Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ня тое сказаў, не туды пайшоў – атрымоўвай 15 сутак арышту. Дык што гэта: дзяржава ці зона?"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за пятніцу, 28 красавіка. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Мікола Савіцкі, прафэсар: ) “Па “Чарнобыльскаму шляху”. Мне, 72-гадоваму, атручанаму газам і двойчы са страсёнымі мазгамі, чатыры разы судзімаму, заплаціўшаму вялікія штрафы, асвоіўшаму нары Акрэсьціна (усё гэта за ўдзел у шэсьцях, маніфэстацыях), было сорамна за “Чарнобыльскі шлях-2006”. 10 тысяч беларусаў ішлі пад лёзунгам “Свабода. Праўда. Справядлівасьць”, як качкі вузкім гуськом ідуць на вадапой па вузкіх тратуарах. Мяркую, што ад Акадэміі Навук не патрэбна было ісьці на Бангалор. Мы ж самі лічым ужо колькі год гэтае месца ганебным. Каб дамагчыся свабоды, трэба адчуваць і паводзіць сябе ў такі юбілейны год свабодна, годна. Словы “гатовы ісьці да канца” патрабуюць нетрадыцыйных паводзінаў. “Чарнобыльскі шлях” – гэта хрэсны ход вакол беларускага чарнобыльскага храму. Удзельнікі хрэснага ходу ў глыбокіх думках і чыстых пачуцьцях, сьветлых марах годна ідуць за сьвятаром, але толькі не па тратуары”.

(Спадарыня: ) “Па “Эўраньюз” паказалі “Чарнобыльскі шлях”. Лічу, што ён удаўся. Калі лічыць, што гэта будні дзень, вялікая колькасьць народу прыйшла. “Чарнобыльскі шлях” быў не такі, як заўсёды. А ўявіце сабе, каб гэта быў выходны дзень. Было б, магчыма, ня 10 тысяч, а можа і сто тысяч. Так што, можна сказаць, што на заклік нашага дарагога Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна адгукнулася значная частка людзей, якія менавіта хочуць перамен. Канечне, усё гэта было азмрочана тым, што зрабілі з Анатолем Лябедзькам, што яго зьбівалі. За што? Ён прыстойны чалавек, хоча, каб перамагла справядлівасьць, каб Лукашэнка быў пакараны, каб яго асудзілі. Няма словаў. Гэта суцэльны непарадак! Калі КДБ займаецца такімі справамі, яно працуе супраць народу”.

(Спадар: ) “Вось патлумачце мне. Іду па вуліцы, бачу паўсюль расьцяжкі на вуліцах “Споўнілася 20 год Чарнобылю”. Скажыце, што гэта за радасьць такая? Якое ж гэта сьвята, што паўсюль гэтыя расьцяжкі? Навошта яны? Усе мы пра гэта цудоўна ведаем. Ці гэтыя шэсьці, якія робяць так званыя апазыцыянэры. Што там за радасьць такая? Дзеля чаго зьбірацца? Што гэта дае? Якая мэта?”

(Бартось Марыя: ) “Мы ўсе ў вёсцы абураны вось такім “кіраўніцтвам”, што засядае ў Менску. Ну, нічога няма чалавечага! Такія лідэры, як Мілінкевіч, Казулін, Лябедзька і г.д., людзі, якія за народ, яны бачаць, як мы жывем, як зьдзекуюцца з нас вось тут на месцах, можна сказаць, неадукаванае княства. Яны ж не прыслухоўваюцца да народу і думаюць, што ўсё гэта так пройдзе. Мы заяўляем, што мы зь Мілінкевічам, з Казуліным, зь Лябедзькам! Мы разам! Мы ніколі не пагодзімся з гэтым безуладзьдзем, што на Беларусі!”

