьвятленьне дакладных лічбаў, стылю касьцёлу, дакладных гістарычных падзеяў. І мы прэтэндуем на вялікую дакладнасьць".

На прэзэнтацыі паказалі 20-хвілінны фільм "Нашы касьцёлы" пра сучасны стан каталіцкай архітэктуры Беларусі. Фільм складаецца зь сямі частак: "Руіны" – пра касьцёлы занядбаныя, "Нашы мары" – пра храмы, у якіх дагэтуль месьцяцца, да прыкладу, гаражы (у Горадні), пажарнае дэпо (у Антопалі), і нават паліклініка (у Ляхавічах). "Нашы прыгажуны" – адпаведна, пра самыя прыгожыя храмы. "Нашы радасьці" – пра адноўленыя касьцёлы. "Нашы незнаёмцы" – пра тыя амаль 400 аб''ектаў, якіх няма ні ў водным энцыкляпэдычным даведніку.

Гаворыць ксёндз, біскуп Антоній Дзям''янка:

(Дзям''янка: ) "Гледзячы на гэтыя руіны, думаю, што знойдуцца тыя рукі і гарачыя сэрцы, якія гэтыя сьвятыні адновяць. Бо кожная адноўленая сьвятыня – гэта вялікая радасьць".

Алена Буніч, прыхаджанка грэка-каталіцкай царквы парафіі сьвятога Язэпа, езьдзіла па храмах разам з укладальнікамі энцыкляпэдыі.

(Буніч: ) "Натхняе, што ня ўсё так блага, сьвятыні будуць аднаўляцца. Бачачы руіны, якія цяпер адноўленыя, мы маем надзею такую, што, як Госпад уваскрос, гэтыя сьвятыні таксама ўваскрэснуць. Дзякуючы людзям, якія аднаўляюць, верыш, што будуць будавацца і новыя сьвятыні. Так што радасьць адчуваю".

Дарэчы, у электроннай энцыкляпэдыі "Нашы касьцёлы" прадстаўленыя і ўнікальныя фотаздымкі карэспандэнта Свабоды Ягора Маёрчыка.
XS
SM
MD
LG