Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менскія ўлады не дазволілі ладзіць 1 траўня канцэрт на плошчы Бангалор


Радыё Свабода Таксама не дазволенае шэсьце ад Акадэміі навук да месца правядзеньня мітынгу. Матывы адмовы чыноўнікі не паведамілі. Але арганізатары апазыцыйнай маёўкі гавораць, што нягледзячы на перашкоды, акцыя супраць кантрактнай сыстэмы і за вызваленьне палітычных вязьняў пройдзе ў задуманым фармаце.

Пасьля арышту ды зьняволеньня лідэраў дэмакратычнай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, Сяргея Калякіна, Вінцука Вячоркі, Аляксандра Бухвостава і Зьмітра Дашкевіча справу арганізацыі маёўкі 1 траўня пераняў намесьнік першага сакратара Партыі камуністаў Валер Ухналёў. Улады не дазваляюць людзям 1 траўня сабрацца на пляцоўцы каля Акадэміі навук каб адтуль прайсьці на Бангалор. Тым ня менш, Валер Ухналёў гаворыць, што акцыя ў Дзень працы пройдзе у заплянаваным фармаце:

(Ухналёў: ) “Акцыя будзе праходзіць у тым фармаце, як мы і дамовіліся спачатку. Нягледзячы на тое, што Менгарвыканкам адмовіў нам у правядзеньні дэманстрацыі, мы заклікаем людзей прыйсьці на пляцоўку каля Акадэміі навук. Адтуль мы арганізавана правядзем людзей на плошчу Бангалор, дзе адбудзецца мітынг. Мы не мяняем фармату і зьбіраемся аб 11-й гадзіне каля Акадэміі навук і да 12-ай мы пройдзем па Сурганава да канцэртнай пляцоўцы на плошчы Бангалор, дзе адбудзецца мітынг. Мы нічога не мяняем і распаўсюджваем свае матэрыялы у якіх гаворыцца каб людзі прыходзілі на пляцоўку каля Акадэміі навук”.

(Карэспандэнт: ) “Валер, скажыце, які будзе фармат акцыі на плошчы Бангалор? Чаго будуць патрабаваць удзельнікі гэтай акцыі?”

(Ухналёў: ) “Калі мы падавалі заяўку на правядзеньне акцыі то асноўнай тэмай быў пратэст супраць кантрактнай сыстэмы. Гэтая тэма будзе гучаць, але сёньня лідэры сядзяць у турме, таму асноўнай будзе тэма салідарнасьці зь імі. І з тымі людзьмі, якія сёньня змагаюцца па ўсёй краіне і трапляюць пад рэпрэсіі. Мы будзем патрабаваць вызваліць палітычных вязьняў”.

Нічым не матывуючы, менскія ўлады не дазволілі правесьці 1 траўня на Бангалор канцэрт. Але Валер Ухналёў гаворыць, што ніхто не забароніць людзям, што прыйдуць на маёўку, засьпяваць са сцэны пад гітару.
XS
SM
MD
LG