(Спадар: ) “Пытаньне да Шушкевіча. Станіслаў Станіслававіч, столькі год прайшло, а Вас часам абвінавачваюць, што вы падпісалі Белавескае пагадненьне, развалілі Савецкі Саюз разам зь Ельцыным і Краўчуком. Катэгарычна нязгодны, бо на той момант Савецкага Саюзу не было. Прыбалтыйскія рэспублікі выйшлі з Саюзу, а астатнія, у тым ліку і Беларусь, абвясьцілі дзяржаўны сувэрэнітэт і вяршэнства сваіх законаў над саюзнымі. Аб якім саюзе можна тады было ўвогуле казаць? Не разумею, як можна разбурыць тое, чаго няма. А цяпер пытаньне. А што б Вы, Станіслаў Станіслававіч, адказалі тым, хто Вас абвінавачвае ў развале Савецкага Саюзу?”

(Спадар: ) “Ня тое сказаў, не туды пайшоў – атрымоўвай 15 сутак арышту. Дык што гэта: дзяржава ці зона? Калі ласка, адкажыце”.

(Спадарыня: ) “За 30 дзён мы павінны вызваліць усіх палітвязьняў. Але, мне здаецца, што трэба зьвярнуцца да Зянона Станіслававіча Пазьняка, каб вярнуць яго на сваю радзіму. Гэта яго радзіма. І мы ўсе, беларускі народ, хочам, каб ён вярнуўся. Хопіць яму недзе быць. Змагацца павінны ўсе разам, ня толькі мы. Канечне, ён і там змагаецца, можа, і больш за нас, але ён павінен быць тут, калі нам вельмі цяжка”.

(Іван Карпавіч, Менск: ) “Пытаньні прафэсару Шушкевічу. Першае. Хто займаецца сымболікай любой краіны? Другое. Чаму парушаецца Канстытуцыя Беларусі? Ці трэба патрабаваць дазвол на шэсьці, дэманстрацыі? Мне падаецца, што ў Канстытуцыі запісана: свабода слову, свабода друку, свабода шэсьцяў. Трэцяе. Мы жывем на постсавецкай прасторы, чаму Дума Расеі ганьбіць Думу царскую? Раней у Думе былі вяльможы, а гэтая Дума – чырвоная чума, выхадцы з халопаў. Чаму можа быць такое параўнаньне да першай і сёньняшняй расейскай Думы? І чацьвёртае. Калі будуць прытрымлівацца ў Беларусі ня толькі Канстытуцыі, але і ўсіх законаў для ўсіх грамадзян аднолькава?”

(Спадарыня:) “Пытаньне прафэсару Шушкевічу. Сама я была выкладчыцай ВНУ, цяпер выкладаю ва ўнівэрсытэце аднаго з гарадоў Нямеччыны. Я засталася ў добрых адносінах і кантактах з маімі былымі калегамі і добра ведаю, зь якой нянавісьцю яны адгукаюцца аб існуючай уладзе і яе кіраўніку. Але яны амаль нічога ня могуць зрабіць, калі ўваходзяць у аўдыторыі. У навучальных установах, дзе заўсёды вітаў свабодны дух, свабоднае слова, дзе нараджалася чарговая і прагрэсіўная, сёньня атмасфэра страху, непакою і няпраўды. Што б Вы маглі параіць выкладчыкам? Што б Вы маглі б адказаць ім сёньня? Што прапанаваць? Менавіта яны працуюць сёньня з найбольш актыўнай часткай грамадзтва, са студэнтамі”.

