Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сустрэчы ў Сафіі прадстаўнікі ЭЗ асудзілі арышты лідэраў апазыцыі


Радыё Свабода, Прага Рада міністраў Эўразьвязу рэзка асудзіла арышт лідэра аб’яднанай беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча і запатрабавала ягонага неадкладнага вызваленьня, як і вызваленьня іншых палітвязьняў у Беларусі.

“Узяцьцё пад варту былога кандыдата ў беларускія прэзыдэнты і лідэра аб’яднанай беларускай апазыцыі непрымальнае”, заявіла ў пятніцу кіраўніцтва Рады міністраў Эўразьвязу. Эўрапейскія міністры абмеркавалі беларускую сытуацыю ў пятніцу ў Сафіі, дзе праходзіла сустрэча краінаў-удзельніцаў НАТО.

Як заявіў брытанскі міністар у справах Эўропы Дуглас Аляксандэр, беларускія ўлады чарговым разам прадэманстравалі недахоп талерантнасьці, павагі да людзей і адданасьці дэмакратычным прынцыпам. “Я рэзка асуджаю гэтыя дзеяньні супраць людзей, якія спрабавалі ажыцьцявіць свае законныя правы на свабоды сходаў і меркаваньняў”, падкрэсьліў брытанскі міністар.

Ціск на беларускую апазыцыю асудзіў і кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер. Паводле ягоных словаў, Бэрлін абураны падобнымі захадамі Менску ў дачыненьні да апанэнтаў беларускага рэжыму і патрабуе неадкладнага вызваленьня беларускіх палітвязьняў.

“Бэрлін патрабуе ад Масквы актыўных дзеяньняў у вызваленьні лідэраў беларускай апазыцыі. Надзейнасьць Расеі вымяраецца ня толькі пастаўкамі газу, але і тым, каго падтрымлівае расейскае кіраўніцтва”, заявіў упаўнаважаны нямецкага ўраду ў правах чалавека Гюнтэр Нокэ.

Тым часам кіраўнік МЗС Расеі рэзка скрытыкаваў палітыку заходніх краінаў у дачыненьні да Беларусі. Выступаючы ў Сафіі на перамовах зь міністрамі краінаў НАТО, Лаўроў назваў непрадуктыўнымі спробы Захаду ізаляваць Лукашэнку і падкрэсьліў, што Масква ніколі не пагодзіцца з такімі захадамі.
XS
SM
MD
LG