(Ільля Копыл: ) “Пытаньне Станіславу Шушкевічу. Шаноўны Станіслаў Станіслававіч! У мяне некалькі пытаньняў. Першае. Вы аднойчы сказалі, што ўладу, якая пануе на Беларусі, законным шляхам зьмяніць нельга. Як жа нам быць? Няўжо тупік? Што Вы параіце? Другое. У свой час Вы вельмі прадбачліва паступілі, калі пазбавілі Беларусь ракетнай зброі. Як Вы думаеце, як бы паводзіў сябе зараз так званы беларускі галоўнакамандуючы, калі б тая зброя засталася ў нас? Трэцяе. Вы прафэсар, спэцыяліст у вобласьці ядзернай фізыкі. Я служыў у савецкай арміі ў Савецкіх войсках, абслугоўваў і рыхтаваў пушку, ядзерныя боегалоўкі. У нейкім родзе Ваш калега. Трохі ведаю, што такое ўран, плютоній, трытый, цэзій, стронцый. Як вы ацэньваеце дзеяньні ўлады па засяленьню і асваеньню брудных тэрыторыяў? Чацьвёртае. Памятаю, як у 1989 ці 1990 годзе Вы выступалі на мітынгу на прыступках Галоўпаштамту. Тады праходзіла Сэсія Вярхоўнага Савету 11-га скліканьня. Разам з Вамі быў дэпутат Глеб Ерамееў, студэнт Менску, які яго лёс зараз, калі ведаеце?”

(Спадар: ) “Блюзьнерства выкарыстоўваць вынікі чарнобыльскай трагедыі пад выглядам “Чарнобыльскага шляху”! І гэты чалавек, які ўзначальвае, яшчэ спрабуе прабіцца ў прэзыдэнты. Ну як так можна будаваць падбухтораную дзейнасьць сваю! Улічвайце гэта, калі ласка, праўдалюбцы”.

(Яблонскі, Маладэчна: ) “Боль і сум ад таго, што мы такія бяспраўныя. Але гэтым арыштам нашых лідэраў улады не запалохаюць нас. Трэба толькі болей гуртавацца. Зьберажы і падтрымай, Божа, усіх палітычных вязьняў!”

(Спадарыня: ) “Паважаная “Свабода! Шчырае дзякуй вам за вашыя праграмы, усім вашым супрацоўнікам за сумленную працу, за тое, што вы ёсьць. Вы адзіная наша праграма, дзе можна ўсё паслухаць, паслухаць розныя меркаваньні і розныя выказваньні.

А таварышам лукашыстам хачу сказаць. У вас жа столькі сувязі, столькі праграм, навошта званіць на праграму “Свабоды” і абражаць людзей, гістэрычна выказвацца ўсім тым, хто ня згодны з гэтым рэжымам. Слухайце сваё радыё. І вучыцеся культуры, роднай мове”.

(Вольга, Баранавічы: ) “Тучи над городом ходят, в воздухе пахнет грозой”. Вось чаму аратары стыхійнага мітынгу на Кастрычніцкай плошчы 19-га сакавіка адразу і ўсе не былі арыштаваныя. А тыя, хто выступіў 26-га красавіка, тыя ж самыя палітыкі, неадкладна ўсім калектывам апынуліся за кратамі”.

(Спадар: ) “Я інвалід Чарнобыля з г/п Парычы. Уся гуманітарная дапамога, якая ідзе пацярпелым, разграбляецца чыноўнікамі сацыяльнага забесьпячэньня, і да тых людзей, якім яна належыць, яна не даходзіць.

Усю гуманітарную дапамогу, якую прывозяць у Беларусь пацярпелым ад Чарнобылю, трэба раздаваць усім па адрасату. А то ўлада яе расходуе для сваёй нажывы, сацыяльныя работнікі гандлююць гэтай дапамогай”.

(Спадар, Менск: ) “Неабходна, каб Эўразьвяз увёў неадкладна дадатковыя санкцыі супраць гэтага бандыцкага рэжыму Лукашэнкі: эканамічныя санкцыі, забараніць уезд спартоўцаў Беларусі ў краіны Эўразьвязу і цалкам зачыніць мяжу Польшчы зь Беларусьсю”.

(Спадар: ) “Вельмі дрэнны прыём “Свабоды” ў Менску. Трэск, піск. Праверце, ці не ўжываюць прыхільнікі дыктатуры спэцсродкі”.

(Спадарыня: ) “Мяне хацелі маральна забіць, але не забілі. Я засталася жывая. Сёньня вас толькі пачула ў 6:40, а так не магла знайсьці “Свабоду”, каб паслухаць. Дзякуй за тое, што пачула. Калі паслухаю “Свабоду”, то мне лепей жыць становіцца”.

(Спадарыня: ) “Паважанае радыёстанцыя Свабода! Вы запрашаеце, каб выказвалі сваё меркаваньне, але пускаеце ў эфір толькі тыя меркаваньні, у якіх крытыкуеце Лукашэнку, урад. А калі вас крытыкуюць – гэтага ніколі ня чула. Вы крыўдзіце, што ў нас мала свабоды. Якой жа вы свабоды болей хочаце? Вы крытыкуеце, абліваеце брудам сваю краіну. Мілінкевіч езьдзіць за мяжу, дзе ён чарніць нашу краіну. Лукашэнка ў час выбараў атрымаў 83%. І як можна сказаць, што гэтыя выбары несапраўдныя! У час чарнобыльскай катастрофы вывелі моладзь на вуліцы, якія толькі крычаць і крычаць. Лукашэнка мала робіць, магчыма, але ж ён невінаваты ў гэтай катастрофе. Ён робіць усё магчымае, каб аблегчыць боль людзей. А вы што робіце? Толькі крытыкуеце. А ніякіх прапановаў вы не даяце.

А арыштавалі гэтых кіраўнікоў мала на суткі. Ім трэба гады даваць, каб яны не бударажылі народ. Хай прыедуць у калгас, хай паглядзяць, як людзі працуюць з раніцы да ночы для таго, каб накарміць сябе і такіх бунтароў як вось гэтыя Мілінкевічы і Казуліны”.

(Спадар: ) “Вось слухаю я вас і чую, што ўсё прагрэсіўнае чалавецтва просіць вызваліць Мілінкевіча. Гэта мне нешта нагадвае. А каго слухалі амэрыканцы, калі ім казалі, што ня трэба ваяваць зь Іракам, забіваць людзей? А каго паслухалі НАТА, калі бамбілі Югаславію, забівалі людзей? А цяпер нешта патрабуюць ад Беларусі”.

(Спадар: ) “Усіх чыноўнікаў на годную пэнсію ў 200 тысяч беларускіх рублёў, якую яны далі рабочым пэнсіянэрам. Вось як бы яны пажылі за гэтыя 200 тысяч! Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “З абурэньнем даведаўся аб арышту ўладамі лідэру аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча і кіраўнікоў апазыцыйных партыяў, Вячоркі, Бухвостава, Калякіна. Гэта паказвае страх улады перад дзейнасьцю апазыцыі. Улада мяркуе, што яна абезгаловіць пратэст народу. Але рух гісторыі не спыніць. І дыктатуры загіне, а дэмакратыя пераможа. Жыве Беларусь!”

(Анастас Семяновіч:) “Я абураюся. Хто вам даў права судзіць герояў Беларусі – Алеся Мілінкевіча, Вячорку, Бухвостава, Калякіна, – за тое, што яны думаюць пра нас, браткоў-беларусаў? Таварышы лукашысты! Да якога часу вы будзеце ганьбіць нас, беларусаў, на ўвесь сьвет? Час набліжаецца, вас саміх будуць судзіць. Што вы тады казаць будзеце? Кожны злачынец, які ўчыняе злачынства перад беларускім народам, будзе судзімы! І рэгулярна па месцу жыхарства будуць паведамляць прозьвішчы. Схавацца за сьпіны іншых ня выйдзе. Патрабую: неадкладна выпусьціце ўсіх герояў палітычных з турмаў! Жыве Беларусь!”

(Бартось: ) “Хачу зьвярнуцца да Лукашэнкі. Калі ён ня выпусьціць сваіх апанэнтаў, Мілінкевіча, Казуліна і г.д., мы выступім яшчэ раз! Гэта ўлада, якая намі кіруе, ужо ў костках сядзіць. Сэрца разрываецца ад болю, як зьдзекуюцца з нас. Прыйдзіце, Лукашэнка, пажывіце ў нас у калгасе “Кастрычнік” Гарадзенскага раёну, кіраўнік калгасу Крымко. Ён што хоча, тое і робіць, зьдзекуецца з тых, хто адпрацаваў у калгасе. У пракуратуры і судзе нічога нельга дамагчыся! Хопіць зьдзекавацца з нас! Мы ж ня дурні, мы ж людзі! Як вам ня брыдка? Што пэнсію дадалі на 15-20 тысяч? І гэта ўсё? А дзе ж чалавечнасьць ваша? Мне за гэтыя 20 тысяч толькі раз у краму схадзіць!”

(Спадар: ) “Пачуў, што арыштавалі Аляксандра Мілінкевіча на 15 сутак. Гэта ж бязладзьдзе! Гэта вычварэнства! Як можна такіх людзей саджаць? Чаму грамадзтва маўчыць? Колькі яно яшчэ будзе маўчаць? Чытаю прафэсара Манаева, што па сацыялягічным меркаваньню недзе каля 62% насельніцтва верыць гэтаму дзікаму рэжыму. У гэтых умовах трэба санкцыямі давіць! Трэба грубыя санкцыі прымаць супраць рэжыму. Трэба хаця б зрабіць, каб кожны дырэктар школы быў неўязны, каб усе чыноўнікі былі неўязнымі. Толькі санкцыямі, ажно да эканамічных! Трэба прымушаць рэжым думаць, як далей яны будуць жыць. І, можа, і людзі ў рэшце рэшт задумаюцца”.

(Спадар: ) “Я звычайны пэнсіянэр, ні лукашыст, ні бушыст. У час галасаваньня аддаў свой голас за Гайдукевіча, хаця на 100% быў упэўнены, што ён не пераможа. Часта ўключаю вашу хвалю. Але слухаць працяглы час не атрымоўваецца. Як толькі гаворка заходзіць пра справы Беларусі, адразу згадваецца такі вось стары анэкдот. “Сустракае мужык суседа і грозна пытае: “Ты спаў з маёй жонкай?!” Той адказвае: “Ты што, даражэнькі, нават у думках такога не было ні разу”. “Што, сволач, грэбуеш?” – і давай яго біць”. І жаданьне слухаць вашу хвалю зьнікае.

І яшчэ. Я зямляк, амаль сусед Лябедзькі. Памятаю, як яшчэ ў бытнасьць яго дэпутатам дзеючага парлямэнту на сустрэчы з выбаршчыкамі ў вёсцы “Будзёнаўка” яго спыталі, што ён зьбіраецца рабіць, калі скончацца яго паўнамоцтвы ў парлямэнце, ці вернецца ён назад у Ашмяны. Адказ яго цытую: “Я испробовал вкус большой политики. Мне очень понравилось. Это очень интересно. И теперь ничем кроме большой политики я заниматься не смогу”. Вось цяпер і прыходзіцца яму рабіць усё магчымае і немагчымае дзеля таго, каб трымацца ў гэтай, такой смачнай яму, вялікай палітыцы”.

(Спадар: ) “Учора пачуў сумную навіну – арыштавалі Мілінкевіча і яго саратнікаў, Калякіна, Бухвостава, Вячорку і г.д. Але таксама пачуў і радасную навіну. У “Народнай Волі” я прачытаў, што Смолава не паедзе на Эўрабачаньне, Міхаіл Фінберг і “Сябры” – неўязныя. Гэта добра, але мала. Трэба яшчэ байкатаваць “Славянскі базар”. І трэба забараніць спартоўцам выяжджаць і сюды не прыяжджаць. А то рэжым расьперазаўся”.

(Спадар: ) “Добры дзень, паважанае спадарства! Адкажыце, калі ласка, колькі можна падманваць народ? Колькі можна несьці такую бязглузьдзіцу на вашым радыё? Адумайцеся, бо народ усё бачыць і ўсё разумее!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG